У пятай частцы гаворка пойдзе пра нацыяналізм, панславізм і тое, як розныя балканскія народы апынуліся ў межах адной дзяржавы.
Здымкі будуць з Будвы, бо пра яе ў мяне няма асобнага тэксту.
Значыць, раней як было? Напрыклад, мы з табой жывем у двух суседніх, няхай нямецкіх гарадках – і ты, і я размаўляем па-нямецку, у нас агульныя культура, светапогляд і каштоўнасці.
Але ў пэўны момант мы будзем супраць адно аднога ваяваць.
Чаму?
Ну, напрыклад, таму што мой горад належыць імператару Аўстрыі, твой – каралю Прусіі, а вайна няхай праз тое, што памёр курфюрст якой-небудзь Баварыі. Адпаведна, прускі кароль і аўстрыйскі імператар уступаюць у барацьбу за баварскае нашчадства.
Хто пераможа на палі бою, той і будзе кіраваць мясцовымі людзьмі і тэрыторыямі.
Выбараў, вядома, няма, гаражане і тым больш сяляне на свой лёс не ўплываюць, улада – ад Бога і толькі для невялічкай колькасці абраных. Неяк вось так жывем (канкрэтна мы з вамі – дагэтуль).












Цягам 18-19 ст. у Еўропе набірала абароты ідэалогія нацыяналізма – як канцэптуальнага адказа манархічнаму парадку, саслоўнаму падзелу грамадства, ну і імперыялізму.
То бок, падзел людзей на дзяржавы паводле культуры, мовы і этнасу замест бясспрэчнага права радавых дынастый на зямлю і тых, хто на гэтай зямлі жыве.
Калі казаць пра імперыі, то для народаў падпарадкаванных усё даволі проста – без магчымасці самакіравання цябе сёння купілі, заўтра прадалі, паслязаўтра кінулі ў мясны штурм па загаду з нейкіх далёкіх сталіц, дзе цэнтралізавана ўся вертыкаль улады.
Што да, так бы мовіць, тытульных народаў імперый, то з часам кантроль іншых народаў з іншымі культурамі патрабаваў ўсё больш рэсурсаў, і прыносіў усё менш бенефітаў.
Імклівае развіццё ўсялякіх прамысловасцей, індустрыалізацый і іншых сэрвісных эканомік выбіла табурэт (эканамічны, не ідэалагічны) з-пад ідэй тэрытарыяльнай экспансіі.
Дзе-нідзе нацыяналістычныя ідэі перамаглі імперскія:
– непакорлівыя балканскія народы стагоддзямі паўставалі і такі дасяглі развалу Асманскай імперыі;
– пасля разгрому ў Паўночнай вайне 18 ст. ад сваіх імперскіх амбіцый цалкам адмовілася Швецыя і неўзабаве перайшла да палітыкі нейтралітэту;
– пасля WWII свае калоніі адпусціла Вялікая Брытанія – праз эканоміку, міжнародны ціск (пераважна з боку ЗША), і нацыяналістычныя рухі ў Азіі і Афрыцы.
Дзе-нідзе імперская ідэя ўтрымалася – напрыклад, расейцы пасля рэвалюцыі 1917 змянілі сцяг, назву і лозунгі, але ж сутнасць іхняй дзяржавы засталася той жа: цэнтралізацыя ўлады, русіфікацыя падпарадкаваных народаў, тэрытарыяльная экспансія.

Пасля 1991 г. шмат хто (я ў тым ліку) паверыў, што яны змяніліся, але іх грамадства жыве паводле тых самых прынцыпаў і ідэй, што і 200-300 гадоў таму.
І калі ваенныя інтэрвенцыі ў Малдову, Грузію і Чачню не пераканалі ў гэтым большасць свету (мяне ў тым ліку), то злачынствы, якія яны апошнія тры гады (11) робяць ва Украіне, зрабілі гэта відавочным.
Такім чынам, шмат якія еўрапейскія краіны у розны час прайшлі свой шлях ад імперыі да нацыянальнай дзяржавы.
Прычыны гэтага былі розныя, але наўрад ці б хоць адна імперыя развалілася без нацыяналістычнага руху ўнутры сваіх межаў.
Таму нацыяналізм як ідэя – асноўны вораг любой імперыі, і цалкам натуральна, што тая ж расея так шмат укладае ў барацьбу з нім праз прапаганду і знішчэнне ўсяго нярускага – як ідэалагічнае, так і фізічнае.
Мы па-над 200 гадоў існавалі (і існуем) як калонія расейскай імперыі, таму натуральна, што і працэс асэнсавання саміх сябе як паўнавартаснай нацыі ў нас дагэтуль не адбыўся – прынамсі, масава.
Мы (большасць грамадзян РБ) адносім сябе да беларусаў не праз моўна-культурна-этнічныя канструкцыі, як гэта характэрна для іншых еўрапейскіх народаў, а проста праз месца нараджэння.

