Гэтую частку прысвячаю гораду Бар – паказваю стары і новы горад, а напрыканцы распавяду, як чарнагорцы радыкальна вырашылі праблемы сваёй нестабільнай валюты.
Бар стаіць на ўзбярэжжы Адрыятыкі – гэта галоўны порт краіны і буйны лагістычны вузел. Чыгунка вядзе да Падгорыцы і далей у Сербію, а па моры ганяюць паромы ў Італію.



















Для майго вока Бар, адбудаваны пасля землятрусу 1979 г., выглядае больш звыкла за лялькавыя Котар альбо Цэтынь. Для сябе я ўвёў такую катэгорыю, як горад, па якім асабліва прыемна шпацыраваць пад Маўчаць Дамы альбо Нюрнберг.
Бадзяўся вакол гэтых будынкаў і думаў, што вось жа ён – горад, у якім маўчаць дамы.







Але гэта ўсё, так бы мовіць, Новы Бар.
Рэдкі еўрапейскі горад можа пахваліцца тым, што яго гістарычная частка знаходзіцца, уласна, па-за межамі горада.
Тут, каб дабрацца да Старога горада, трэба кіламетраў пяць тупаць углыб ад узбярэжжа і трошкі ўгару – праз прыватны сектар, парк (ці лясок), могілкі і вось гэта ўсё.




Як так атрымалася?
Бар заснавалі недзе ў 3 ст. да н.э. яшчэ ілірыйцы – старажытны народ, які жыў на Балканах да экспансіі туды славян. Напрыклад, нашчадкамі ілірыйцаў лічацца албанцы.
Затым ён быў часткай паслядоўна Рымскай імперыі, Візантыі, Сербіі і Венецыі, пакуль у 1571 г. яго нарэшце не заваявалі туркі.
Пад Асманскай імперыяй горад праіснаваў да вайны 1876-1878, паводле якой Чарнагорыя здабыла незалежнасць.
Падчас штурмавых дзеянняў з боку чарнагорцаў Бар зазнаў моцных пашкоджанняў, таму жыхары пачалі сяліцца бліжэй да мора – так вакол існуючага там порта вырас ужо Новы Бар.
Вышэй згаданы землятрус 1979 г. канчаткова завершыў гэты працэс.
Цяпер на месцы напаўразбуранай крэпасці – музей пад адкрытым небам, ну і навокал ўсялякія кафэшкі і іншыя цікавосткі для турыстаў.














Паколькі Стары Бар знаходзіцца на ўзвышшы, вось такі відок з яго на наваколле.


Калі развярнуцца ў другі бок – ну, горы, канешне.
Узгадваў ужо, але скажу яшчэ раз – чарнагорскія горы ўвесь час нагадвалі мне акуратна нарэзаную халву.






Мне запомніўся не столькі сам Стары горад, колькі дарога да яго – люблю пашпацыраваць па ўмоўна сельскай мясцовасці.
У гарадах усе аднолькавае – дамы, кватэры, людзі. А тут кожны домік – індывідуальны, непадобны на іншых.
Нехта во адаптаваў стары бусік пад курэй.

Шпацыраваў і думаў, што для мяне сама дарога, сам працэс руху мае нашмат большае значэнне чым канчатковая кропка на мапе.







Звычайна мне не падабаецца ў праваслаўных царквах, але я асабліва ўпадабаў сабор святога Йована Уладзіміра.












