1. Інтра

1. Інтра

Першыя ўражанні ад Балкан і кошт паштоўкі ў Беларусь.

У Албаніі я паспеў наведаць толькі Тырану – спадзяюся, што будзе магчымасць вярнуцца сюды яшчэ раз, каб аглядзець і іншыя гарады, прынамсі, узбярэжжа. Я быў тут у чэрвені 2023 г. і Албанія стала для мяне першай балканскай краінай.

Бездань майго невуцтва і апантанасць стэрыятыпамі сфарміравалі досыць нізкія чаканні: у маім уяўленні Балканы мусілі быць увасабленнем панурых шматпавярховак – нашчадкаў архітэктурнага і побытавага бруталізму камуністычнай эпохі – з такімі ж панурымі людзьмі, што дагэтуль працягваюць рэзаць адзін аднога паводле рэлігіі і нацыянальнасці. Як-ніяк парахавая бочка Еўропы, што ж тут зробіш.

Але досыць нечакана для сябе я апынуўся ў файным горадзе з прыемнымі людзьмі: тут табе і гістарычныя цікавосцікі, і паркі ўсялякія, і агулам нейкае адчуванне спакою. Людзі ветліва пасміхаюцца, упэўнена валодаюць ангельскай, навокал бадзёра будуюцца шматпавярховікі – мяркую, гадоў праз пяць-дзесяць будзе цукерка, а не краіна.

Албанія менш за Беларусь прыкладна ў 7 разоў па плошчы, і прыкладна ў 3 разы па насельніцтву. У Тыране разам з агламерацыяй жыве прыблізна паўмільёна чалавек – гэта сталіца і найбуйнейшы горад у краіне.

Адзначу, што албанскія памежнікі не ставяць штампы ў пашпарт. Раней я сутыкаўся з такім у Ізраілі – яны так робяць (прынамсі, паводле афіцыйнай прычыны), каб вы далей здолелі без праблем наведваць арабскія краіны. Чаму так робяць албанцы, я дагэтуль так і не знайшоў адказ.

Па традыцыі, ўнаёмства з новай краінай пачынаецца з пошты — з кожнай наведанай лакацыі я дасылаю паштоўкі палітвязням і вяду адмысловы індэкс паштовай маркі, то бок, кошт міжнароднай адпраўкі ў Беларусь.

Кошты ў USD указаны на момант адпраўкі, актуальны курс можа адрознівацца:

  • Данія: $7.04 (50 крон)
  • Швецыя: $3.42 (36 крон)
  • Ізраіль: $2.70 (10 шэкелей)
  • Польшча: $2.47 (10 злотых)
  • Чэхія: $2.21 (48 крон)
  • Сакартвэла: $2.10 (4.7 лары)
  • Літва: $2.05 (1.75 еўра)
  • Мальта: $1.61 (1.5 еўра)
  • Турэччына: $1.50 (30 лір)
  • Казахстан: $1.34 (700 тэнге)
  • Аўстрыя: $1.33 (1.2 еўра)
  • Нямеччына: $1.11 (0.95 еўра)
  • Чарнагорыя: $1.02 (0.95 еўра)
  • Албанія: $0.93 (90 лек)
  • Вольга Колас, Следчая турма 8, г. Жодзіна
  • Віктар Сабалеўскі, Следчая турма 8, г. Жодзіна
  • Дзяніс Нядбайнік, Следчая турма 8, г. Жодзіна
  • Алена Міцкевіч, СІЗА-1, г. Менск
  • Аляксандр Захожы, СІЗА-1, г. Менск

Я набыў гэтыя паштоўкі ў Музеі гісторыі Албаніі, дарэчы, звярніце ўвагу на год друку. Мне падалося гэта досыць забаўным – уяўляеце, гэтая паштоўка больш за трыццаць гадоў назапашвала сабе ціхенька пыл у музеі, і аніхто б за гэты час не здолеў прадказаць, што свой жыццёва-паперны шлях яна скончыць ажно ў жодзінскай турме.

Ды і хто з нас увогуле мог раней уявіць, дзе ён апынецца ў 2023?

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).