4. Шархай

Апошняя частка падарожжа ў Стамбул – тут рэшта фотак і асаблівасці вымаўлення іншаземцамі нашых імёнаў.

Адміністратар гасцішцы пакруціў у руках мой пашпарт, і задумліва спытаў, чаму ў мяне такое дзіўнае імя – S i a r h e i. А як яго правільна вымаўляць? Ш а р х а й?

Норм, пагадзіўся я, няхай так. Абы не шахрай – я ж, здаецца, нічога кепскага не зрабіў.

Ён кажа, Шархай, я вось выходзіў на вуліцу паліць, і пабачыў, што ты ў гасцішку ідзеш не з боку цэнтральнай плошчы Таксім, як усе нармальныя людзі, а з боку задуп’я, дзе турыстаў бачыць не рады. Не рабі так, бо туды нават я не хаджу.

Та пабойся Бога, адмахваюся, я вось неяк па маладосці папёрся на дыскатэку недзе пад Навагрудкам разам з мясцовай дзяўчынай, дык мяне там сякерамі пасекці абяцалі – вось што такое не рады бачыць турыстаў.

Ды я, кажу, і не турыст ніякі. Я даследчык і ўвогуле навукоўца, мне ўсё цікава.

Ого, здзівіўся ён, цэлы навукоўца! І што ты даследуеш?

У асноўным сябе самога, прызнаўся я. Але і новыя краіны таксама, калі час застаецца.

Турыстычныя цікавосткі – гэта, канешне, прышпільна і прыгожа, але ж нішто не раскрывае сутнасць горада так, як ўсялякія непрыемныя воку мясціны.

А можа, насамрэч, гэта так праяўляецца сум па родным прамзонам. Можа, я веру, што калі доўга ісці ўздоўж трамвайных рэек, а потым звярнуць у бок лесу і трохі папятляць сцежкамі паміж разгалістых дрэваў, то можна выпадкова выйсці да якога-небудзь там шарыкападшыпнікавага заводу.

Альбо да якога Пляцу Францыска. Дзесьці ж ён мусіць быць.

Пакуль выйшаў вось толькі на замалёўкі сваіх сноў.

Напрыканцы распавяду яшчэ, што дзякуючы падарожжам я даведаўся, што мяне амаль паўсюль прымаюць за мясцовага. У Стамбуле на вуліцы са мной спрабавала запісаць інтэрвью турэцкае тэлебачанне – здзіўляліся, што я не размаўляю па-турэцку, кажуць, выглядаю як сярэдні турак.

Тое самае мне казалі і дзеякія палякі, грузіны, немцы, шведы – ну, агулам, гэта яшчэ зразумела. Але я вельмі смяяўся, калі аднойчы ў Ташкенце ў мяне спыталі дарогу узбекі.

Свой сярод чужых.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).