Так, ну і напрыканцы распавяду яшчэ пра адзін хітрык, які чарнагорцы здзейснілі са сваёй валютай – сам па сабе ён кароткі і просты, але пачну з невялічкага ўступу.
Я заўжды ўважліва сачыў за нашай медыяпрасторай, чытаў-глядзеў і навіны, і інтэрвью, і аналітыку.
Для мяне гэта ў пэўным сэнсе акт мазахізму, бо думкі і ідэі, якія там цыркулююць, мне шчыра не падабаюцца (за рэдкімі выключэннямі).
Адна з прычын: слухаючы чарговае інтэрвью альбо чытаючы якую-небудзь экспертную калонку, я не магу пазбавіцца адчування, што пражываю дзень сурка, расцягнуты на адзін-два электаральныя цыклы.
Мы пераможам – будзем дзейнічаць толькі паводле заканадаўства! – ну не будуць жа яны… – рэпрэсіі, палітзняволеныя і эмігранты – трэба верыць у лепшае – мы прайгралі, але мы неверагодныя – трэба дамаўляцца з рэжымам – рэпрэссіі неўзабаве спыняцца – на наступныя выбары ён дакладна не пойдзе – мы пераможам, ну і далей па колу.
Змяняюцца прозвішчы, вагаецца маштаб падзей, але сутнасць агучаных думак застаецца той самай. Прынамсі, апошнія гадоў 30 (можа і ўсе 300).
Галоўнае, сябры – гэта верыць у лепшае, бо як мы сабе ў галаве наўяўляем, так яно і будзе. Рэжым абавязкова пасыпецца, таму што…
Ну, таму што, а як інакш?
Вунь Асад за тры дні рассыпаўся, а яшчэ Чаўшэску, ды і ўвогуле на штыках не ўсядзіш.
Прыляціць чорны лебедзь і адкрые нам акно магчымасцей. А там – ррраз – і вэлкам ту Новая Беларусь.
Прачытае лукашэнка архіў якой-небудзь там Хартыі і пабачыць, што ён ужо гадоў дваццаць як пры смерці – то палец дрыжыць, то нагу падвалаквае, а то і ўвогуле – страшна сказаць – насмарк, і зразумее, што народ яго не любіць, і ўвогуле нас 97, ну і памрэ ад злосці.
Разгубяцца тады качанавы і караевы, церцелі і галоўчанкі, развядуць рукамі – маўляў, ды ў нас і плана ніякага на такі выпадак не было… Што ж нам рабіць? Ну, хіба толькі свабодныя выбары, бо ўся дыктатура выключна на адным лукашэнке і трымалася.
Махнуць рукой недзе ў далёкай Маскве недалёкія маскавіты на сваіх малодшых братоў. Скажуць, што нам тая Беларусь, сувярэнная краіна! Мы паважаем правы ўсіх народаў абіраць свой лёс – і украінцаў, і малдаван, і грузін, ну і беларусаў, канешне. Няхай робяць сабе, што хочуць.
Усплакнуць у ільготных кватэрах дзесяткі тысяч узброенных сілавікоў, раскаюцца са страшэннай сілай за ўсё, што нарабілі, і пачнуць самі сябе арыштоўваць і бязлітасна судзіць – у імя дэмакратыі.
Калі дакладна ўсё пералічаннае здарыцца – невядома, таму і падрыхтавацца да гэтага немагчыма. А значыць, і рабіць нічога не трэба – дастаткова толькі верыць і чакаць.
Нас вунь стагоддзямі знішчалі, а мы цярпелі – насамрэч, гэта такая стратэгія выжывання.
Я не думаю, што мы аднойчы выйдзем з гэтага кола, уласна, набор падобных думак нас там надзейна ўтрымлівае.
Тут хаця б выбрацца з цёплай ванны безпадстаўных надзей, але ж ідэя абстрактнай справядлівасці выглядае прываблівей за рэчаіснасць, яна не патрабуе аналізу каштоўнасцей і матывацыі розных груп людзей, ёй дастаткова простай веры.
У любой публічнай размове кожны з тэзісаў кшталту – на штыках не ўсідзіш, палітвязні не дасядзяць свае тэрміны, рэпрэсіі выйшлі на плато, беларуская армія не стане ваяваць – мусіць упірацца ў “чаму”.
