Чацвёртая частка прысвечана вікінгам, пачатку Шведскай дзяржавы і уніі з Даніяй і Нарвегіяй.
Тут у нас трохі артэфактаў эпохі вікінгаў з Музею гісторыі Швецыі.
Я не глядзеў аніводнага фільма пра вікінгаў і не ведаю дакладна, як там адлюстравана скандынаўская культура, але ж на ўсялякі выпадак адзначу, што акрамя войнаў і рабаванняў, вікінгі ладзілі гандаль.
Больш за тое, гандаль і быў іхнім асноўным заняткам. Прыярытэтным накірункам экспансіі была не столькі Заходняя, колькі Усходняя Еўропа – вікінгі кантралявалі Балтыйскае мора, кашмарылі балтаў і славянаў, па Дняпру даплывалі да Чорнага мора і Канстантынопаля, па Волзе – да Каспійскага мора.
Каля 800 г. паблізу сучаснага Стакгольма паўстаў найстарэйшы сярод вядомых шведскіх гарадоў – Бірка. Неўзабаве шведы яго цалкам пакінулі – дакладна невядома чаму, але нібыта міграцыя насельніцтва ў бок выспы Готланд адбылася праз прагу быць бліжэй да гандлёвага шляху.
Эрай вікінгаў лічыцца перыяд з 750 па 1100 гг., а завяршыла яго канчатковая хрысціянізацыя Швецыі. Ёй спрыяў першы кароль Швецыі – Олаф (Olof Skötkonung), які кіраваў краінай на мяжы 10 і 11 ст.
Каго дакладна лічыць першым каралём – пытанне дагэтуль дыскусійнае, бо Швецыя на той момант складалася з купы незалежных правінцый, і каралём мог сябе абвясціць хто заўгодна. Але ж у летапісы патрапіў менавіта Олаф.
Таксама складана зазначыць адзіную дату, з якой пачынае сваё існаванне Швецыя як дзяржава. Найбольш папулярная ідэя – адлічваць ад Олафа і, адпаведна, ад 11 ст.
Найстарэйшы дакумент, дзе Швецыя ўзгадана як каралеўства – указ Папы Рымскага аб усталяванні Шведскай епархіі (дыяцэзіі) з цэнтрам ва Упсале. Гаворка аб 1164 г.









Калі мы гаворым пра Скандынавію, то немагчыма прайсці поўз адной з галоўных з’яваў у гісторыі скандынаўскіх краін – Кальмарскай уніі, аб’яднанню Даніі, Швецыі і Нарвегіі пад адзінай каронай, што адбылося ў 1397 г. у шведскім горадзе Кальмар.
Вось так Швецыя выглядала тэрытарыяльна на той час.

Шведы штурхнулі краіну ў бок уніі самі падчас унутраных міжусобіц за ўладу – дваране выступілі супраць тагачаснага караля Альберта і паклікалі на дапамогу дацкую каралеву Маргарыту (са здзіўленнем, дарэчы, даведаўся, што ў Швецыі таго часу замужнія жанчыны мусілі пакрываць галаву).

Акрамя гэтага, ідэі аб’яднання ў межах уніі спрыялі розныя абставіны, у прыватнасці, на Усход актыўна прасоўваліся нямецкія княствы, і скандынавы паступова страчвалі ў Балтыцы свой уплыў і грошы.
Ну і, верагодна, на жаданне аб’яднацца паўплывала Чорная смерць – эпідэмія бубоннай чумы, якая выкасіла ад 50 да 75% насельніцтва Швецыі. Крыж на дзверах малявалі, калі ў доме быў выпадак чумы.
Дзверы гэтыя прысвечаны, праўда, эпідэміі чумы іншага часу – 1710 г. (гарадскі музей Стакгольму), а ўсталяваны былі на жытловым будынку ў Gamla Stan, які зруйнавалі ў 1785 г. – дзверы кудысьці занеслі да нейкага складу, таму яны захаваліся. Ну, яшчэ мо таму, што былі шмат разоў пафарбаваны маслянымі фарбамі – я калісьці ў інтэрнаце спрабаваў такія скалупнуць са сцяны – іх хрэн аддзярэш.



Што да ўніі – пэўна, у шведаў быў план на агульную знешнюю палітыку і высокі ўзровень аўтаноміі ва ўнутраннай, але ж неўзабаве яны заўважылі, што на ключавых адміністрацыйных пасадах стае ўсё больш датчанаў, падаткі павысіліся, а шведскія жаўнеры ваююць дзесьці ў Еўропе пераважна за дацкія інтарэсы.
Карацей, вось так атрымалася, што шведы дабраахвотна пагадзіліся на ўладу дацкай каралевы, каб наступныя 130 гадоў ваяваць за ўласную незалежнасць і выхад з уніі.
Датчане паспяхова гэтыя паўстанні давілі. Напрыклад, у 1361 г. паказальна выразалі кепска ўзброеннае насельніцтва выспы Готланд.
Шведы выбраліся з-пад дацкага ўплыву ў 1523 г. Нарвежцы – толькі ў 1814, але ж адразу патрапілі да ўніі са Швецыяй, і сваю незалежнасць атрымалі толькі ў 1905 г.



Напрыканцы распавяду гісторыю. За некалькі месяцаў да падарожжа ў Стакгольм я быў у Кракаве – стаяў у чарзе ў краме, а побач са мной былі два трохі падпітых хлопца, як потым высвятлілася, з Нарвегіі.
Яны спыталі, што я магу параіць з алкаголю – я адпавёў, што не асабліва п’ю, больш за тое, я і не мясцовы.
– So, where are you from?
– From Belarus.
– I have no idea what is it.
– There is literally several hundreds kilometers to the closest border. Our neighbours are Poland and Ukraine.
– Oh, I’ve got it! White Russia!
– Technically you’re right but that’s offensive for Belaruisan people. We’re not Russia, neither white, nor any else.
– Sorry bro, there is the same for us.
Я падумаў некалькі імгненняў і ўдакладніў:
– So, you mentioned you’re Danish?
– No, why??? We are from Norway!
– Is it not the same? We mostly now you country according to the Kalmar union. So, are you already independent? Congratulations!
У гэтую ігру амаль заўжды можна іграць удвох:) Што тут сказаць – шануйце ўласную незалежнасць, паважайце свабоду іншых.
Аповед пра Стакгольм:
1. Інтра
2. Шведская крона
3. Метро
4. Gamla Stan
5. Вікінгі і кальмары
6. Веліч і Ваза
7. Эра Свабоды
8. Шведскі нейтралітэт
9. Вальгала
10. Царквы
11. Шведскае мастацтва
12. Краявіды
13. Возера радасці








Leave a comment