Апошняя частка пра Стакгольм, у якой перадаю прывітанні з Возера Смутку.
Так, “Возера радасці” – гэта відавочная адсылка да кнігі Віктара Марціновіча. Дарэчы, чыталі? Калі не, не страшна, заре распавяду.









Пачну вось з чаго – з Беларусі я з’ехаў процьму часу таму. На плыні настальгіі ў мяне з’явілася адна ўласцівасць, якая асабліва яскрава праяўлялася ў нецвярозым стане – у якім бы дакладна месцы я не знаходзіўся, у пэўны момант я вырашаў, што ўсім наўкол мяне вельмі цікава даведацца як мага больш пра Беларусь.
Здаецца, людзі не асабліва гэтую зацікаўленнасць праяўляюць, але мо гэта таму, што ім сорамна запытаць?
А навошта саромецца, калі я ўжо тут?

Уласцівасць гэтая рэгулярна знаходзіла не самыя відавочныя выхады: я прымушаў дагестанцаў пець са мной у караоке “Грай” Ляпіса, індусаў – танцаваць пасярод вуліцы пад “Тры чарапахі”, прачытаў з сотню лекцый па гісторыі Беларусі (пераважна ў барах), пасля 20-га – збіраў з іншаземцаў данаты на нашыя фонды.
Ды шмат чаго было. Мо, канешне, кепска, што ўсё гэта было трохі гвалтоўным з майго боку, але ж хіба беларусізацыя можа быць іншай?

Вы спытаеце, а пры чым тут увогуле кніга Марціновіча?
Усё проста – аднойчы мы з маім сябрам-грузінам не здолелі знайсці пасярод начного Тбілісі адкрыты бар, і вырашылі працягнуць піць у нейкай стрыпухе.
Стрыпухі я максімальна не паважаю, бо, з аднаго боку, што я там не бачыў, з іншага – алкаголь па коштах х10 ад звычайных. Але ж душа прагнула працягу свята, а іншага выбару ў нас не было.
Як толькі мы занялі столік, у наш бок грацыёзнай паходкай накіраваліся дзве тыгрыцы (ці тыгрыні?) – звычайна справа, бо кліент сам сябе на грошы не развядзе, а спадарыням трэба выпіць, спадарыням трэба патанцаваць.
Да мяне падсела зусім малодзенькая грузінка, з якой мы па-ангельску абмяркоўвалі ўсялякія дробязі і паліравалі шампанскім піва, пакуль каля майго вуха не прамурчала запаветнае “прыват”.
Я кажу, Божухна, ну куды ты, дзяўчо, на якую халеру мне твой прыват, мне ж не 18 ужо. Не, гэтай ноччу нас з табой чакае нашмат больш інтымная рэч – сучасная беларуская літаратура. Даставай ручку, адкрывай сшытак, запісвай тэму ўрока.

У прыватнасці, распавёў пра сюжэт “Возера Радасці” – маўляў, у галоўнай гераіні таксама быў перыяд, калі яна працавала гэтак званым “матыльком” у начных клубах, як і ты зараз.
Агулам цягам усяго сюжэту яна праходзіць праз шэраг розных жыццёвых іспытаў, пачынаючы з самага дзяцінства, калі яе маці памірае, а бацька аддае дзевяцігадовую дзяўчынку ў дзіцячы прыют.
Але ёй дапамагае трымацца пачутая ад маці гісторыя пра Возера Радасці і прага дасягнуць гэтага самага метафарычнага Возера надае ёй сілы рухацца далей.
Глядзі, кажу, як там пра гэта напісана.
“Дабрацца да Возера Радасці вельмі проста” – пачаў я. You may easily reach the Lake of Happiness.
Не, кажу, фігня нейкая, на ангельскай увогуле не тое. Я потым табе агульны сэнс перакладу, але ты паслухай проста як гэта на маёй мове гучыць, бо гэта ж суцэльны раз’ёб.
Дабрацца да Возера Радасці вельмі проста – трэба сесці ў човен і плыць ад Возера Сненняў па дыяганалі, але галоўнае – не спяшацца і не збіцца з дарогі, іначай трапіш у Lacus Doloris – Возера Смутку, адкуль вельмі складана выплысці, бо ў смутку загразаюць вёслы, увесь час хочацца спаць і апускаюцца рукі.

І вось я ў Стакгольме шпацырую ўздоўж берага чарговай выспы (іх усяго 14, з якіх складаецца горад), раблю здымкі возера Меларэн, якое пяшчотна абмывае гэта горад, і раптам разумею – дык вось жа яно, сапраўднае Возера радасці.
Хіба тут можна быць нешчаслівым? Упэўненасць у будучыні, спакой, перспектывы, дабрабыт. Возера радасці. Краіна для жыцця.









Адзінае што, калі плывеш на Ладдзі Роспачы, то яе складана прышвартваць дзесьці так, каб не цягнула вярнуцца.













Маё Возера Радасці засталося дзесьці далёка. Дзесьці там, дзе ўласна радасці з кожным годам усё меней і меней.
Дзесьці там, дзе Балота стабільнасці.
Дрыгва акупацыі.
Багна абыякавасці.

Я, канешне, не веру, што калісьці атрымаецца туды вярнуцца – шчыра перакананы, што са свайго Возера Смутку мы ўжо не выплывем.
Але ж варта плыць.
На гэтым са Стакгольмам усё, дзякую за ўвагу!








Leave a comment