1. Інтра

1. Інтра

Знаёмства з Мальтай пачынаем з традыцыйнага інтра-уступу: падабенства з Іерусалімам, мігранты, левабаковы рух і, канешне ж, індэкс паштоўкі.

З кожнай наведанай краіны дасылаю лісты палітвязням і вяду разлік індэкса паштовай маркі ў Беларусь, то бок, колькі каштуе адна міжнародная адпраўка.

Кошты ў USD на момант адпраўкі, актуальны курс і кошт можа адрознівацца:

  • Данія: $7.04 (50 крон)
  • Швецыя: $3.42 (36 крон)
  • Ізраіль: $2.70 (10 шэкелей)
  • Польшча: $2.47 (10 злотых)
  • Чэхія: $2.21 (48 крон)
  • Сакартвэла: $2.10 (4.7 лары)
  • Літва: $2.05 (1.75 еўра)
  • Мальта: $1.61 (1.5 еўра)
  • Турэччына: $1.50 (30 лір)
  • Казахстан: $1.34 (700 тэнге)
  • Аўстрыя: $1.33 (1.2 еўра)
  • Нямеччына: $1.11 (0.95 еўра)
  • Чарнагорыя: $1.02 (0.95 еўра)
  • Албанія: $0.93 (90 лек)

Паляцелі паштоўкі ў Менск, Магілёў, Гомель, Воршу, Горадню, Жодзіна.

Саковіч Яраслаў
Кулікоў Аляксандр
*Казлоў Мікалай
*Шарэнда-Панасюк Паліна
*Сакаленка Ала
*Сушчык Зьміцер
Каско Аляксандра
*Вінаградаў Павел
*Рубец Алег
Рабкова Марфа

Калі ўжо падлятаў, то раптам зразумеў, што яшчэ ніколі ў жыцці не быў на востраве – на такім, сапраўдным, каб можна было дабрацца толькі альбо па моры, альбо па паветры.

Па самым першым уражанні Мальта нагадала мне Іерусалім – спёка, пальмы, будынкі з белага камення, візуальна падобныя людзі – мальтыйцы паводле этнасу адносяцца да семіцкіх народаў, як габрэі, арабы і г.д.

Мальтыйская мова, адпаведна, падобная на арабскую, бо належыць той жа моўнай групе – але ж, відавочна, з вялікім уплывам італьянскай і ангельскай. Дарэчы, гэта адзіная семіцкая мова, якая мае лацінскую пісьмовасць.

Пры гэтым, мальтыйцы – хрысціяне, пераважная большасць насельніцтва вострава з’яўляецца каталіцкімі вернікамі.

Я на пачатку падарожжа яшчэ і жыў каля царквы, таму цягам дня перыядычна чуў званы. Не ведаю, як вы святкуеце дзень святога Валентына, але ў мяне вось 14 лютага быў цэлы хросны ход.

З кожным годам, праўда, доля каталікоў на Мальце зменьшваецца, але не праз унутраныя сумнёвы ў веры, а праз знешнюю міграцыю – так, на востраве з насельніцтвам трохі больш за паўмільёна, у 2011 г. жыло 5% іншаземцаў, а на сёння – каля 30%. Найбуйнейшай групай з’яўляюцца індыйцы.

Я для сябе дагэтуль не знайшоў адказ, навошта краінам Заходняй Еўропы патрэбна настолькі масавая міграцыя людзей іншых культур, заўважная частка якіх і не працуе, і не асімілюецца.

Гэта іх справа, і дакладна не мне вучыць еўрапейцаў, як ім жыць – але ж шчыра цікава.

Неяк ехаў на таксоўцы, спытаў у кіроўцы-індуса, як яму тут. Ён паціснуў плячыма і кажа, так а што мне гэтая Мальта, я працую ўвесь час, грошы сям’і дасылаю, нідзе не быў, нічога не бачыў.

Што ж, беднасць аб’ядноўвае мацней за культуру – ментальна мігранты з далёкай Індыі для мяне нашмат больш зразумелыя, чым геаграфічна блізкія вэстэрны.

У індусаў, дарэчы, цікавы акцэнт – я некалі шмат з імі працаваў, і тады першы месяц пайшоў на тое, каб хоць трошкі навучыцца іх разумець.

Гэтае падарожжа падаравала мне чарговы лінгвістычны прышпіл – я засяляўся ў нейкую хату, і доўга не мог зразумець, на якім яна паверсе.

– Pips floor, sir, – махаў рукамі індус на рэсэпшне. – PIPS!

