3. Турэцкая ліра

Разглядаем мясцовую валюту і праліў, што аддзяляе Еўропу ад Азіі.

Турэцкая ліра – гэта каля 35 за 1 еўра (на той момант калі я быў у Стамбуле). Манеты ёсць наміналам 1, 5, 10, 25 і 50 курушаў і, адпаведна, 1 ліра.

5 лір і Айдын Сайілі – навукоўца 20-га ст. ў галіне гісторыі навук с фокусам на гісторыю развіцця ісламу, адзін з найвядомейшых на Захадзе публіцыстаў па гэтай тэме (выпуснікі Гарварду).

10 лір і Джахіт Арф – таксама навукоўца 20-га ст., матэматык, выпускнік нямецкага універсітэту Гётынгена, аўтар даследванняў у тапалогіі.

20 лір і Ахмед Кемаледын – архітэктар мяжы 19 і 20 стст. Спраэктаваў шмат будынкаў кшталту універсітэтаў, вакзалаў, мастоў і г.д. у Турцыі і на Балканах (якія на той момант былі пад Турцыяй).

50 лір і Фатма Топуз – пісьменніца таго ж перыяду. Лічыцца першай жанчынай-літэратаркай Турцыі і агулам ісламскага свету, таксама абаронцай правоў жанчын.
Праўда, гэта ўсё ў кантэксце шарыяту – то бок, абарона была ў асноўным ад заходніх каштоўнасцей. Праз гэта крытыкавала рэформы Атацюрка.

100 лір і Бухурызадэ Ітры – музыка 17 ст., лічыцца заснавальнікам класічнай турэцкай музыкі, у прыватнасці, рэлігійнай.

200 лір і Юнус Эмрэ – паэт 13-14 стст., таксама адзін з ключавых дзеячаў турэцкай літаратуры, у прыватнасці (відавочна), рэлігійнай.

З незвычайнага тут, што на аверсе ўсіх манет, як і ўсіх банкнот знаходзіцца выява аднаго чалавека і вы яго дакладна ведаеце. Гэта Мустафа Кемаль Атацюрк, пра якога я ўжо распавядаў у мінулай частцы.

На маю думку, цікавае спалучэнне персаналій, якое цалкам пасуе гэтай краіне на сутыччы Еўропы і Азіі: з аднаго боку – нацыяналіст, рэфарматар краіны у бок свецкай дзяржавы, з іншага – навуковыя і мастацкія дзеячы пераважна з ісламскага свету.

Лёгкі флёр суму па ісламскай імперыі, у бок якой нібыта гэтая дзяржава пакрыху павяртаецца – прынамсі гэта тычыцца рэгулярных пагрозаў з боку розных дзяржаўных дзеячаў вярнуць, так бы мовіць, “ісконно турецкія землі” у родную гавань, спроба вярнуць туды Кіпр, ну і стаўленне да курдаў, канешне.

Ехаў на таксоўцы ў аэрапорт, кіроўца-курд неяк падтрымліваў размову на ламанай ангельскай, а напрыканцы паездкі гучна сказаў, што яму вельмі падабаецца жыць у Турэччыне і што ён шчыра падтрымлівае Эрдагана.

У курдаў так сабе пазіцыі ў Турэччыне – іх там жыве каля 10 мільёнаў, але ў іх няма магчымасці атрымоўваць адукацыю на сваёй мове альбо выкарыстоўваць яе пры камунікацыі з дзяржавай, пад забаронай сцяг і любая нацыянальная сімволіка, цягам 20-га стагоддзя іх рэгулярна дэпартавалі ў далёкія ад дому мясціны, абвінавачвалі ў сепаратызме ды і проста выразалі.

Фармальна ў апошнія гады сітуацыя паляпшаецца, але гэта, так бы мовіць, “для галачкі” – у Турэччыне перыядычна гучаць планы аднойчы патрапіць у Еўразвяз, таму для выгляду яны там то тэлеканал які на курдскай мове дазволяць, то яшчэ якую дробязь. Абы бюракраты з розных там Саветаў Еўропы трохі цішэй выказвалі сваю заклапочаннасць.

Туркі ў пераважнай большасці адмаўляюць курдам у праве на сваю ідэнтычнасць і лічаць, што гэта выгаданая нацыя, якая насамрэч з’яўляецца проста “горнымі туркамі”.
А маглі бы быць “туркамі са знакам якасці”.

Трэба будзе падкінуць ім ідэю, што курдаў прыдумаў ленін.

Жах нейкі, нам, канешне, у нашай монаэтнічнай дзяржаве такое вар’яцтва ўявіць складана.

Курды, хоць і не мелі ніколі сваёй уласнай дзяржавы, у адрозненні ад нас, захавалі і мову, і культуру, і нацыянальную ідэнтычнасць. Прычын гэтаму, напэўна, шмат, але я гатовы паставіць на этнас – курды адносяцца да галіны іранскіх народаў, а не цюркскіх.

Бачыў некалі (пэўна, даволі відавочную) думку, што нацыяналізм у краінах, якія не былі імперыямі, звычайна накіраваны ў бок сваіх прыгнятацелей.

А вось нацыяналізм у былых імперыях – у бок нацыянальных меншасцяў.

Імперыі, аднак, былі рознымі, у тым ліку ў адносінах да падпарадкаваных народаў, але ж Турэччына – краіна даволі блізкая паводле сваёй гісторыі і стасункаў з суседзямі да расеі. Мо яшчэ і таму мне не надта там спадабалася.

Аповед пра Стамбул:
1. Інтра
2. Канец імперыі
3. Турэцкая ліра
4. Шархай

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).