2. Сэнглея

2. Сэнглея

Як выглядае мальтыйскі горад? Распавядаю на прыкладзе Сэнглеі: горад-крэпасць памерамі 1км х 200м, пабудаваны у 16 ст. рыцарскім ордэнам Гаспітальераў для абароны ад туркаў.

Калі б я хацеў коратка распавесці пра Мальту, то для прыклада ўзяў бы менавіта гэты абнесены сцяной горад-крэпасць – па маім уласным адчуванні, ён такі вельмі мальтыйскі, з характэрнымі рысамі гэтай краіны.

Ва ўступнай частцы “Інтра” я ўзгадваў, што большасць адметных для гісторыі Мальты падзей адбылася вось тут, дзе чырвоным пазначаны гэтак званы Grand Harbour, Вялікая Гавань.

А вось яна, Сэнглея – невялічкі горад, усяго 0.2 кв. км. То бок, груба кажучы, кіламетр у дліну і 200 метраў у шырыну. Мясцовых тут жыве усяго некалькі тысяч чалавек, а на пачатку мінулага стагоддзя іх было каля дзесяці тысяч, што рабіла гэты горад адным з найбольш густанаселенных у Еўропе.

Усё думаў, з чым параўнаць памеры, а потым зразумеў, што вось жа яно: Парк Купалы, Кастрычнікая, Цэнтралка, Мак (хіба яго няма ўжо?).

Горад пачаўся з узведзенай яшчэ ў 1311 г. капліцы, з якой пазней паўстала царква на гонар Юліана Беднага – заступніка падарожнікаў.

Вядомы ён тым, што будаваў шпіталі і дамы для паломнікаў, таму ў каталіцкай традыцыі гэты святы ўзгадваецца як Юліан Гасцінны, альбо, згодна з ангельскім hospitality – Юліан Гаспітальер.

Не, рыцарскі Ордэн Гаспітальераў названы не на яго гонар – так супала.

У 1552 г., калі Мальта ўжо была пад уладай ордэну, вакол царквы пачалі будаваць горад, дакладней, горад-крэпасць у мэтах абароны Вялікай Гавані і вострава агулам ад туркаў.

Новы горад назвалі на гонар тагачаснага Вялікага магістра ордэна – Клода дэ ла Сэнгля, што даволі характэрна для Мальты.

Сэнглея адыграла важную ролю падчас турэцкай асады (яна ж Вялікая асада, Great Siege) у 1565 г. Некалькі фортаў (у прыватнасці, той што на здымку, форт Святога Анёла) былі разбураны і захоплены, але ж у Сэнгею туркі так і не здолелі зайсці.

Ад Вялікага магістра Гаспітальераў, якія кіраваў абаронай вострава, Сэнглея атрымала ганаровую назву Civitas Invicta – Няскораны горад.

Магістра, дарэчы, звалі Жан дэ ла Валет і так, сталіца Мальты Валета (на здымку) названа на яго гонар.

Вось так Сэнглея выглядае непасрэдна з Валеты.

Пэўна, галоўна месца Сэнглеі – Базыліка Багародзіцы, якую збудавалі яшчэ у 1580 г.

Падчас Другой сусветнай нямецкая і італьянская авіацыя істотна зруйнавалі горад, у прыватнасці, цалкам разнеслі і царкву, таму большасць будынкаў на гэтых здымках адрэстаўраваны у 50-60 гадах.

Аповед пра Мальту:
1. Інтра
2. Сэнглея
3. Гаспітальеры
4. Мальтыйскі ордэн
5. Валета
6. Другая сусветная
7. Смерць з паветра
8. Біргу
9. Рэшта

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).