6. Веліч і Ваза

Гэтая частка прысвечана перыяду росквіту Швецыі, які непасрэдна звязаны з каралеўскім родам Ваза.

Тут і далей – артэфакты з Каралеўскага арсеналу (калі не пазначана іншае).

Канец знаходжання Швецыі ў Кальмарскай уніі паклаў Густаў I Ваза. Вельмі супярэчлівая персона ў гісторыі Швецыі, і дагэтуль існуюць спрэчкі як да яго ставіцца – як да бацькі незалежнасці, альбо як да дыктатара.

Напрыклад, самога Густава ў 1523 г. на трон абралі, бо ў Швецыі да таго часу была выбарная манархія, а Густаў усталяваў спадчынную – яго нашчадкі правілі краінай наступныя сто трыццаць гадоў.

Дарэчы, не самая распаўсюджаная з’ява, бо ў Еўропе часцей улада перадавалася нашчадкам, а ў Расеі, напрыклад, увогуле ніколі не было выбараў манарха (але там і дагэтуль няма).

У любым выпадку, род Ваза – пэўна, адзін з самых вядомых і самых уплывовых у гісторыі Швецыі. Прынамсі, тры яго прадстаўнікі абіраліся на пасаду караля Рэчы Паспалітай: Сігізмунд, Уладыслаў і Ян Казімір.

На выявах ніжэй – герб роду Ваза, а таксама бюсты Яна Казіміра і ягонай жонцы Марыі Ганзага з Нацыянальнага музея.

З Густава Вазы ў Швецыі пачалася Рэфармацыя – краіна сыходзіла ад каталіцызму ў новую веру. Дакладна невядома, наколькі моцна Густаў пранікся ідэямі Марціна Лютэра, імаверна, асноўная ідэя была ў тым, каб канфіскаваць маёмасць царквы, цэнтралізаваць адміністрацыю і павялічыць падаткі.

Агулам, 17 ст. лічыцца росквітам Швецыі, прынамсі, яе баявой славы. Нашчадкі Густава, іншыя прадстаўнікі роду Ваза праз перамогу над маскавітамі атрымалі Інгрыю (правінцую, дзе сёння Санкт-Пецярбург), праз серыю паспяховых вайнаў супраць Рэччы Паспалітай – тэрыторыі сённяшніх краінаў Балтыі. У геаграфічным сэнсе Швецыя мела найбольш тэрыторый у сваёй гісторыі станам на 1658 г.

Тэрыторыі Швецыі на пачатак праўлення Густава I у 1523 і станам на 1658.

Найбольш вядомым каралём, пад вайсковым кіраўніцтвам якога шведы навялі нямала шуму ў Еўропе (у прыватнасці, паспяхова бралі Мюнхен, Нюрнберг, Франкфурт і г.д.) з’яўляецца Густаў II Адольф. Менавіта з яго каранацыі ў 1611 і ў наступныя сто гадоў Швецыя класіфікуецца гісторыкамі як імперыя.

Я накіраваўся да музея Вазы, разлічваючы бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі гэтага роду, а на месцы высвятліў, што ўвесь музей прысвечаны… караблю.

Справа вось у чым – Густаў II загадаў зрабіць новы флагман Шведскага флоту. Назву “Ваза” ён даў (прынамсі, афіцыйна) на гонар свайго магутнага продка, ужо ўзгаданнага Густава I.

Як і належыць флагману, акрамя процьмы ўзбраення, карабель быў багата дэкарыраваны.

Леў быў на гербе роду Ваза, адпаведна, быў і на носе – як сымбаль адвагі, моцы і каралеўскага блаславення.

Будаўніцтва пачалося ў 1625, а 10 жніўня 1628 “Ваза” выйшаў са Стакгольму каб накіравацца на поўдзень – найбольш буйны і узброенны карабель шведскага флоту мусіў прыняць асабіста кароль, які ў той момант ваяваў у Польшчы супраць РП.

У гэты дзень было сонечнае і яснае надвор’е, але ўжо прыкладна цераз 50 км “Ваза” пачаў тануць. На сайце музея ўзгадана, што карабель амаль на сто адсоткаў арыгінальны і рэстаўраваны незначна – не дзіва, бо флагман не паспеў прыняць удзел у хоць якім баі альбо атрымаць пашкоджанні якім-небудзь іншым чынам. Так новенькім і сышоў пад ваду.

