3. Гаспітальеры

Трэцяя частка аповеду пра Мальту – аб тым як праз хрысціянска-мусульманскія войны паўстаў Ордэн Гаспітальераў.

Але ж спачатку коратка пройдземся па гісторыі самой Мальты.

Першыя людзі дабраліся сюды прыкладна 7 тысяч гадоў таму з Сіцыліі, якая там зусім побач. Шмат пазней востраў каланізавалі фінікійцы (старажытны народ з тэрыторыі сённяшніх Сірыі і Лівіі), якія панавалі там каля 500 гадоў, пакуль у 200 г. да н.э. востраў не занялі рымляне.

На мапе чырвоным пазначана Рымская імперыя, а ружовым у Афрыцы – Карфаген (такі сабе падбор колераў).

Па распаду Рымскай імперыі, у 535 г. востраў прыбрала сабе Візантыя, а бліжэй да 870 г. усё навокал заваявалі арабы.

Агулам, арабы маюць даўнія традыцыі паспяховай экспансіі ў Еўропу – так выглядалі іх заваяванні на мяжы першага і другога тысячагоддзя, да пачатку Рэканкісты на Іберыйскім паўвостраве.

Праз некалькі стагоддзяў арабскага панавання ў 1091 г. Мальту ў арабаў адбілі – ніколі не здагадаецеся – вікінгі.

Дакладней, нарманы – паўночныя людзі – нашчадкі той хвалі вікінгаў, што асела на ўзбярэжжы Францыі і заснавала там княства Нармандыя.

Адтуль яны дабраліся ажно да паўднёвай Італіі, дзе мясцовыя феадалы наймалі іх сабе на вайсковую службу.

Нарманы ў пэўны момант задаліся пытаннем, ці не надакучылі ім гаспадры гэтых зямель, аб’ядналіся ў кланы па расаваму прызнаку і пачалі актыўна рэзаць мясцовых – так пад іх уладу спачатку перайшлі асобныя гарады, а затым яны стварылі сабе цэлае Сіцылійскае каралеўства са сталіцай у Палерма.

Агулам, напрыканцы 11 стагоддзя у Заходняй Еўропе адбывалася шмат чаго цікавага. Да таго часу еўрапейцы, так бы мовіць, прапрацавалі ўласныя траўмы распаду Рымскай імперыі: даўно скончылася Вялікае перасяленне народаў, амаль паўсюль усталяваўся сталы феадальны парадак, расла папуляцыя, квітнеў гандаль.

Ну і, канешне, асобнае месца займала рэлігія – усе асноўныя падзеі кшталту войнаў, барацьбы за розныя прэстолы і г.д. праходзілі праз Каталіцкую царкву, якая была галоўнай палітычнай сілай Еўропы, а Папа Рымскі – адным з найбольш уплывовых яе жыхароў.

У той жа час ва ўсходняй частцы былой Рымскай імперыі – Візантыі – станам на канец 11 ст. справы ішлі не лепшым чынам.

З боку Егіпта напіралі мусульмане з Фацімідскага халіфату, з усходу – сельджукі, прадстаўнікі цюркска-персідскай імперыі і продкі будучых туркаў.

Візантыйскі імператар Аляксей Комнін вырашыў не чакаць, пакуль сельджукі дайдуць да Канстантынопаля, таму звярнуўся на Захад па дапамогу – у Папскага прэстола былі свае палітычныя прычыны для таго, каб не застацца ў баку.

18 лістапада 1095 г. Папа Рымскі Урбан II падчас Клермонскага сабору – мерапрыемства на сотні царкоўных дзеячаў – выступіў з пламенным спічам аб пакутах хрысціян пад ісламскім панаваннем і прапанаваў зладзіць арганізаваную экскурсію ў бок Іерусаліму, дараваўшы поўнае адпушчэнне грахоў усім, хто далучыцца.

“Гэтага хоча Бог!” – ускрыкнуў ён напрыканцы, і дэлегаты зайшліся ў ваяўнічым экстазе. Так быў абвешчаны першы крыжовы паход, а лацінскае “Deus Vult!” стала яго баявым воклічам.

Заходнюю Еўропу апанаваў рэлігійны энтузіазм, праведны гнеў і прага помсты. З розных накірункаў у бок Іерусаліма рушыла каля 10 тыс. рыцараў і пад 50 тыс. пешых жаўнераў – агулам з улікам небаявых адзінак армій і розных пілігрымаў выйшла каля 100 тыс. чалавек.

Па тым часам – овер дафіга. Армія ў 10 тыс. ужо лічылася агромністай, а ва ўсёй Заходняй Еўропе на той час жыло каля 25 млн чалавек.

Да Іерусаліма, праўда, дабраліся далёка не ўсе – у чэрвені 1099 г. пасля амаль чатырох гадоў у дарозе да сцен Святога гораду падыйшлі прыкладна 1,5 тысяч рыцараў і трохі больш за 10 тысяч жаўнераў.

Гэтага, аднак, хапіла – горад шпарка ўзялі штурмам, і крыжакі зацвердзілі тут Іерусалімскае каралеўства, уклініўшыся такім чынам у барацьбу Візантыі супраць мусульман.

Каралеўства праіснавала адносна нешмат, бо ўжо ў 1291 г. было разгромлена Султанатам мамлюкаў (чытай, егіпцянамі).

Пры гэтым, цікава, што пад хрысціянскім панаваннем гэтая тэрыторыя правяла 192 гады – больш, чым існуе сённяшняя дзяржава Ізраіль.

У 1099 г. навіны аб вяртанні Святой Зямлі пад хрысціянскі парадак ускалыхнулі Заходнюю Еўропу і ў бок Іерусаліму ўсталяваўся сталы паток паломнікаў і турыстаў.

На іх шляху паўставалі розныя месцы кшталту тавернаў, а ў самім Іерусаліме французкі манах Жэрар Мартыг заснаваў шпіталь для надання дапамогі і прытулку стомленным пасля доўгай дарогі паломнікам.

Па тым часам шпіталь – хутчэй не ў медычным сэнсе, а ў сэнсе гатэля. Hospital – ад hospitality, то бок, гасціннасць.

Жэрар прысвяціў свой шпіталь Яну Хрысціцелю, паступова такіх шпіталёў станавілася ўсё больш, а неўзабаве стала зразумела, што паломнікам можна яшчэ і надаваць узброеную абарону.

Так, з аднаго шпіталя вырасла цэлае аб’яднанне, якое ў 1113 г. Папа Рымскі прызнаў як асобны Ордэн Святога Яна, альбо Ордэн Гаспітальераў.

У наступнай частцы распавяду, як і чаму гэты ордэн стаў мальтыйскім.

Аповед пра Мальту:
1. Інтра
2. Сэнглея
3. Гаспітальеры
4. Мальтыйскі ордэн
5. Валета
6. Другая сусветная
7. Смерць з паветра
8. Біргу
9. Рэшта

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).