4. Сапраўдная Чарнагорыя

У межах сучаснай Чарнагорыі ёсць рэгіён, які не скарыўся ані туркам, ані венецыянцам, аб якіх ішла гаворка ў мінулых частках – так бы мовіць, core part гэтай краіны, яе культуры і нацыі.

Чарнагорыя Сапраўдная, яна ж Чарнагорыя Старая – гэта невялічкі рэгіён вакол горада Цэтынь, які да 1946 г. быў сталіцай краіны.

Адразу зазначу, што ў мяне няма ўпэўненасці, як карэктна транслітэраваць Цетиње / Cettigne – я буду ўжываць Цэтынь, але не настойваю.

Можна ўмоўна лічыць, што у Чарнагорыі дзве сталіцы: культурная Цэтынь і адміністратыўная Падгорыца, такія сабе Менск і Мінск.

Праз некалі сталічны статус у Цэтыне шмат будынкаў, дзе раней мясціліся амбасады розных дзяржаў.

Прачытаў недзе, што вось гэты лічыцца найпрыгажэйшым.

Я адмыкнуў калітку, ўвайшоў у дом і пабачыў некалькіх жанчын, якія пілі за сталом гарбату.

Што тут, кажу, цікавага у вас ёсць? Музей? Галерэя? Сувеніры?

Яны злякаліся і папрасілі мяне выпердаляць, бо гэта прыватная ўласнасць, і зараз мы паліцыю паклічам.

Я ўзгадаў, што знаёмыя перыядычна кажуць, што я занадта нахабны (як для беларуса), таму выбачыўся і паабяцаў неяк паскрамней сябе весці.

Калі ўзбярэжныя гарады кшталту Будвы і Котара вядуць сваю гісторыю ўжо некалькі тысячагоддзяў, то Цэтынь была заснавана ў 1482 г. князем Іванам Црноевічам.

Ён шукаў месца пад абаронны фарпост ад туркаў, таму абраў карставую даліну паміж гарамі Лоўчэн.

Тут ён збудаваў манастыр, які неўзабаве стаў цэнтрам праваслаўя ў рэгіёне, крэпасць, ну і шмат чаго яшчэ карыснага зрабіў – у прыватнасці, у 1494 г. надрукаваў першую на Балканах кнігу, якую я ўзгадваў у мінулай частцы.

Удала абранае месца, фартыфікацыі і супраціў мясцовых не дазволіў туркам захапіць горад і наваколле – тры ці чатыры разы яны спальвалі яго разам з Цэтыньскім манастыром, але чарнагорцы хутка вярталі кантроль і неўзабаве ўсё адбудоўвалі.

Для чарнагорскай ідэнтычнасці гэты факт грае важную ролю, бо суседнюю Сербію, як і практычна ўсё навокал, туркі паспяхова захапілі.

Старая Чарнагорыя хоць і была цалкам ізалявана туркамі ад знешняга света і не мела паўнавартаснай незалежнасці, але ж, ну, шырокая аўтаномія.

У справе здабыцця незалежнасці адметную ролю адыграў мітрапаліт Даніла I – заснавальнік роду Негашаў, які кіраваў Чарнагорыяй з 1697 г. і ажно да канца Першай сусветнай.

Ён пахаваны ў Цэтыньскім манастары, а калі прайсці ад яго трохі ўгару (нібы тут ёсць іншыя маршруты), то хвілінак праз 40 можна натрапіць на вось такі мемарыял.

Чарнагорыя на той момант была тэакратыяй – мітрапаліт меў і свецкую, і духоўную ўладу, Даніла I скарыстаўся і той, і другой.

Пры яго кіраванні пачаліся рэгулярныя сутычкі з туркамі, якім не надта падабалася ваяваць пасярод гор супраць маленькіх партызанскіх атрадаў.

Даніла ўмацаваў сувязі з рускімі – тыя былі зацікаўлены ў падтрымцы праваслаўных як у інструменце ціску на Асманскую імперыю і дапамаглі чарнагорцам зброяй і грашыма.

Чарнагорыя – ледзьве не адзіная краіна, на якую расея аказала станоўчы ўплыў.

Акрамя дыпламатыі і ўзброенай барацьбы са знешнім ворагам, у мэтах умацавання незалежнасці Даніла шырока ўвёў у практыку пераслед і пакаранне здраднікаў – тых чарнагорцаў, якія супрацоўнічалі з асманамі і асабліва тых, што прынялі іслам.

Ютуба тады не было, і некаму было патлумачыць, што трэба ўсіх прабачаць, з усімі прымярацца і не злаваць дзеда, таму аднойчы Даніла сабраў кентоў і выразаў некалькі сотняў суайчыннікаў – гэтая падзея 1704 г. засталася ў хроніках як Крывавая ноч святога Іаана.

Усё гэта разам, шмат разоў паўторанае, умацавала княства і паспрыяла незалежнасці – па выніках руска-турэцкай вайны 1878 г. туркі былі вымушаны прызнаць такія дзяржавы як Чарнагорыя, Сербія, Балгарыя і Румынія.

У наступнай частцы гаворка пойдзе якраз пра незалежнасць.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).