Адказных за такі катастрафічны касяк Каралеўскі суд так і не вызначыў, а галоўнай прычынай лічацца памылкі ў праэктаванні – на той момант у Еўропе дамінавалі англійская і галандская школы судабудаўніцтва, шведы намагаліся ўзяць лепшае ад абедзвюх, ды яшчэ і спяшаліся як мага хутчэй парадаваць караля.

Мне падаецца гэтая падзея вельмі сімвалічнай. “Ваза” затануў у 1628 г. У 1630 Швецыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну – якая пачалася як вайна каталікоў супраць пратэстантаў, і якая насамрэч мусіць мець назву Першай сусветнай, бо ў яе былі ўцягнуты амаль усе Еўрапейскія дзяржавы і па яе выніках загінула ад 5 да 7 мільёнаў чалавек.

Шведы бадзёрым маршам праходзіліся па Цэнтральнай Еўропе, атрымоўваючы адну перамогу за іншай. Але ў 1632 г. падчас бітвы пры Лютцэне (горад каля Лейпцыга) Густаў Адольф атрымаў смяротнае параненне.

Так улада перайшла да Крысціны – ягонай адзінай дачкі. Паводле звычайнай практыкі тых часоў, калі кіраўнікамі дзяржаваў неперадугледжана ставалі дзеці, то да пэўнага ўзросту фактычная ўлада належыла рэгенцкаму савету.

Далей – некалькі выяваў з музею Hallwyl.

У 1644 г. Крысціна афіцыйна заступіла на трон. У статусе каралевы Крысціна выявілася заступніцай мастацтва і навук: напрыклад, яна шмат заплаціла за імпарт у Швецыю 600 карцін і скульптур з Італіі (іх усе выкралі па дарозе ў Празе), таксама запрасіла ў краіну многіх вядомых дзеячаў культуры.

Найбольш вядомым з гасцей быў Рэнэ Дэкарт – адзін з заснавальнікаў сучаснай філасофіі і, напрыклад, аналітычнай геаметрыі.

Дэкарт прыехаў у Стакгольм, і штодзень а пятай раніцы мусіў пешшу хадзіць у палац каб даваць Крысціне ўрокі філасофіі. Не дзіўна, што ўжо ў лютым ён падхапіў пнеўманію і памёр.

Я таксама наведаў Стакгольм у лютым – падцверджваю, там сабачы холад.

Нягледзячы на незаўсёды паспяховую дзейнасць, у Еўропе Крысціну прызнавалі як “Мінерву Поўначы” – на гонар старажытнарымскай багіні, заступніцы мастакоў, пісьменнікаў і музыкаў.

Для гісторыі Швецыі яна, канешне, адметна зусім іншым, бо здзейсніла найбольш скандальны ўчынак таго часу – публічна адмовілася абірацца шлюбам і нараджаць нашчадка, перадала карону стрыечнаму брату і з’ехала са Швецыі вандраваць па кантынентальнай Еўропе. Што найгорш – публічна перайшла з лютэранства ў каталіцызм.

Ніхто дакладна не ведае, што падштурхнула яе да гэтых дзеянняў. Нібыта, з дзяцінства дзяўчынка мела праблемы ў камунікацыі з іншымі людзьмі, больш цікавілася астраноміяй і рэлігіяй (у пэўны момант вырашыла вывучыць усе існуюцыя ў свеце), чым дзяржаўнымі справамі.

У любым выпадку, менавіта на ёй завяршылася (разбілася) 130-гадовая гісторыя дынастыі Ваза. А неўзабаве і шведскае дамінаванне ў Еўропе.

Аповед пра Стакгольм:
1. Інтра
2. Шведская крона
3. Метро
4. Gamla Stan
5. Вікінгі і кальмары
6. Веліч і Ваза
7. Эра Свабоды
8. Шведскі нейтралітэт
9. Вальгала
10. Царквы
11. Шведскае мастацтва
12. Краявіды
13. Возера радасці

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).