Гэтая частка прысвечана распаду імперыі – на жаль, не той, якой бы хацелася. Пад краявіды Стамбула трохі паразмаўляем пра крах Асманскай імперыі і паўстанне на яе попле Турэцкай рэспублікі.
Усе імперыі рана ці позна распадаюцца, але некаторыя робяць гэта пакутніцкі доўга. Мы з вамі, на жаль, ведаем гэта лепей за многіх.
Гэта я бадзяўся па задворках району Фаціх – краявіды нагадалі аднойчы наведаны Іркуцк.



Нашыя усходнія суседзі аніяк не хочуць перайсці ў 21-ае стагоддзе і працягваюць жыць ідэямі прыкладна 18-га: падпарадкаванне іншых народаў, прымусовая канвертацыя ў сваю культуру, адзіны цэнтр улады, ілюзіі супрацьстаяння з клубам “вялікіх дзяржаў” і г.д.
Прынята лічыць, што іх імперыя распалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., што, канешне, абсалютна не так – рускія (хоць чырвоныя, хоць белыя, хоць хорошіе) ніколі не вызнавалі ўсялякіх там беларусаў, украінцаў, грузінаў і іншых унтэрменшэй за роўных сабе людзей і не прызнавалі нашае права на ўласную ідэнтычнасць, культуру і тым больш дзяржаўнасць.
Грамадзянская вайна ішла поўным ходам, а чырвоныя ўжо паралельна ваявалі з суседнімі народамі, якія паспелі абвясціць сваю незалежнасць. Савецкі Саюз – тая ж самая імперыя, з той жа самай русіфікацыяй і генацыдам іншых народаў, толькі што фармальна пад іншым сцягам.
Што ж, не ўсё адразу – напрыклад, у Асманскай імперыі працэс распаду доўжыўся некалькі стагоддзяў.





Цягам 19 і 20 стст. некалі дамінуючая ў Еўропе сіла атрымала паразу практычна ва ўсіх войнах, у якіх прыняла ўдзел. Па выніку прыйшлося перадаць Францыі Алжыр і Туніс, Аўстра-Вугоршчыне – Боснію, Брытаніі – Егіпет і Судан, Італіі – Лівію, плюс у выніку паспяховых паўстанняў незалежнасць ад Стамбула атрымалі сербы, грэкі, албанцы, катарцы і г.д.
У 1914 г. нямецкі дыпламатычны корпус паспяхова сыграў на асманскім рэваншызме – немцы абяцалі пасля перамогі ў вайне вярнуць прынамсі частку з вышэй пералічаннага, так што ў Першую сусветную Асманская імперыя ўварвалася даволі бадзёра.
Ну а выйшла не толькі без рэшты сваіх калоній на Бліжнім Усходзе і Аравійскім паўвостраве, а яшчэ і з акупацыйным кантынгентам войск Антанты ў Стамбуле. Тэрыторыя сучаснай Турэччыны (дзе і на той момант пражывала пераважна турэцкае насельніцтва) у 1918 г. была часткова акупаванай грэкамі, французамі і брытанцамі.
Частка туркаў падпарадкавалася волі пераможцаў і актыўна супрацоўнічала з Антантай – у прыватнасці, султан Мехмет VI і лаяльны яму урад. Асманская імперыя мусіла стаць падзеленай паміж дзяржавамі, якія перамаглі ў Першай сусветнай вайне.
Армія, аднак, адмаўлялася складаць зброю. Прычынай гэтаму, акрамя патрыятызму, стаў яшчэ і той факт, што урад імперыі ініцыяваў стварэнне асобнага органу, які мусіў разглядаць справу аб парушэннях законаў вайны асманскай арміяй – генацыд армян і грэкаў шакаваў Еўропу нават на фоне ўсяго, што адбывалася ў той час.
Каб пераканаць армію разысціся, Мехмет VI вырашыў накіраваць да жаўнераў свайго міністра абароны, генерала, які меў найбольшы аўтарытэт сярод вайскоўцаў – у прыватнасці, ён кіраваў паспяховай абаронай ад войск Антанты турэцкага ўзбярэжжа, якое стала пахаваннем для дзесяткаў тысяч жаўнераў з Новай Зеландыі і Аўстраліі.

