У гэтай частцы распавядаю пра царквы Стакгольму: вяселлі, пахаванні, датчане ў выглядзе цмока, а таксама нечаканыя песні пад гітару.
Шведы лічацца адным з найбольш атэістычных народаў свету (дакладныя лічбы істотна вагаюцца ў залежнасці ад апытанняў), але ж большасць вернікаў складаюць лютэране.
Я досыць слабы ў пытаннях рэлігіі: ведаю пра наяўнасць мноства розных накірункаў у хрысціянстве, але не ўяўляю, чым яны паміж сабой адрозніваюцца.
Пра лютэранства я хоць штосьці ведаю выключна праз асобу Марціна Лютэра – нямецкага святара, якому не надта падабалася фінансавая палітыка і заробкі каталіцкай царквы, у прыватнасці, практыка індульгенцый.
У 1517 г. ён сфармуляваў усё, што думае на гэты конт, а аркуш паперы з напісанымі думкамі прыбіў да дзвярэй сваёй царквы.
Для 16 стагоддзя гэта было недасяжным вальнадумствам, а дакладней, ерассю – Лютэра адлучылі ад царквы і абвясцілі ератыком, але ж праз адносна вялікую колькасць прыхільнікаў сваіх ідэяў, ён здолеў дажыць да сталога ўзросту і памерці сваёй смерцю.
Адпаведна, праз Лютэра пачалася Рэфармацыя – раскол каталіцкай царквы, зараджэнне ўжо ўзгаданных вышэй розных плыняў хрысціянства, ну і, канешне ж, рэлігійныя войны.






Выключная большасць рэлігійных установаў у Швецыі – менавіта лютэранскія. Далей пройдземся па найбольш адметным з іх.
Пачаць аповед хацеў бы са Storkyrkan – Вялікая царква, альбо царква Святога Мікалая, якая знаходзіцца ў самым цэнтры Gamla Stan – Старога горада.






Менавіта тут адбываліся каранацыі і вяселлі шведскіх каралёў. Лічыцца найстарэйшай царквой Стакгольму, будаўніцтва пачалося яшчэ ў 13 ст. – то бок яна з’яўляецца равесніцай самога гораду.
Звонку усталяваны помнік Біргеру Ярлю, дакладней, Біргеру Магнусану, бо ярл – гэта тытул. Гэты чалавек фактычна кіраваў дзяржавай, ён з’яўляецца заснавальнікам як царквы, так і самога Стакгольму.
Раней я там узгадваў пра Рэфармацыю – менавіта з гэтай царквы пачалося распаўсюджванне лютэранства ў Швецыі. Тут жа ў 1525 упершыню правялі службу на шведскай мове замест латыні.
Можна тут пабачыць і магільныя пліты некаторых выбітных шведскіх дзеячаў – пахаванне наўпрост у царкве лічылася найбольш прэстыжным, пакуль такая практыка не была скасавана ў 19 ст.
Гэта святы Георгій рубіць галаву цмоку – амаль чатырохметровы помнік выкананы ў 1489 г. па загаду Стэна Стурэ, тагачаснага кіраўніка Швецыі.


Насамрэч, помнік мае не столькі рэлігійнае значэнне, колькі палітычнае.
Справа ў тым, што Швецыя ў рамках Кальмарскай уніі каля 150 гадоў падпарадкоўвалася Даніі. Войска Стурэ разбіла датчан у бітве пры Брункебэрге – гэтая перамога стала асноўнай падзеяй на шляху шведаў да незалежнасці. Таму Святы Георгій (якога шведы лічылі сваім заступнікам) тут насамрэч сімвалізуе самога Стэна Стурэ, а цмок сімвалізуе датчанаў.






Шведы, відавочна, здрадзілі б сабе, каб не заперлі ў царкву карабель.

Гэта Oscarskyrkan, альбо царква Оскара – на гонар тагачаснага караля Швецыі Оскара II. Пабудавана на пачатку 20 ст.


Царква Густава Вазы (Gustaf Vasa kyrka) збудавана ў першай палове 18 ст. і названа на гонар, адпаведна, яшчэ аднаго шведскага караля.
Дарэчы, у Стакгольме цягам некалькіх дзён у розных царквах я выпадкова патрапіў на пахаванне і вяселле. Як спяваў Макарэвіч, усё нашае жыццё – і там, і тут.
Пахаванне па зразумелых прычынах не здымаў, а вось тут вяселле. Хай шчасціць маладзёнам!




А вось тут натрапіў на пахаванне, у царкве Катарыны (Katarina kyrka) – на гонар шведскай каралевы з дынастыі Ваза (у мінулай падборцы распавядаў пра яе і пра гэты род).
Царкву пабудавалі ў 17 ст., яна некалькі разоў была знішчана праз пажар – апошні раз нядаўна, у 90-ыя.


Рыдархольмская царква (Riddarholmskyrkan) сваю назву атрымала праз назву выспы, а не канкрэтнага караля – што цалкам лагічна, бо для шведскіх манархаў гэтае месца з’яўляецца пахавальней. Адзін з самых старых будынкаў Стакгольму, які вядзе сваю гісторыю яшчэ з 13 ст.
На сённяшні дзень тут ладзяцца толькі памінальныя службы. На жаль, я не здолеў патрапіць унутр, бо царква зачынена для турыстаў у халодны час года.


Карацей, мне доўга не шансіла з тым, каб разгледзець як царквы абсталяваны знутры, бо яны былі альбо зачынены, альбо заняты больш важнымі, чым мой турыстычны інтарэс, справамі.
Атрымалася зазірнуць у царкву Högalid – не знайшоў, як транслітэраваць на кірыліцу Högalidskyrkan, але назва таксама прывязана да геаграфіі. Але ж падчас майго наведвання трывала рэканструкцыя, ды і ўнутры было даволі сціпла (што характэрна для цэркваў рэфарматарскіх плыняў).




Бадай што самы цікавы выпадак здарыўся тут, у царкве Святой Клары (Clara kyrka). Як я ўжо пазней даведаўся, гэтая царква 16 ст. напрыканцы 80-ых была перадана пад кіраўніцтва Шведскай евангельскай місіі (EFS).
Гэта так званы “low-church” рух, які фармальна належыць да царкоўнага, але ж амаль не займаецца звыклымі нам царкоўнымі рытуаламі. А ладзіць розную сацыялку-гуманітарку – EFS, у прыватнасці, аб’ядноўвае дзесяткі місіянерскіх праэктаў.




Таму не дзіўна, што ў будынку царквы было шмат бяздомных, якім там бясплатна давалі ежу і прытулак, шмат хто з іх наўпрост спаў на скамьях.
Ну, то бок, для мяне на той момант ужо гэта было дзіўна. Але нашмат больш я здзівіўся, калі адзін з бяздомных выйшаў на месца, дзе звычайна знаходзіцца алтар, дастаў аднекуль гітару і пачаў спяваць.
Я сыходзіў адтуль з думкай, што мо ў гэтым і ёсць сэнс царквы як сацыяльнага інстытута – дапамагаць усім, хто патрабуе дапамогі?








Аповед пра Стакгольм:
1. Інтра
2. Шведская крона
3. Метро
4. Gamla Stan
5. Вікінгі і кальмары
6. Веліч і Ваза
7. Эра Свабоды
8. Шведскі нейтралітэт
9. Вальгала
10. Царквы
11. Шведскае мастацтва
12. Краявіды
13. Возера радасці








Leave a comment