Трэцяя частка аповеду пра Чарнагорыю насамрэч аніяк не звязана з гэтай краінай – гаворка тут пойдзе пра Францыска Скарыну і маё памылковае аб ім уяўленне.
А мо і не толькі маё, давайце пераправяраць.
Скрыншот з budzma.org, арыгінал з citidog. Скарына – першадрукар ва Усходняй Еўропе. Згодны?

Усё сваё свядомае жыццё я быў абсалютна перакананы, што гэта так.
Уласна, я ніколі глыбока не валодаў гэтай тэмай: ведаў, што вынаходнікам кнігадрукавання з’яўляецца Іаган Гутэнберг, ну і недзе за нім ідзе наш доктар Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка, які ў 1517 г. у Празе надрукаваў Псалтыр.
Для мяне тут больш істотным было тое, што на Масковіі першая друкаваная кніга з’явілася толькі ў 1564 г. – калісьці даўно я карыстаўся гэтым фактам, каб папінаць знаёмых расейцаў. У ніх, дарэчы, друкары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец увогуле не з’яўляюцца шырока вядомымі персанажамі.
Калі гугліў, натрапіў яшчэ вось на такое ў Вікіпедыі, і дзе-нідзе ў артыкулах беларускіх СМІ.
Але гэта дакладна не мае сэнсу – калі ў Вільне ён заснаваў першую друкарню ва Усходняй Еўропе, то як тады была надрукавана кніга ў Празе?

Што ж, час прапрацаваць свае памылкі.
Сама тэхналогія друку з’явілася задоўга да Гутэнберга. Першая кніга (з вядомых) была надрукавана ажно ў 868 г. у Кітаі – “Дыямантаваная сутра”, будыйскі рэлігійны тэкст.
Тэкст выразалі на драўляных плашках, фарбавалі і адціскалі на паперы альбо пергаміне. Такі метад называецца ксілаграфіяй, да Еўропы ён дайшоў недзе ў 12 ст.
Металічныя літары ўпершыню выкарысталі ў Карэе – у 1377 надрукавалі будыйскі тэкст з назвай “Чыкчы” (рык, гы-гы).
Усё гэта займала процьму часу, таму распаўсюд друкаваных запісаў і кніг быў мінімальны.
Гутэнберг жа вырабіў першы друкарскі станкок, які істотна павялічыў хуткасць набору тэксту, і ягонае адкрыццё дазволіла масштабаваць стварэнне кніг.
Тэхналогія друку імкліва распаўсюджвалася па Еўропе – сам Гутэнберг надрукаваў Біблію ў 1455, а за наступныя 62 гады (то бок, да Скарыны ў 1517 г.) колькасць друкарань у розных кутах Еўропы пераваліла за сотню.
У Еўропе ж Усходняй за першую друкарню, імаверна, можна лічыць тую, што запрацавала ў чэшскім горадзе Плзень у 1468 г. У Польшчы і Вугоршчыне першыя друкарні і, адпаведна, надрукаваныя кнігі, з’явіліся праз пяць гадоў, у 1473 г.
То бок, амаль за паўстагоддзя да нашай Бібліі.
Такім чынам, дадзеныя са скрыншотаў, якія я прыводзіў вышэй, гэтаксама як і мае перакананні, не адпавядаюць рэчаіснасці – Францыск Скарына стаў першадрукаром для усходніх славян, але не для Усходняй Еўропы і не для славян агулам.
У 1522 г. ён адкрыў друкарню ў Вільні і надрукаваў рэлігійны зборнік “Малая падарожная кніжка” – як-небудзь я скраду гэтыю назву для блога.
Гэта была першая друкарня – але толькі для ВКЛ, толькі для усходніх славян.
Відавочна, усё гэта аніяк не прыніжае масштаб ягонай фігуры і значнасць ягоных дзеянняў. Але ж, пагадзіцеся, аўтар першай надрукаванай кнігі ва ўсёй Усходняй Еўропе і на тэрыторыях, што можна пазначыць як населеныя усходнімі славянамі – даволі розныя рэчы.
Да чаго тут Чарнагорыя?
У адным з музеяў пабачыў, што першую кнігу ў Чарнагорыі – і ўвогуле на Балканах – надрукаваў князь Іван Црноевіч, дзеля чаго прывез з Венецыі друкарскі станок.
Адбылося гэта ў горадзе Цэтынь у 1494 г.
Першай маёй думкай было штосьці кшталту “э, які яшчэ 1494???”.
Што ж, уласныя стэрэатыпы і ўяўленні, якімі б устойлівымі яны не былі, варта рэфлексаваць. У тым ліку дзеля гэтага і падарожнічаю.
Наступная частка будзе пра Цэтынь і гэтак званую Сапраўдную Чарнагорыю.







Leave a comment