У другой частцы аповеда пра Албанію разглядаем, хто размешчаны на банкнотах.
Албанія з 2009 г. з’яўляецца чальцом НАТО, з 2014 – кандыдатам на ўступ у Еўразвяз. Краіна не ўваходзіць у еўразону, тут выкарыстоўваюцца албанскія лекі – у сэнсе, “лек”, гэта афіцыйная назва валюты курсам крыху больш за 1 да 100 адносна амерыканскага даляра.

Цягам вандровак па розных частках свету ў мяне сфарміраваўся пэўны фетыш на папяровую валюту – заўжды цікава, хто дакладна размешчаны на купюрах розных наміналаў і чым гэтыя персоны альбо месцы адметны, бо гэта падаецца найхутчэйшым спосабам пазнаёміцца з новай краінай.
На 200 лек патрапіў Наім Фрашэры (Naim Frashëri) – выбітны албанскі літаратурны дзеяч другой паловы 19 ст., прызнаны нацыянальным паэтам Албаніі. Я там далей буду распавядаць пра лідара албанскіх нацыяналістаў часоў Другой сусветнай Мідхата Фрашэры – яго пляменніка.
Іншы яго пляменнік – Алі Самі Йен – заснавальнік вядомага турэцкага футбольнага клуба Галатасарай.

Наім Фрашэры памёр у Стамбуле, а нарадзіўся ў аднаімённай вёсцы на поўдні Албаніі. На адваротным баку купюры ягоны дом.

500 лек і Ісмаіл Кемалі (Ismail Qemali) – першы кіраўнік Албаніі пад час абвяшчэння яе незалежнасці ў 1912 г. Кемалі вучыўся і працаваў у Стамбуле, рабіў кар’еру ў дзяржаўным апараце, але ж пасля паўстання младатурак 1908 г. канцэнтраваўся выключна на пытаннях незалежнасці Албаніі.

Кемалі быў сярод падпісантаў дэкларацыі незалежнасці у лістападзе 1912 г. у прыбрэжным горадзе Влёра. У гэты дзень ён вывесіў на балконе будынку, у якім усё і адбывалася, сцяг Албаніі – сам будынак таксама патрапіў на купюру.

Петэр Багдані (Pjetër Bogdani) нарадзіўся на пачатку 17 ст. у Прызрані – на сёння гэта другі па колькасці насельніцтва горад у Косава (пасля Прышціны). Гэты каталіцкі архіепіскап адменты для мусульманскай Албаніі не толькі актыўным удзелам у паўстаннях супраць туркаў, але і першай літаратурнай працай, напісанай цалкам на албанскай мове.

На адваротным баку – каталіцкая царква ў горадзе Ваў-Деяс (паблізу Шкодэра, які вы будзеце праязжджаць, калі накіруецеся аўтобусам у Чарнагорыю), але я не ведаю, як яны звязаны.

2 тысячы лек і Гентус – кароль ілірыйцаў, якія лічацца прашчурамі сучасных албанцаў. Як раз прыкладна 2 тысячы гадоў таму Ілірыю са сталіцай у Шкодэры канчаткова разбілі рымляне.

Албанцы і грэкі – адзіныя народы Балканаў, якія не з’яўляюцца нашчадкамі панаехаў-славянаў, а, так бы мовіць, карэнныя. Таму, не дзіва, што на адваротным баку – старажытны амфітэатр.

Нарэшце, 5 тысяч лек і Скандербег (Skënderbeu), палкаводзец антытурэцкіх паўстанняў 15 ст., нацыянальны герой Албаніі, пра якога падрабязней распавяду далей.

У невялічкім горадзе Круя знаходзіўся радавы замак Скандербега.

Агулам, у большасці краін, якія я паспеў наведаць, на банкнотах размешчаны выбітныя дзеячы і адментныя для гісторый гэтых краін месцы. Мне падаецца гэта лагічным, бо нацыі фарміруюцца людзьмі, а не ласямі ды вавёркамі, дзяржавы ствараюцца падчас барацьбы за сваё існаванне і маюць свае ўнікальныя сімвалы, а не абстрактныя калажы.







Leave a comment