Гэтая частка прысвечана сталіцы Мальты. Тут у мяне няма асобнай гісторыі, якую я б хацеў распевесці – мне проста спадабалася шпацыраваць па вузкіх вулачках гэтага гораду, і падабаюцца фотаздымкі адтуль.
Некалі раней, калі я быў малы, то падчас шпацыраў па менскіх вуліцах мне падабалася глядзець на вокны дамоў.
Не тое каб нахабна зазіраць альбо пільна разглядаць, а проста, пакуль ідзеш кудысьці па сваіх справах, кідаць хуткія позіркі на прамакутнікі шкла пасярод цэглы.
Так па дарозе збіраецца стракаты калейдаскоп з рознакаляровых фіранкаў, вечна сохнучай пасцельнай бялізны на балконах і святочных ліхтарыкаў, прынамсі, калі гаворка ідзе аб зіме.
Там, за шклом, хтосьці мые пасля вячэры посуд, альбо глядзіць пасля працы тэлевізар, альбо робіць пасля школы дамашку – кожнае вакно падавалася мне парталам у нейкае параллельнае жыццё, дзе незнаёмыя людзі займаюцца сваімі патаемнымі справамі.
Зрэшты, усіх гэтых людзей, чым бы яны ні займаліся і як бы ні жылі, аб’ядноўвала адно – ім ёсць куды прыйсці пасля працы альбо пасля школы каб павячэраць.
У ніх ёсць дом.






І вось нядаўна я падлавіў сябе на тым, што мае позіркі затрымліваюцца на чужых вокнах істотна даўжэй, чым у дзяцінстве.
Бо цяпер, кідаючы хуткі позірк на вітрыну нечага жыцця, прадзіраючыся вачыма за рознакаляровыя фіранкі, сохнучую бялізну і святочныя ліхтарыкі, я разглядаю тое, чаго (ужо? яшчэ? больш?) няма ў мяне.
Я усё спрабую зразумець, якія пачуцці ў мяне выклікае адсутнасць дома (вядома, я не пра здымныя кватэры ў розных кутках планеты) – дома, які заўжды быў на адлегласці працягнутай рукі, але цяпер стаў недасяжным.






Насамрэч, ніякай драмы – бо, на жаль, навокал мільёны паламанных лёсаў, і дакладна не мне на штосьці жаліцца.
Таму, напэўна, дамінуючае пачуццё – здзіўленне. Бы ўпершыню ў жыцці апрануў акуляры і стаў бачыць тыя ж самыя прадметы трошкі інакш.
Але вось пераглядаў свае фоткі з вандровак: хоць я заўжды намагаюся наведаць розныя славутасці і музеі, большасць здымкаў, якія я прывожу з падарожжаў – гэта проста здымкі дамоў.
Гэта ўсё да чаго? Гэта быў доўгі ўступ пад адно простае назіранне – Мальта ў маёй памяці засталася перш-наперш сваімі каляровымі балконамі.






Так, мора, гавань, сонца, рыцарскія ордэны, прыемныя людзі і цікавая гісторыя, але ж першае, што я ўзгадаю аб гэтай краіне – выпіраючыя над вузенькімі вулачкамі плямы, чырвоныя і блакітныя, зялёныя і жоўтыя.
Мне здаецца, аднойчы настане такі момант, калі прыйдзецца прыняць, што неаднаразова анансаваны чорны лебедзь так і не прыляцеў, нічога не змянілася і нарэшце патрэбна зрабіць выбар: альбо хоць неяк змагацца за свой дом, альбо растварыцца ў чужым.
Я лічу, што агулам як грамадства мы свой выбар ужо зрабілі.
Незалежна ад гэтага, канешне, я шчыра шаную магчымасць зазірнуць, а то і затрымацца ў нечым доме.






Дадам яшчэ, што паколькі горад зыходна будаваўся як крэпасць, то і патрапіць у яго можна альбо з боку ўзбярэжжа, альбо праз мост.












На Мальце некаторыя гарады знаходзяцца адзін насупраць аднога, таму я выпадкова зрабіў некалькі парных здымкаў.
Вось, напрыклад, від ў Валеты на Біргу і наадварот, на тыя ж самыя месцы, з якіх зроблены фоткі.


Калі вось да гэтага каляровага будынка павярнуцца спіной, то з правага боку – горад Сэнглея, а з левага – форт Святога Анёла. Пра абодва распавёў у мінулых частках. Трэцяя фотка – наадварот, від на гэты будынак з форта.



Краявіды.








Аповед пра Мальту:
1. Інтра
2. Сэнглея
3. Гаспітальеры
4. Мальтыйскі ордэн
5. Валета
6. Другая сусветная
7. Смерць з паветра
8. Біргу
9. Рэшта
Усе аповеды: змест.








Leave a comment