7. Эра Свабоды

Як буйная ваенная параза трансфармавала магутную імперыю у нейтральную нацыянальную дзяржаву?

Вы чулі назву “Тре крунур”? Я, пэўна, упершыню пачуў, што так называюць зборную Швецыі па хакею (вітанкі алдам з 2002 г. ад шайбы Копаця).

Але чаму, уласна, Тры кароны, ніколі не задумываўся. Загугліў, чаму менавіта ён з’яўляецца гербам Швецыі, знайшоў з тузін розных варыянтаў.

Але ж музей Tre Kronor у Каралеўскім палацы да гэтых вашый Вікіпедый досыць бязлітасны.

Я штосьці тупануў і не сфоткаў макет, які быў там усталяваны, таму вось відарыс з сайту. Атрымоўваецца, дзякуючы гэтай цэнтральнай вежы, на якой мясціліся тры кароны, і ўтварылася ўстойлівая назва.

Замак шмат разоў зазнаваў пажары, а апошні, у 1685 г. быў настолькі разбуральным, што ўсё прыйшлося перабудоўваць.

Дарэчы, у мінулай частцы, прысвечанай каралеўскаму роду Ваза, я распавядаў, што ў 1628 г. затануў флагман шведскага флоту, у 1632 г. быў забіты кароль Густаў II, у 1654 г. каралева Крысціна адмовілася ад трону, і на ёй абарваўся род Ваза.

А тут яшчэ і галоўны будынак дзяржавы згарэў. Як тут не паверыць у лёс?

У перабудаваным варыянце сярэдзіны 18 ст. та самая башня ўжо адсутнічала. Вось так былы замак, а цяпер ужо Каралеўскі палац, выглядае сёння.

Так, ну і пад выявы яго ўнутранага хараства трохі распавяду пра Швецыю 18-19 ст., у прыватнасці, пра асноўную тэму гэтай частцы.

Мінулыя часткі аповеду былі прысвечаны станаўленню Швецыі як імперыі, яе вайсковым перамогам і тэрытарыяльным заваяванням. Цягам 17 ст. Швецыя здолела заваяваць шмат зямель, але ж згубіла процьму людзей, і ўрэшце рэшт настроіла супраць сябе ўсіх суседзей.

З 1699 па 1721 адбылася Вялікая Паўночная вайна. Нам у асноўным яна вядома праз бітву пры Палтаве ў 1709 г., але ж да гэтага шведы паспелі разграміць рускіх пры Нарве, разграміць датчан і падпісаць з імі сепаратны мір, ганяцца па ўсёй Еўропе за войскам Саксоніі, узяць Гродна, Мінск, Магілёў і процьму іншых гарадоў.

Кароль Карл XII, які ўзначальваў войска, не паслухаў сваіх дарадцаў і не ўлічыў, што адна справа – ваяваць пасярод развітой Еўропы, іншая – кашмарыць рускіх пасярод пустэчы. Пётр I у гэтай вайне паказаў сябе кепскім паўкаводцам, але агулам файным стратэгам – ён (магчыма) упершыню застасаваў тактыку “выжжанай зямлі”, спаліў, адступаючы, свае і нашыя гарады, а пакуль шведы цягам сямі гадоў ваявалі з саюзнікамі маскавітаў, будаваў караблі і збіраў войска.

У першыя гады вайны пад кіраўніцтвам Карла XII шведская армія з 9 генеральных бітваў 9 жа разоў выйшла пераможцам (не ўлічваючы асады і мелкія сутычкі). Дзесятая была пад Палтавай – пасля чаго шведскае сухапутнае войска фактычна перастала існаваць.

Пазней на Балтыцэ быў разгромлены шведскі флот і каля Стакгольму праводзілі манёўры то расейскія караблі, то ангельскія, то нідэрландскія. Па выніках вайны расея абвясціла сябе імперыяй, а Швецыя згубіла ўсе свае тэрыторыі ў кантынентальнай Еўропе, якія цярпліва заваёўвала паўтара стагоддзі да гэтага.

Карл XII да гэтага не дажыў – падчас асады нарвежскай крэпасці Фрэдэрыкстэн у лістападзе 1718 г., ён атрымаў кулявое параненне, праз якое неўзабаве памёр.

Тут у нас непасрэдна ягоны мундыр, а таксама вядомая карціна шведскага мастака Gustaf Cederström ад 1884 – вяртанне цела Карла XII дамоў.