Што характэрна і для іншых народаў, якія былі альбо застаюцца ў складзе расеі – чым больш часу яны там знаходзяцца, тым больш размыты і маргіналізаваны ідэі абасобленнасці ад усяго расейскага, тым прываблівей ідэя прывязкі да зямлі.

Адпаведна, і з канцэпцыяй нацыяналізма мы ў сваёй большасці знаёмыя так, як нам гэта падае расея: нацыяналізм – гэта штосьці там пра нянавісць да іншых народаў, ды і ўвогуле з-за кожнага слова з корнем “нац” запрашальна выглядае Гітлер.
Пакуль гэта так, мы з імперыі не выйдзем.

Але вернемя на Балканы.
Недзе паміж ідэямі імперыялізму і нацыяналізму сфарміравалася такая сабе панславянская ідэя – маўляў, славяне супраць тлетворнага ўплыва заходніх каштоўнасцей.
Сярод відных адэптаў канцэпцыі аб’яднання славян у адзіную дзяржаву былі і палякі, і славакі, і чэхі – але там гэтая ідэя не прыжылася, бо яе адразу ж асядлалі расейцы.
Памятаеце, як той казаў – рускія ўсё рускае называюць славянскім, каб потым усё славянскае назваць рускім?

Панславізм на прасторы Усходняй Еўропы імкліва пераўтварыўся на эквівалент аб’яднання ўсіх славян пад расейскай каронай, што фактычна стала дзяржаўнай дактрынай іхняй імперыі.
Якраз недзе ў 18 ст. яны сфармулявалі сваю шызафрэнічную ідэю “тріедіного славянского народа” – як апраўданне экспансіі на Захад.

Карту абароны славянскага насельніцтва расейцы разыгрывалі падчас шматлікіх расейска-турэцкіх войнаў, з гэтай жа нагоды яны ўступілі ў Першую сусветную, ну і, канешне, у Другую сусветную – калі ўторгліся ў 1939 разам з нацыстамі ў Польшчу з понтам, што гэта мы так абараняем братскіх беларусаў і украінцаў.
На Балканах ідэя панславізма такі спрацавала без расеі.
Мінулую, чацвёртую частку мы скончылі на тым, што ў 1878 г. чарнагорцы адваявалі сабе незалежнасць. Княства (з 1910 г. каралеўства) уступіла ў Першую сусветную вайну на баку Сербіі і, адпаведна, Антанты.
Ужо на пачатку 1916 г. Аўстра-Вугорскія войскі цалкам захапілі краіну.
Кароль Нікола I паспеў збегчы ў Італію, так што па заключэнні Камп’енскага перамір’я і сыхода ў 1918 г. аўстрыйскіх войск Чарнагорыя знайшла сябе ў статусе дзяржавы без легальнага кіраўніцтва і з незразумелымі перспектывамі.
Не толькі Чарнагорыя – Сербія, Славенія і Харватыя азірнуліся навокал і адчулі пэўны нездаровы імпэт да сябе з боку ўсё той жа Італіі, якая засталася незадаволенай вынікамі вайны, Вугоршчыны, якая выйшла з-пад Аўстрыі са сваімі інтарэсамі, ну і г.д.
Дзяржавы-пераможцы і былыя саюзнікі па Антанце не спяшаліся займацца праблемамі незразумелых славян – ёсць за вэстэрнамі такі грашок, які сістэматычна паўтараецца са стагоддзя ў стагоддзе.
Наабяцаюць нечага, нападпісваюць мемарандумаў, а потым скардзяцца, што касцюм не такі.












Карацей, славяне вырашылі, што лепей трымацца разам – тут і знешняя загроза, і ідэя панславізма, якая не выглядала небяспечнай на Балканах, бо расея далёка.
Ролю старэйшага брата ўзялі на сябе сербы – лакальны гегемон паводле рэсурсаў, насельніцтва і вядомасці ў Еўропе.
1 снежня 1918 г. у Белградзе было абвешчана Каралеўства СХС – сербаў, харватаў і славенцаў, а сербскі манарх Пётр I стаў каралём аб’яднання.
Панславізм у гэтым рэгіёне трансфармаўся ў пансербізм – у кожнай з пералічаных краін былі свае прасербскія палітычныя рухі.
У 1929 г. наступны кароль, Аляксандр I надаў гэтай манструознай дзяржаве назву Югаславія.
Зыходна ўсе народы аб’ядналіся па прынцыпе федэрацыі і мусілі захаваць шырокую аўтаномію.
Сербы, аднак, як і належыць старэйшаму брату, шчыра на гэтыя дамоўленасці забівалі.
Шмат пазней гэта ўсё прывяло да распаду дзяржавы, этнічных чыстак і іншых малапрыемных падзей, якія заўсёды ўзнікаюць пры спробе штучна аб’яднаць людзей з рознымі культурамі пад адным сцягам.
У наступнай частцы пагаворым пра тое, як у Югаславію патрапіла канкрэтна Чарнагорыя.







Leave a comment