У гэтай частцы распавядаю як выпадкова зазірнуў у Вальгалу.
Трохі больш за год таму быў ва Іерусаліме. Пад канец падарожжа, калі ўжо большасць цікавага для сябе пабачыў, бадзяўся проста па гораду: прайшоў нейкі парк невялічкі, паглядзеў на захаваўшыся з 18 ст. млын, а далейшага плана ў мяне не было – таму вырашыў праз нейкую даліну па шырокай дузе выйсці да Старога гораду, які бачыў дзесьці ўдалечыні.
Ішоў сабе, але неўзабаве і сцежка пад нагамі скончылася, і GPS залагаў, і ў пэўны момант я ўвогуле страціў разуменне, дзе знаходжуся. Думаю, ну і халера з ім, гадзіну-дзве можна проста ісці наперад, а там куды-небудзь да выйду.
Ламіўся праз нейкія кусты і камяні, уключыў ліхтарык на тэлефоне, бо не бачыў што пад нагамі – чым далей, тым часцей пад ногі траплялі нейкія косткі. Думаў мо ўжо вяртацца абратна, але ж выйшаў да нейкіх напаўразбураных мураў, і ад іх ужо пабачыў сцежку ўніз да аўтамабільнай дарогі – так я зразумеў, што выпадкова забраўся трохі на ўзвышша.
Пасядзеў на нейкіх каменях, папаліў, адпачыў ды папёрся ўніз. Машын амаль не было, але ж па гэтай дарозе дзесьці за паўгадзіны вярнуўся ў цывілізацыю.
А потым з дапамогай мясцовых і мапаў нарэшце высвятліў, дзе ж я знаходзіўся.
Геена вогненная!
Я ўвогуле быў перакананы, што гэта абстрактны выраз з рэлігійных тэкстаў, а высвятлілася, што сапраўды такое месца існуе.
Дзесьці яно лічыцца пеклам, а дзесьці пляцоўкай, з якой пачнецца Апакаліпсіс і будзе адбывацца Страшны суд. А я там сядзеў, паліў і думаў, дзе бы пажэрці.
Узгадаў вось гэтую гісторыю, калі выходзіў са станцыі Karlaplan, пабачыў вось такое. Я ўвогуле ішоў у іншае месца, але ж калі я ўжо быў у Геене вогненнай, то як можна праігнараваць Вальгалу?

Такім чынам, у Вальгалу я патрапіў выпадкова (пэўна, як і усе). Высвятлілася, што гэта проста вуліца для шпацыраў (здаецца, найдаўжэйшая ў Стакгольме), якую заклалі ў 19 ст.
Паводле скандынаўскай міфалогіі, у Вальгале адбываецца няблагі такі пір для загінулых у бітвах ваяроў.
Тут нічога масштабнага не заўважыў, але ж пажэрці таксама ёсць дзе.


Урэшце гэтая вуліца ўтыкаецца ў Каралеўскі нацыянальны парк – найбуйнейшы ў свеце (прынамсі, так на стэндзе ля ўваходу зазначана).
Мо дзесьці тут і мусіць пачынацца сапраўдная Вальгала.
Помнік прысвечаны шматгадовым дэманстрацыям стакгольмскіх рабочых.



Насамрэч, на гэтай вуліцы я няшмат што сфатаграфаваў, але тэму Сярэднявечча варта нечым закрыць, таму адсюль, з Вальгалы, мы з вамі рушым у бок музея Skansen – гэта буйны комплекс з будынкаў, якія імітуюць шведскі сярэдневяковы лад жыцця.
Па дарозе сустрэнем музей Nordiska – я чамусьці вырашыў туды не завітваць, але ўжо не ўзгадаю чаму.



Усутыч з музеем могілкі.
Маю ўвагу прыцягнуў вось гэты мемарыял – з пэўнага моманту мяне пачалі моцна трыгерыць імёны на помніках розным гістарычным падзеям, калі-небудзь мо варта асобна пра гэта напісаць.
Ноччу 28 верасня 1994 г. затануў паром MS Estonia, які накіроўваўся з Таліна ў Стакгольм, праз што загінула 852 чалавека (137 уратаваліся). Па колькасці ахвяраў падчас крушэння цывільнага марскога транспарту гэта трэцяя ў свеце і першая ў Еўропе трагедыя.
Вакол трагедыі існуе шмат канспіралагічных тэорый, бо дагэтуль не ўсталяваны стоадсоткавыя прычыны крушэння.




У гэтым блоке ў мяне ёсць адна гісторыя.
Гісторыя аб смяротным пакаранні за ведзьмарства. У параўнанні з кантынентальнай Еўропай, тут гэтая практыка была не надта распаўсюджанай.
Так, цягам 15-18 ст. былі забіты толькі каля 400 чалавек, пераважна жанчын (“толькі” – у параўнанні з Заходняй Еўропай, дзе гэтая колькасць склала да 50 тыс.).
У 1702 г. шведы забаранілі гэтую практыку асобным законам, а пераважная большасць выпадкаў прыйшлася на 1668-1676 гг, у гэтак званы перыяд “Вялікага шуму”. За восемь гадоў забілі каля 300 чалавек (70-80% усіх ахвяраў).
Як так увогуле адбылося? А справа вось у чым – у адной шведскай правінцыі пасвілі козачак дзяўчынка і хлопчык. Яны пасварыліся і дзяўчынка-пастух наваляла хлопцу-пастуху.
Хлопец пажаліўся на гэта мясцоваму пастару і распавёў, што на ўласныя вочы бачыў, як дзяўчынка хадзіла па вадзе.
А дзяўчынка ў сваю чаргу распавяла, што яна хадзіла па вадзе пры дапамозе магіі, бо яе суседка аднойчы ўзяла яе з сабой на шабаш ведзьмаў да скалы пасярод мора – Блокула (выспа Blå Jungfrun), дзе жыве сам Д’ябал, які і надаў ёй такія здольнасці.
Суседку звалі Märet Jonsdotter, у яе была яшчэ і пляма на мізінчыке, што дало суду дадатковых аргументаў звінаваціць яе ў ведзьмарстве.












Больш за тое, віну Марэт падцвердзіў яе ўласны бацька – там быў нейкі люты замут у стылістыцы бразільскіх серыялаў, бо пасля смерці жонкі ён хацеў ажаніцца на сваёй дачцэ, але ж быў збіты адным з яе кавалераў.
Карацей, Марэт не прызнала сваю віну, але ж усё роўна была пакарана смерцю. Гэтая гісторыя імгненна разышлася па ўсёй Швецыі, і раптам па ўсіх яе закутках знаходзілася ўсё больш і больш сведкаў таго, што хтосьці з суседзяў ганяў на шабаш да Д’ябала.
Працягвалася гэта, пакуль у сітуацыю не ўключылася дзяржава – з 1676 г. усе справы па ведзьмарстве рэгіянальныя суды мусілі перадаваць у адзін цэнтральны, а ўсім царкоўным дзеячам краіны была пастаўлена задача зладзіць усеагульную малітву з падзякай Богу, за тое што выгнаў са Швецыі ўсіх ведзьмаў.
У гарадскім музее Стакгольму на гэтую тэму вось такая інсталяцыя – распавядаюцца гісторыі сямі засуджанных жанчын, а замест твараў для поўнага пагружэння ўсталявана люстэрка.

Вось, дарэчы, дайшлі да Skansen.















Leave a comment