Звалі гэтага генерала Мустафа Кемаль Атацюрк. Дакладней, на той момант ён яшчэ быў Мустафа Кемаль Паша, а прозвішча Атацюрк – то бок, “бацька туркаў” – атрымаў пазней.
Ён заверыў султана ў поўная лаяльнасці, прыбыў на усход краіны, дзе канцэнтраваліся непакорныя войскі, ну і ўзначаліў супраціў.

Пакуль грэкі і італьянцы спрачаліся паміж сабой, каму мусіць дастацца заходняе ўзбярэжжа Турэччыны, высажвалі войскі, праводзілі парады і коўзалі туды-сюды вайсковыя караблі, турэцкія нацыяналісты пад кіраўніцтвам Атацюрка збіралі нанава армію, склікалі розныя кангрэсы, выпускалі процьму звярненняў да насельніцтва і фактычна за паўгады стварылі сваю, паралельную ад Стамбула, дзяржаву са сталіцай у горадзе Анкара.
Таксама туркі падрыхтавалі атаку з чатырох накірункаў (ага): усходні фронт – супраць армян, заходні – супраць грэкаў, паўднёвы – супраць французаў у сучаснай Сірыі, г.з. фронт Аль-Джазіра – супраць брытанцаў у сучасным Іраку.
Турэцкая вайна за незалежнасць доўжылася з 1919 па 1923 г. і скончылася поспехам – можна, напрыклад, параўнаць дзве мапы станам на адпаведныя даты.
Тут дагавор ад 1920 г., які так і не быў ратыфікаваны: зялёная частка мусіла адысці Італіі, цёмна-жоўтая – Грэцыі, светла-жоўтая – Францыі, ружовая (ці што гэта) на ўсходзе – Арменіі, а пазначаныя чырвоным Дарданэлы і Стамбул мусілі кантралявацца Лігай Нацый (правобраз сённяшняй ААН).

Ну а тут выніковае пагадненне ад 1923 г.

Дарэчы, гэтага ўсяго магло б і не быць, каб не дапамога ад бальшавікоў – яны перадалі зброю і грошы, а СССР стаў першай краінай, якая вызнала Турэцкую рэспубліку.
Атацюрк выказваў неверагодны інтарэс да ідэі барацьбы сусветнага пралетарыята супраць глабальнага імперыялізму, які скончыўся адразу з апошнім постралам вайны.
Рускія такім чынам разлічвалі атрымаць саюзніка ў сваёй вечнай барацьбе супраць прагрэсу і цывілізацыі – але ж у актыў да сябе здолелі занесці хіба што Арменію, якую яны падзялілі з туркамі паводле Карскай дамовы ад 1921 г.
Пасля яны прыдумалі легенду, маўляў, гэта яны “далучылі” армян да СССР, каб выратаваць іх ад генацыду. Ну, ведаеце, асвабадітелі, велікій народ, вось гэта ўсё.




Фіналам вайны стала зацверджанне нацыянальнай турэцкай рэспублікі, адмова ад халіфату і султанату, свецкасць адукацыі. Атацюрк накінуў цэлы шэраг рэформаў: лацінізацыя алфавіту, выбарчыя правы жанчынам, скасаванне шарыятскіх судоў і пераход на крымінальны і грамадзянскія кодэксы еўрапейскага ўзору і г.д.
Дэмакратычнай гэтую рэспубліку не назавеш, бо Атацюрк кіраваў новастворанай дзяржавай да самай сваёй смерці ў 1938, але ж у любым выпадку туркі яго лічаць стваральнікам сваёй сучаснай дзяржавы і асноўным дзеячам у справе турэцкага нацыяналізму.








Leave a comment