2. Шведскія кроны

Разглядаем мясцовыя банкноты.

У мяне сфарміраваўся пэўны фетыш на папяровую валюту — заўжды цікава, хто дакладна размешчаны на купюрах розных наміналаў і чым гэтыя персоны альбо месцы адметныя, бо гэта падаецца найхутчэйшым спосабам пазнаёміцца з новай краінай.

1 даляр — прыблізна 10–11 шведскіх кронаў.

На 20 кронах — Астрыд Ліндгрэн, аўтарка Карлсана, і шмат яшчэ чаго адметнага ў свеце дзіцячай літаратуры.

На адваротным баку — правінцыя Смоланд, якая мусіць быць да спадобы беларускаму воку, бо складаецца з лясоў ды азёраў. Ну і таксама гэта радзіма спадарыні Ліндгрэн.

50 кронаў і Эверт Таўбэ — музыка, спявак і кампазітар.

Наскальныя рэльефы ў горадзе Танум — малюнкам некалькі тысячаў гадоў, яны ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны Юнэска.

Грэта Гарбо ўпрыгожыла сабой банкноту ў 100 кронаў — гэта шведска-амерыканская актрыса, зорка Галівуду 20–30 гг. мінулага стагоддзя.

На адваротным баку, уласна, Стакгольм.

Інгмар Бергман — сцэнарыст і рэжысёр тэатру і кіно.

Востраў Готланд, які акрамя сваіх прыродных прыгажосцяў мае стратэгічнае значэнне з пункту гледжання бяспекі Балтыйскага мора.

На 500 кронах оперная спявачка Біргіт Нільсан.

Эрэсунскі мост паміж Мальмё (пазначаны на мапе) і Капенгагенам. Досыць сімвалічна, улічваючы, што найбольш масштабныя войны ў сваёй гісторыі шведы вялі менавіта з датчанамі, у тым ліку, войны за незалежнасць.

Ну і, нарэшце, Даг Хамаршэльд — дыпламат і дзяржаўны дзеяч, які паспеў узначаліць ААН на пачатку яе стварэння, а таксама атрымаць Нобелеўскую прэмію міра.

Тэрыторыя Швеці, якая пазначана цёмным колерам на адваротным баку банкноты — казачная Лапландыя, край Палярнай ночы і Паўночнага ззяня з амаль не кранутай прыродай, у шведскай яе частцы жыве менш за 100 тыс. чалавек.

Усе пералічаныя вышэй асобы жылі ў 20 ст., а сама серыя банкнотаў была надрукавана ў 2015 г. Дарэчы, мінулая серыя ўзору 1995 г. распавядала пра іншых адметных персонаў шведскай гісторыі і культуры, але ж таксама складалася пераважна з дзеячаў мастацтва.

На відарысе ўзор кроны пачатку мінулага стагоддзя.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).