4. Шлях змагання

Італьянская акупацыя, статус Косава, нацыяналісты супраць камуністаў і кволыя гарантыі бяспекі ад еўрапейскіх краін.

“Вясна народаў” сярэдзіны 19 ст. і зараджэнне нацыяналізму ў Еўропе не абмінула і Албанію – там упарта дабіваліся ад туркаў большай аўтаноміі. Адбывалася гэта з пераменным поспехам: то дазвол, то забарона албанскіх школаў, перыяды ўмоўнай адлігі і падаўленні паўстанняў нарэшце прывялі да таго, што ў 1912 г. Албанія абвясціла незалежнасць.

Пэўна, гэта было б немагчыма, калі б балканскія народы не аб’ядналіся супраць туркаў і не накастылялі ім пад час Першай Балканскай вайны.

Пры гэтым, Сербія, Балгарыя, Грэцыя і Чарнагорыя – краіны-пераможцы – мелі шмат тэрытарыяльных прэтэнзій адно да аднога, і ў выніку ўсе засталіся незадаволеннымі падпісаным у Лондане мірным дагаворам. Гэта, дарэчы, стала прычынай выбуху Другой Балканскай вайны – такая сабе атрымалася рэпетыцыя Першай сусветнай.

Калі казаць пра Албанію, то пералічанныя вышэй краіны планавалі падзяліць яе тэрыторыю паміж сабой, але геаграфічнае яе знаходжанне было настолькі важным, што да канфлікту далучыліся буйныя дзяржавы – тэрыторыю краіны зацвердзілі Італія, Францыя, Англія, Расея, Германія і Аўстра-Вугоршчына. Яны ж гарантавалі албанскі суверынітэт.

Яны ж і паклалі на свае гарантыі хер – у 1915 г., ужо пад час вайны, краіны Антанты пагадзіліся аддаць Албанію Італіі ўзамен на ўступ у вайну на іх баку. Бачыце, да падпісання Будапешцкага мемарандаму заставалася яшчэ 80 гадоў, але ж ужо тады можна было зразумець кошт гэтых усіх дамоўленнасцей.

Пасля вайны албанцы ўзнялі чарговае паўстанне, гэтым разам супраць італьянцаў, і да 1921 г. нарэшце дасяглі свайго. Галоўнай праблемай таго часу стала Косава, якое паводле ўсіх дамоўленнасцей адышло Сербіі. Косава было чымсьці кшталту цэнтру албанскага нацыяналізму – культурнага і асветніцкага, і на той момант там пражывала каля паловы ўсяго албанскага насельніцтва.

Зноў такі, гэта як і Беларусь была падзеленая папалам у той жа самы час па выніках Рыжскага міру – толькі ў адрозненні ад нас, у албанцаў хоць адна палова была незалежнай.

Пасля Першай сусветнай Албанію моцна хістала ў розныя бакі – краіна паспела пабыць і рэспублікай, і каралеўствам, пакуль у 1939 г. ізноў не адбылася інтэрвенцыя Італіі – гэтым разам ужо фашыстскай.

Вайна, альбо, карыстаючыся тэрміналогіяй саміх фашыстаў – спецыяльная ваенная аперацыя – трывала тры дні, па выніках чаго на акупаваных тэрыторыях было ўсталявана марыянетачнае кіраўніцтва.

Фашысты, у якіх атрымалася!

Там было без шансаў для албанцаў – на краіну насельніцтвам у 1 млн чалавек і з рэгулярнай арміяй колькасцю каля 15 тыс. высадзіўся дэсант у 100 тысяч італьянцаў, вядома, з падтрымкай флоту і авіацыі.

Нешматлікая албанская армія пратрымалася літаральна некалькі гадзін, неўзабаве краіна засталася абезглаўленай – у суседнюю Грэцыю уцёк Ахмет Зогу, чалавек, які спачатку быў прэмьер-міністрам Албаніі, затым прэзідэнтам, а затым і каралём.

Найцікавейшы персанаж, варты асобнага артыкула, але не гэтым разам. Дадам яшчэ, што “зогу” перакладаецца як “птушка”, а ў хуткім часе пасля інтэрвенцыі ён паляцеў у Лондан, дзе бавіў час да сканчэння вайны, і больш не меў магчымасці вярнуцца дамоў.

Сярод албанцаў хтосьці далучыўся да акупантаў, хтосьці сышоў у падполле, хтосьці працягваў жыць па-за палітыкай (хто ведае, як яны здолелі зрабіць гэта без лепшых на свеце сэрвісаў дастаўкі і мабільнага банкінгу).

Сярод тагачасных герояў – 18-гадовы Васіль Лачы, які здзейсніў няўдалую спробу забойства італьянскага караля, фігуру пры Мусаліні хоць і намінальную, але ж буйную.

