3. Шкіперыя

Краіна арлоў у складзе Асманскай імперыі: паўтысячагоддзя акупацыі, перакрыжаванні з гісторыяй Беларусі і нацыянальны герой Скандербег.

Пасля распаду Рымскай імперыі сённяшняя тэрыторыя Албаніі ў розныя часы была пад уладай Візантыі, Венецыі, Неапаля, Балгарыі, Сербіі і г.д. Само па сабе каралеўства Албанія з’явілася на сусветнай мапе дзякуючы крыжакам у другой палове 13 стагоддзя, а ягонай сталіцай быў горад Дурэс на ўзбярэжжы Адрыатычнага мора. Амаль праз сто гадоў на чале каралеўства ўпешыню стаў этнічны албанец Карл Тапія.

На відарысе сучасная мапа Албаніі.

На фота з Нацыянальнага музею гісторыі – Бато, іллірыйскі паўкаводзец, паспяхова ваяваўшы з рымлянамі блізка да пачатку першага тысячагоддзя н.э.

Агулам, у гісторыі гэтай краіны ёсць нямала перакрыжаванняў з гісторыяй нашай (на жаль). Напрыклад, як і нам з вамі, албанцам моцна не пашансіла з усходнім суседам: мы правялі (і праводзім дагэтуль) пад расейскай акупацыяй больш за 250 гадоў, пачынаючы з першага падзела Рэчы Паспалітай у 1772 г., албанцы ж затрымаліся ў складзе Асманскай імперыі ўвогуле на 450 гадоў.

Пры гэтым, у адрозненні ад нас, яны здолелі цалкам захаваць сваю мову: хоць насельніцтва ўсёй краіны складае менш за 3 млн чалавек, па ўсяму свету на албанскай размаўляе каля 7 млн – за кошт шматлікіх актыўных дыяспар.

Туркі паспяхова інтэгравалі сваю рэлігію: на сёння большая палова насельніцтва Албаніі з’яўляецца мусульманамі, каля пятнаццаці адсоткаў – хрысціянамі, рэшта ж краіны альбо нерэлігійная, альбо належыць іншым канфесіям. Відавочна, іслам прыйшоў на гэтыя землі разам з асманскай экспансіяй – то бок, усё прыкладна як і ў нас з РПЦ.

У цэнтры Тыраны ўсталяваны помнік Скандербегу – у быту Георгій Кастрыоці (1405-1468).

Скандербег паходзіў з княскай албанскай сям’і, у дзяцінстве ў якасці закладніка быў адданы туркам у метраполію. Там прыняў іслам і служыў у асманскай арміі – ды так мужна, што туркі далі яму ганаровае імя Аляксандр. Па тых часах і ў тых мясцінах гэтае імя было сінонімам героя, на гонар Аляксандра Македонскага.

Аляксандр паводле турэцкай транскрыпцыі – Іскандэр, адпаведна для асманаў ён быў Іскандэр-бэй. А ўжо на албанскую мову гэтае імя пераходзіць у Скандэрбег.

Дык вось, адметны ён тым, што па вяртанні на Радзіму ўзначаліў нацыянальна-вызваленчую барацьбу і цягам 25 гадоў кашмарыў турэцкіх акупантаў партызанскімі атакамі пасярод гор.

Здабыць волю не атрымалася, але ж у гісторыю ён увайшоў як таленавіты палкаводзец, які рэгулярна разбіваў большай колькасці і лепш узброеныя арміі туркаў.

Чорны арол на чырвоным фоне – ягоны радавы герб, які з часам стаў гербам Албаніі. Саманазва краіны – Shqipëria – літаральна перакладаецца як краіна арлоў.

Дадам, што наяўнасць у цэнтры горада помнікаў героям барацьбы за незалежнасць – досыць звычайная практыка для розных краінаў і культураў. Канешне, у тым выпадку, калі яны дагэтуль не акупаваныя.

Яшчэ асобна прыгадаю такі факт: пад час Другой сусветнай частка албанцаў партызаніла супраць нямецкіх і італьянскіх войск, частка перайшла на бок акупантаў – у прыватнасці, адна з дывізій СС мела імя “Скандэрбег”.

Пагадзіцеся, проста дзіва, што праз гэты факт імя і помнік старажытнаму ваяру не прызналі нацысцкім і не ўнеслі ў які-небудзь там экстрэмісцкі спіс.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).