20 гадоў супасташальнай вайны моцна змянілі шведскае грамадства. У прыватнасці, шведы былі вымушаны пераасэнсаваць логіку існавання ўласнай імперыі – наколькі ўвогуле войны і заваяванні адпавядаюць інтарэсам і дабрабыту уласнага грамадства?

Што лепш – займацца развіццём уласнай краіны альбо ваяваць за нейкую абстрактную веліч?

Перыяд пасля 1721 пазней у Швецыі назавуць Эрай свабоды – улада змянілася на парламенцкую, а кароль стаў выконваць з большага дыпламатычна-фармальныя абавязкі. Было ўведзена нават выбарнае права, у тым ліку і для сялянаў, якія таксама былі прадстаўлены ў Парламенце – няхай і не ўсеагульнае, але ж штосьці кшталту прота дэмакратыі.

Больш за тое, варта дадаць, што Швецыя была ледзьве не адзінай дзяржавай у Еўропе, дзе ўвогуле не было прыгоннага права, а сяляне ўтваралі сабой паўнавартаснае саслоўе – чацвёртае, пасля звыклых духавенства, дваранства і гандляроў-рамеснікаў.

Эру Свабоды трохі пахістнуў Густаў III, які падчас свайго праўлення ў 1771-1792 з аднаго боку паспрыяў адкрыццю Каралеўскіх Тэатра і Каралеўскай Оперы, а з іншага – правёў шэраг рэформаў на узмацненне сваёй улады, падпісаў планы на каланізацыю Аўстраліі і па старой памяці атакаваў расейцаў – каб вярнуць частку страчаных раней фінскіх тэрыторый.

Гэта карціна французскага мастака Louis Jean Desprez – на ёй Густаў III наведвае Вялікдзень у Рыме, у саборы Святога Пятра.

Імаверна, Густаў III, які быў вялікім прыхільнікам рыцарскіх турніраў і агулам усёй гэтай вайсковай эстэтыцы, марыў аднавіць былую славу дзяржавы, але ж унутры краіны гэтая ідэя прыйшлася да спадобы не ўсім. Так, 113 шведскіх афіцэраў направілі да Кацярыны II с папярэджаннем пра атаку – вайна хутка скончылася, а ў 1792 у оперы Густава застрэліў былы афіцэр каралеўскай аховы.

З цікавага яшчэ дадам, што ў 1809 шведскія дваране паклікалі на пасаду караля напалеонаўскага маршала Жана Баптыста Бернадота. За некалькі гадоў да гэтага Швецыя практычна без бою саступіла рускім рэшту Фінляндыі – шведскія дваране разлічывалі такім чынам гарантаваць краіне падтрымку Францыі.

Але Бернадот узяў ды і падмануў усіх – разумеючы, што імперыя, якую Напалеон выбудоўваў у Еўропе, неўзабаве нагнецца, далучыўся да шырокага кола альянсу супраць свайго былога кіраўніка.

Вось такія перыпетыі – хто бы ўвогуле мог падумаць, што сын адваката з маленечкага гасконскага гораду По (на мяжы сучасных Францыі і Іспаніі) стане заснавальнікам каралеўскага роду ў Швецыі на бліжэйшыя як мінімум 200 гадоў – род Бернадотаў кіруе (хоць ужо і фармальна) Швецыяй дагэтуль.

Гэта кавалак скромных апартаментаў Бернадота ў Каралеўскім палацы.

Такім чынам, пасля разгрому ў вайне Швецыя страціла статус імперыі разам з тэрыторыямі, дзе жылі прадстаўнікі іншых народаў. Вайсковая веліч засталася ў гісторыі, а краіна пераарыентавалася на развіццё мастацтва і навук, пашырэнне грамадзянскіх правоў і протадэмакратычных інстытутаў і агулам паляпшэнне дабрабыту ўласных жыхароў.

Зычу нам усім, каб як мага хутчэй аналагічны працэс адбыўся і з расейцамі. Не забывайце данаціць у ЗСУ.

Аповед пра Стакгольм:
1. Інтра
2. Шведская крона
3. Метро
4. Gamla Stan
5. Вікінгі і кальмары
6. Веліч і Ваза
7. Эра Свабоды
8. Шведскі нейтралітэт
9. Вальгала
10. Царквы
11. Шведскае мастацтва
12. Краявіды
13. Возера радасці

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).