Хлопца павесілі, але ж неўзабаве Італія капітуліравала – пасля высадкі саюзнікаў на Апенінах у 1943 г.

Італьянцы вывелі войскі, затое амаль адразу туды зайшлі немцы – дзякуй Богу, ім на той момант таксама заставалася няшмат, ды і ў Албаніі ўжо дзейнічала шырокая сетка партызанскага руху.

Як і ў нас у той жа самы час, у Албаніі партызанскі рух быў досыць разнастайным і складаным для ўвасаблення ў простыя канцэпцыі кшталту добрыя-злыя. Можна адзначыць, што былі дзве асноўныя сілы, якія кансалідавалі вакол сябе большасць албанцаў – абедзве сфарміраваліся ўжо пад час вайны.

У левым куту ў чырвоных майтках – камуністычны Нацыянальна-вызваленчы рух на чале з Энверам Ходжай.

Варта адзначыць, што ў 20-ых гадах Албанія была адзінай балканскай краінай без камуністычнай партыі – тады за яе стварэнне ўзяліся ў Маскве, і з удзелам некалькіх албанцаў такі стварылі. Праўда, прыхільнікаў у самой Албаніі яна амаль што не мела – у тым ліку праз слабую індустрыалізацыю і высокі адсотак сельскага насельніцтва – таму партыя існавала толькі на паперы.

У 41-м СССР з дапамогай Югаславіі ўзмацніў у рэгіёне прапаганду, і высілкамі некалькіх югаслаўскіх дэлегатаў мясцовым прадстаўніком партыі быў абраны Ходжа, рабочы з табачнай фабрыцы, былы выкладчык французскай мовы.

У правым куту ў шэрых майтках – нацыяналістычны і антыкамуністычны Нацыянальны фронт (Балі Комбетар) на чале з Мідхатам Фрашэры – дыпламатам і навукоўцай, адным з аўтараў сучаснага албанскага алфавіту.

Нацыяналісты выступалі за этнічную Албанію, то бок, па-першае, незалежнасць ад Італіі, па-другое, вяртанне Косава – адпаведна супраць суседняй камуністычнай Югаславіі, на той час акупаванай немцамі. Быў там цэлы канцэпт Greater Albania – прыкладна як на гэтым відарысе.

Вядома, што балісты неаднарозава намагаліся дамовіцца з камуністамі, напіраючы на агульны этнас, абодва рухі змагаліся разам супраць італьянцаў. Тым не менш, пасля капітуляцыі Італіі, прэтэнзіі бакоў абвастрыліся і пачаліся рэгулярныя ўзброенныя сутыкненні.

Фрашэры заявіў, што албанскія камуністы – калабаранты Ціта, якія забыліся, што такое быць албанцамі. Праз страх прыхода да ўлады камуністаў, балісты пайшлі на супрацу з Германіяй, якая падхапіла акупацыю краіны за Італіяй, і пачалі актыўна рэзаць сербаў і македонцаў, якія на той момант пражывалі ў Албаніі.

Быў яшчэ і трэці буйны блок – так званы “Легалітэці”, рух за аднаўленне манархіі Зогу, прадстаўнікі якога змагаліся супраць усіх вышэй пералічанных.

Аднак ён быў найменьшым па колькасці прыхільнікаў на фоне прыкладна 50 тысяч на баку балістаў і да 100 тысяч на баку камуністаў.

У выніку, паслядоўная акупацыя з боку Італіі і Германіі, югаслаўскія чырвоныя партызаны, албанцы ў варожых па адносінах адзін да аднаго лагерах і г.д. Агулам, паводле ацэнак ААН у баях загінула каля 30 тысяч албанцаў – атрымоўваецца, прыкладна 3% насельніцтва.

Варта адзначыць, што практычна не зафіксаваны выпадкі забойства мірнага насельніцтва – праз тое што Албанію не бамбілі і праз фактычную адсутнасць сярод грамадзян гэтай краіны габрэяў. Пры гэтым, каля 10% насельніцтва засталіся без дамоў – пераважна праз разбуранныя вёскі.

Па нашых мерках нібыта не вельмі ўражвае, але ж далёка не паўсюль страты былі такімі ж каласальным як у нас – напрыклад, тая ж Італія агулам згубіла 450 тыс. чалавек пры насельніцтве ў 44 млн, то бок, каля 1%.

Колькасць загінулых была ніжэйшай у такіх еўрапейскіх краінах як Балгарыя, Данія і Нарвегія, пры тым што там было нашмат большым насельніцтва. У працэнтным эквіваленце, прыкладна такія ж страты панеслі Нідэрланды і Румынія.

Пэўна, найбольш істотным – з пункту гледжання далейшага лёсу Албаніі – вынікам вайны стаў прыход да ўлады камуністаў.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).