1. Інтра

1. Інтра

Першая частка аповеду пра Стакгольм: колькі каштуе адправіць паштоўку, не той аэрапорт і шведскі рацыяналізм.

Гэтая ж частка ў Інстаграме: @padarozhny.

Знаёмства з новай краінай пачынаецца з пошты — з кожнай наведанай лакацыі я дасылаю паштоўкі палітвязням і вяду адмысловы індэкс паштовай маркі, то бок, кошт міжнароднай адпраўкі ў Беларусь.

Кошты ў USD указаны на момант адпраўкі, актуальны курс можа адрознівацца:

  • Данія: $7.04 (50 крон)
  • Швецыя: $3.42 (36 крон)
  • Ізраіль: $2.70 (10 шэкелей)
  • Польшча: $2.47 (10 злотых)
  • Чэхія: $2.21 (48 крон)
  • Сакартвэла: $2.10 (4.7 лары)
  • Літва: $2.05 (1.75 еўра)
  • Мальта: $1.61 (1.5 еўра)
  • Турэччына: $1.50 (30 лір)
  • Казахстан: $1.34 (700 тэнге)
  • Аўстрыя: $1.33 (1.2 еўра)
  • Нямеччына: $1.11 (0.95 еўра)
  • Чарнагорыя: $1.02 (0.95 еўра)
  • Албанія: $0.93 (90 лек)

Са Стакгольма паляцелі паштоўкі палітвязням у Жодзіна, Магілёў, Гомель, Баранавічы, Горадню, Бабруйск, Менск, Івацэвіцы і Віцебск.

Месцы ўтрымання – на момант адпраўкі, зорачкай пазначаны вязні, якія на момант публікацыі адпаведнага аповеду ўжо на волі.

Ганна Стражэвіч
Зьміцер Свічкароў
*Уладзімір Гарох
*Кацярына Бруханава
*Аляксандр Манцэвіч
*Рыгор Кастусёў
*Уладзімір Булаўскі
Андрэй Савінскі
*Аляксандр Зянькоў
Зьміцер Рэзановіч
*Галіна Краснянская
Зьміцер Гулін

З агульных назіранняў — знакамітая беларуская схільнасць да чысціні (на мой погляд, трохі маніякальная) магла б даць рады многім краінам Еўропы, бо ў некаторых гарадах, бывае, некалькі кіламетраў запар шукаеш сметнік. Швецыя у гэтым сэнсе цалкам норм.

Яшчэ склалася ўражанне, што шведы вельмі практычныя, і гэта заўважна ў розных бытавых дробязях.

Напрыклад, вось супермаркет, куды я хадзіў па ежу. Бывае ў вас такое, што вы расплаціліся і толькі пачалі распіхваць набытае па торбах, як у ваш бок ужо ляцяць прадукты наступнага чалавека?

І вы пачынаецце нервавацца, абы як утрамбоўваеце кансервіраваны гарошак паверх мяккіх памідораў, мяса кідаеце на фрукты, з яго там цяцэ ўсё, бутэлька з вадой поперак усяго гэтага, знізу пакет разразае пачка чагосьці, што вы планавалі пакласці зверху…

Шведы вырашылі гэтую праблему! Звярніце ўвагу на гэтую штуку — касір яе пераключае бы стрэлкі на трамвайных рэйках, і вось вашыя пакупкі едуць у левы бок, а пакупкі наступнага чалавека — у правы. Усе спакойна і няспешна разбіраюцца са сваімі прадуктамі, нікому не замінаючы і нікога не затрымліваючы.

Што да вандровак агулам, то ў мяне ёсць свядомы прынцып не асабліва іх планаваць. Гэта надае ім лёгкі флёр верагодных выпадковасцей.

Відавочна, не заўжды прыемных, але ж і далёка не крытычных. Напрыклад, я вельмі цешыўся знойдзеннаму адносна таннаму жытлу ўсутыч аэрапорту Bromma. Думаў, ну выдатна, можна будзе пешшу дайсці ад самалёта.

А потым трохі здзівіўся, што прыляцеў у аэрапорт Skavsta у 100 км ад Стакгольму.

Высвятлілася, што Wizz Air лятае менавіта туды, і магчыма, гэты аэрапорт увогуле існуе дзеля некалькіх рэйсаў на суткі.

Яшчэ з назіранняў — шведы шмат бегаюць, прынамсі, у лютым. Ледзьве не кожны раз як я спыняўся зрабіць здымак, хтосьці на імгненне патрапляў у кадр.

Часта сустракаў групы дзяцей пад пільным наглядам выхавальніц. Дзеці бадзёрыя, шумныя і апранутыя ў штосьці кшталту дарожных спяцовак — кожная група мае свой асабісты колер.

Шведскую мову я, відавочна, не ведаю, таму не скажу, як дакладна перакладаецца humlan. Але ж фанетычна “пуцін — humlan” гучыць досыць блізка да праўды.

Гэта мой адказ, у выпадку калі вы спытаеце “Як справы”.

Аповед пра Стакгольм:
1. Інтра
2. Шведская крона
3. Метро
4. Gamla Stan
5. Вікінгі і кальмары
6. Веліч і Ваза
7. Эра Свабоды
8. Шведскі нейтралітэт
9. Вальгала
10. Царквы
11. Шведскае мастацтва
12. Краявіды
13. Возера радасці

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).