– Aaa, – нарэшце да мяне дайшло. Fifth, kurwa…

З іншых моваў, якія можна пачуць на вуліцы, вельмі заўважна польская, на маю думку – дзякуючы танным рэйсам Wizz Air з Варшавы.

Праз што, у прыватнасці, і я тут апынуўся – складаю падарожжы па прынцыпу найтаннейшых квіткоў.

Што мне істотна не падабаецца ў падарожжах па-за межы Усходняй Еўропы дык гэта кухня – я велікі аматар канцэпцыі “пюрэшка з катлеткай”, таму не ўспрымаю як ежу кебабы, бургеры, піццы і г.д.

А ўж такія рэчы як french fries увогуле разглядаю як асабістую абразу (хоць і магу зажраць, канешне).

Гэта я зайшоў у нейкі супермаркет за ежай – як па мне, выбар відавочны, каму нафіг патрэбныя гэтыя вашыя апельсіны.

Таму быў шчаслівы натыкнуцца на гэтае месца!

Пабалакаў трохі з гаспадаром-палякам – ён быў вельмі абураны на Беларусь, маўляў, а чаго гэта вы кажаце, што ў Польшчы нават солі няма і праз гэта галодныя палякі прыязжджаюць на мяжу з РБ клацаць зубамі.

Уяўляеце, дзяржаўная прапаганда ажно да Мальты дабівае.

Мальта – гэта некалькі востраваў, адпаведную назву мае найбуйнейшы з іх, там і адбываецца ўсё жыццё. Востраў Гоза існуе больш для турыстаў.

Уся Мальта – 315 кв. км. Менш за Менск! Але, як высвятлілася, яе фіг аб’едзеш за нейкі кароткі тэрмін.

Востраў не з’яўляецца монагорадам – гэта кластэр з маленечкіх гарадоў на 10-20 тыс. чалавек, якія ў асноўным лакалізаваны ўздоўж узбярэжжа. Лінія ўзбярэжжа, адпаведна, няроўная, таму адлегласць з аднаго пункта ў іншы істотна большая, чым падаецца паводле мапы.

Пазначаная зялёным вобласць вакол мальтыйскай сталіцы Валета фарміруе гэтак званую Вялікую Гавань – Grand Harbour. Менавіта тут адбылася большасць падзей, звязаных з гісторыяй Мальты.

Канешне, не Poland Business Harbour, але таксама цікава.

На хуткасць прасоўвання паміж гарадамі уплывае і абмежаванне хуткасці ў 40 км/г, праз што коркі ўтвараюцца ў любы час.

Яшчэ на Мальце левабаковы рух транспарту – прывітанне імперскаму нашчадству Брытаніі. Даведаўся тут, што каля 1/3 насельніцтва планеты (у асноўным за кошт Індыі і Пакістану) ганяе па леваму баку дарогі.

З горада ў горад можна даехаць на аўтобусах. Я люблю карыстацца грамадскім транспартам, бо акрамя таннасці, гэта яшчэ і хуткае пагружэнне ў мясцовую культуру.

Мальтыйская мне падалася стэрэатыпна паўднёвай: пасажыры лёгка знаёмяцца адзін з адным, глядзяць без навушнікаў цік-токі, радасна штосьці крычаць сваім новым сябрам праз увесь салон.

Кіроўцы адчыняюць дзверы задоўга да таго, як спыніцца – і наадварот, прапускаюць прыпынкі. Пасажыры пачынаюць гаманіць, кіроўца разражнёна спыняе аўтобус пасярод дарогі, іншыя машыны сігналяць.

Жыццё.

Мне мальтыйскі тэмперамент спадабаўся. Мая персанальная фаварытка гэтых паездак на аўтобусах – жанчына сталога веку, якая недзе паўтары хвіліны развітвалася з кіроўцам. Яны махалі адзін адному, жартавалі, смяяліся, аўтобус увесь гэты час стаяў на прыпынку з адчыненымі дзвярыма.

Ніхто нічога не сказаў, ніякіх заўваг. Каеф.

Гэта досыць моцна адрозніваецца ад звыклай мне культуры, дзе мы едзем на працу раніцай з кіслымі тварамі, моўчкі гледзячы на дождж за вакном. “Гудок на работу…”

У тым ліку дзеля гэтага я і падарожнічаю – цікава паглядзець, як жывуць іншыя людзі.

Аповед пра Мальту:
1. Інтра
2. Сэнглея
3. Гаспітальеры
4. Мальтыйскі ордэн
5. Валета
6. Другая сусветная
7. Смерць з паветра
8. Біргу
9. Рэшта

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).