5. Знаёмы тэрор

Албанія падчас камунізму: забойствы, катаванні, кожнаму грамадзяніну – па персанальнаму бункеру.

Па выніках Другой сусветнай вайны для краін Усходняй Еўропы акупацыя нямецкая змянілася на акупацыю савецкую (даклданей, расейскую). У Албанію савецкія войскі не ўваходзілі, але ж да ўлады прыйшоў Энвер Ходжа – вялікі прыхільнік Сталіна і яго падыхода да кіравання.

Як зразумець, што ў краіне быў перыяд камунізма? У музеях вы знойдзеце такія экспазіцыі.

Відавочна, пры ўмовах, што гэты самы перыяд ужо скончаны.

Да 91-га года ў Албаніі лютаваў Сігурымі – дырэктарат дзяржаўнай бяспекі. Пра асаблівасці працы гэтага дзяржоргана можна не распавядаць – вы і так усё ведаеце.

Усе краіны з самым смачным марозівам плюс-мінус аднолькавыя: даносы, праслухоўванні, арышты, збіццё, гвалт, самаізаляцыя, прымусовая праца і бесперапынная барацьба з сусветным імперыялізмам.

На сёння ідэнтіфікавана каля 6 тысяч чалавек, якія за перыяд 45-91 гг. былі забітыя праз палітычныя матывы.

Паводле розных ацэнак, на момант смерці дыктатара ў 1985 г. каля 30 тысяч палітзняволенных утрымліваліся ў сістэме працоўных табараў.

Дарэчы, ганаровы статус бункернага дзеда мусіць належыць менавіта Энверу Ходжэ – пад час яго эфектыўнага кіравання па ўсёй краіне было пабудавана ажно 170 тысяч бункераў, то бок, 1 бункер на плюс-мінус 15 албанцаў.

Цікава, якая ў нас шчыльнасць лядовых дварцоў?

Гэты знаходзіцца ў самым цэнтры горада, побач з помнікам Скандэрбегу – BUNK’ART2.

У пэўны момант Албанія пераўтварылася ў еўрапейскую КНДР. З СССР дып адносіны былі разарваны пасля смерці Сталіна і курса на скасаванне культа ягонай асобы – Ходжа быў ярым сталіністам і не прабачыў саўкам такой здрады.

З югаславамі, дзякуючы якім албанскія камуністы прыйшлі да ўлады, пасварыліся праз пагрозу страты незалежнасці і ўваходу ў склад гэтай манструознай краіны. З кітайцамі – бо маоісты таксама неяк не так трактавалі вучэнне марксізму-ленінізму. Пра каварства калектыўнага Захаду і амерыкана-брытанскі імперыялізм і так усё зразумела.

Такім чынам, Ходжа быў перакананы, што на яго краіну могуць напасці ў любы момант, таму бясплатная працоўная сіла з ліку ўласных грамадзян перабывала ў стане перманентнай мабілізацыі, памірала наўпрост на будоўлях, рэгулярна сутакалася з голадам – але ж забудова краіны бункерамі трывала.

Што ж тут зробіш, як мы ведаем, любімую не аддаюць.

Зноў такі дзеці па-за палітыкай – усё як мае быць.

Ходжа нарэшце двінуў коні ў 1985 г. ва ўзросце 77 гадоў. Яшчэ ў 1948 у яго быў дыягнаставаны дыябет, а бліжэй да смерці ён увогуле зазнаў частковы параліч і чапляўся сінімі пальцамі не толькі за ўладу, але і за інвалідны вазок.

У 1985 г. уладу ў Албаніі падхапіў ягоны бліжэйшы паплечнік Раміз Алія, а там ужо неўзабаве наступіў выратавальны 91-шы год.

Вызваленне ад камунізму Албанія сустрэла ў статусе самай беднай краіны Еўропы. Сканчэнне ізаляцыі і адкрыццё межаў дазволіла албанцам выязжджаць за лепшай доляй у іншыя краіны (пераважна да суседзяў у Італію і Грэцыю) – гэтай опцыяй скарысталіся прыблізна 800 тысяч чалавек, то бок, каля чвэрці ад усяго насельніцтва.

Чым я застаўся моцна ўражаны – высвятлілася, што албанцы (у адрозненні ад нас) здолелі адрэфлексаваць гэты перыяд сваёй гісторыі, хоць там былі вельмі складаныя 90-ыя: забастоўкі цягам некалькіх гадоў, узброеныя сутычкі з паліцыяй, кароткі рэванш камуністаў на парламенцкіх выбарах і г.д.

Раю, дарэчы, акрамя бункераў, наведаць House of Leaves – пабудаваная ў 30-ых прыватная клініка выкарыстоўвалася Сігурымі для ўтрымання і катавання палітзняволенных.

На жаль, там забаронена рабіць фатаздымкі, але ж вось кавалак са знешняй экспазіцыі, якая мае назву “твары дыктатуры” – то бок, дзеячы, непасрэдна адказныя за правядзенне камуністычнага тэрору: чальцы палітбюро, супрацоўнікі Сігурымі і іншых спецслужбаў, вертухаі з калоній, суддзі і г.д.

Цалкам падтрымліваю гэты падыход – зло мусіць быць дэананімінавана і персаналізавана, за кожным рэпрэсіўным законам, за кожным забітым палітвязнем стаяць канкрэтныя персоны.

Канешне, аднойчы яны мусяць панесці адказнасць.

Мару аднойчы пабачыць такое і ў менскіх музеях: камуністы – не беларусы.

Але ж для асэнсавання свайго мінулага і сваёй будучыні нам патрэба прыкласці шмат высілкаў.

На сёння, на жаль, гэтага не адбываецца.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).