На падставе чаго выбудоўваюцца гэтыя абстракцыі, які аналіз, якая сацыялогія, якія гістарычныя прыклады дазваляюць гэта сцвярджаць?
Вядома, гэтага не адбываецца.
І вось я слухаю, як чарговы балбатун распавядае пра тое як беларусы самі па сабе беларусізуюцца, як у маляўнічую Новую Беларусь ракой пацякуць інвестыцыі і што гэта ўсё ўжо вось-вось, трошкі засталося, бо дыктатуры, яны ўсе такія, ррраз, і не пазнаеце краіну – і мне шчыра прыкра.
Калі нібыта паважаныя людзі з досведам, рэгаліямі і аўдыторыяй сур’ёзна такое кажуць, то дакладна нічога ніколі не зменіцца.
Але, ну няхай мой скепсіс не мае рацыі, няхай насамрэч у свеце не існуе прычынна-наступственных сувязей і перамагаюць не тыя ідэі, у якія ўкладаецца больш рэсурсаў і волі, а тыя, што абстрактна справядлівыя і прыгожыя (прычым, канкрэтна для вас).
Уявім, што настаў той шчаслівы дзень, калі прыляцелі ўсе існуючыя на планеце чорныя лебедзі, і неяк сама сабой з’явілася Новая Беларусь – там, дзе лагодная беларусізацыя, справядлівы суд і іншыя малочныя рэкі.
Я дакладна ведаю, што будзе адбывацца ў самыя першыя дні гэтай чароўнай і міфічнай краіны.
У першыя дні, а тое і хвіліны існавання гэтага адзінарога беларусы пабягуць штурмаваць абменнікі – што, на маю думку, цалкам натуральна.
І вось у гэты самы момант можна будзе скарыстацца досведам чарнагорцаў, бо яны ўжо ўсё за нас прыдумалі.
У 2006 г. Чарнагорыя здабыла незалежнасць ад Сербіі праз рэферэндум, у 2010 г. краіна атрымала статус кандыдата на ўступ у Еўразвяз – чакаецца, што гэта можа адбыцца не раней за 2030 г.
На сёння Чарнагорыя не ўваходзіць у еўразону, гэтаксама як і ў Шэнген – пры гэтым афіцыйнай валютай краіны з’яўляецца еўра.
Адпаведнага дазволу ніхто Чарнагорыі не даваў, але хітрыя чарнагорцы яшчэ ў 2002 г. проста ўзялі і ў аднабаковым парадку заявілі, што вось, цяпер у нас тут еўра.
У Еўрапейскім цэнтральным банку трохі ад гэтага прыфігелі, але ж Еўразвяз стрымана гэтую ініцыятыву падтрымаў, бо стабільнасці у краіне – спрыяе, еўраінтэграцыю – паскорвае.
Такім чынам, Чарнагорыя не можа ўплываць на сваю грашовую палітыку – друкаваць грошы альбо кантраляваць іх колькасць, але, з іншага боку, няма праблемы з інфляцый, прасцей з інвестыцыямі і г.д.
Агулам, гэта не частая, але вядомая практыка: гэтаксама зрабіла Косава, а з USD – такія краіны як Панама, Эквадор і Зімбабвэ.
Калі ты не можаш эмітаваць валюту, то яе наяўнасць унутры краіны мусіць быць забяспечана экспартам, інвестыцыямі, крэдытамі, турызмам – мякка кажучы, не самыя моцныя бакі Беларусі.
Таму не кажу, што так патрэбна рабіць, але мне падаецца слушным разглядаць досвед краін з падобнымі да нашых праблемамі, хоць бы і эканамічнымі.
















Усё на гэтым, наступная частка прысвечана нацыянальнаму адраджэнню чарнагорцаў – яны сваю Новую Чарнагорыю пачалі будаваць напрыканцы 90-ых.
Аповед пра Чарнагорыю:
- Інтра
- Рэха Венецыі (Котар)
- Францыск Скарына
- Сапраўдная Чарнагорыя (Цэтынь)
- СХС (Будва)
- Белыя і зялёныя (Падгорыца)
- Еўра (Бар)
- Лагодная чарнагарызацыя
- Мы лёгкія, як папера (Святы Стэфан)
- Мова
Усе аповеды: змест.








Leave a comment