У мінулай частцы распавядаў пра Ордэн Гаспітельераў, альбо Ордэн Святога Яна. Тут пойдзе гаворка аб тым, як гэты ордэн стаў Мальтыйскім.
Ордэн Гаспітальераў, які пачынаў у 1099 г. як манашскі ордэн, што спрыяў паломніцтву ў Іерусалім, за некалькі дзесяццігодзяў пераўтварыўся ў рыцарскую вайсковую адзінку.
Тут і далей – некалькі фатаздымкаў з Палацу Інквізітара ў горадзе Біргу. У адрозненні ад рэшты Еўропы, тут інквізіцыя дзейнічала ажно да французскай акупацыі ў 1798 г.




З сярэдзіны 12 ст. як элемент вайсковай геральдыкі вядомы васьміканечны крыж – хоць і аўтарства яго недзе ў Візантыі, нам ён вядомы як Мальтыйскі крыж.
На гэтым малюнку – Дамянік Кубэльес, іспанскі інквізітар, капелан Гаспітальераў, біскуп Мальты.

У 1291 г. мамлюкі-егіпцяне разграмілі Каралеўства Іерусалім, і ордэн перабраўся на грэчаскі востраў Родас у Эгейскім моры, дзе працягваў барацьбу як супраць мамлюкаў, так і супраць туркаў.
Тут у нас Марцін Рояс, наступны біскуп Мальты.

Туркі, аднак, падбіраліся да свайго Залатога веку – у 1453 г. узялі Канстантынопаль і знішчылі Візантыю, падпарадкавалі шэраг балканскіх народаў, а ў 1522 г. пачалі высадку на Родас.
Гаспітальеры на той момант былі апошнім хрысціянскім аплотам на ўсходзе Міжземнага мора – але семь тысяч абаронцаў Родаса няшмат што маглі супрацьпаставіць больш за сотне тысяч туркаў.
Рэшта рыцараў, што засталіся ў жывых, пачалі скітанне па Еўропе – у Ордэна больш не было дома, уся іх маёмасць была альбо разбурана, альбо заваявана.
Ну, вы мо ведаеце, як гэта бывае: дамой вярнуцца магчымасці няма, бо там лютуюць нейкія чэрці – дзякуй богу, што хоць можна ганяць з месца на месца па Еўропе.
На шчасце для Ордэна, скітанні доўжыліся ўсяго каля сямі гадоў. У 1530 г. яны атрымалі новы дом дзякуючы такому гістарычнаму персанажу як Карл V Габсбург – гэта адзін з найбольш уплывовых у гісторыі чалавецтва манархаў, уладар сучасных Іспаніі, Аўстрыі, Венгрыі, кавалка Францыі, паловы Германіі, Італіі і г.д.
Яшчэ, да ўсяго, ён валодаў Мальтай і Трыпалі (горад у сучаснай Лівіі).
Карл быў ір’яным каталіком, моцна натхняўся барацьбой Ордэну супраць мусульман і праз гэта вырашыў перадаць гаспітальерам і Мальту, і Трыпалі ў якасці новага дому.
Тэарэтычна, Ордэн мы маглі б ведаць як Трыпалійскі альбо Лівійскі, але ж туркі наведаліся і туды – хрысцінскія рыцары не паспелі нават распакаваць валізкі.


Сярэдзіна 16 стагоддзя – пік росквіту Асманскай імперыі. Туркі дамінавалі на Бліжнім Усходзе, Паўднёвай Афрыцы, на Балканах і, галоўнае, у Міжземным моры.
У 1560 г. туркі разнеслі флот іспанцаў і іх шматлікіх саюзнікаў – такім чынам, захоп Мальты здаваўся справай часу.
Гаспітальеры разумелі гэта як ніхто іншы і планамерна рабілі з Мальты крэпасць. У прыватнасці ўзяліся за будоўлю Форта Святога Анёла, дзе была рэзідэнцыя Вялікага Магістра.
Тут і далей будуць здымкі з гэтага форту.

Форт тут існаваў і раней, але быў істотна мадыфікаваны. Зыходна яго называлі проста castrum maris – замак пры моры – але гаспітальеры далі яму імя на гонар арханёла Міхаэля, галоўнага заступніка веры паводле хрысціянскай традыцыі.
У 1565 г. туркі пачалі аблогу – гэтая цэнтральная для Мальты гістарычная падзея вядома як The Great Siege, Вялікая аблога.
У госці да 5-10 тыс. абаронцаў востраву завіталі прыкладна 200 караблёў і 50 тысяч жаўнераў. Аблога доўжылася паўгады – у прыватнасці, туркі разбамбілі гэты форт і выразалі ўсіх яго абаронцаў.






Мне з усяго прачытаннага запомнілася, што пасля захвату форту туркі сталі там лагерам, паадразалі галовы мёртвым абаронцам, а іх целы прыбілі да дошак – каб атрымалася бутафорскае распяцце – і адправілі іх плыць па заліву ў бок іншых фортаў, якія абаранялі гаспітальеры.
Тыя паглядзелі на такі перфоманс, і ў сваю чаргу паадразалі галовы турэцкім палонным, зарадзілі іх у пушкі і абстралялі галовамі турэцкі лагер.
Вось вы кажаце, што адразаць галовы – гэта вар’яцтва, на якое здатныя толькі дзікія жывёлы.
Я цалкам згодны, але пагадзяцца, на жаль, далёка не ўсе – напрыклад, расейскія г.з. “лібералы” распавядуць вам пра “нашіх мальчіков”, у якіх не было выбару. Потым яшчэ на які-небудзь кінафестываль будуць фільмы пра іх прыносіць.
Брыдота.




Мальта па выніку выстаяла – і гэта стала першай адчувальнай паразай Турцыі таго перыяду, што выклікала ў Еўропе хвалю радасці, захаплення і надзеі на тое, што турэцкая экспансія можа быць спынена.
Гаспітальеры адбілі атаку, але былі перакананы, што будзе яшчэ – праз гэта працягнулі забудоўваць востраў, у прыватнасці, заклалі новы горад, які назвалі на гонар Вялікага Магістру Ордэну і камандаючага абаронай Мальты – Жана дэ ла Валета.
Так выглядае форт непасрэдна з Валеты.

Аповед пра Мальту:
1. Інтра
2. Сэнглея
3. Гаспітальеры
4. Мальтыйскі ордэн
5. Валета
6. Другая сусветная
7. Смерць з паветра
8. Біргу
9. Рэшта
Усе аповеды: змест.








Leave a comment