6. Другая сусветная

Мальта падчас WWII: стагоддзе брытанска-італьянскай барацьбы, бамбардзіроўкі і няскораны аплот саюзнікаў у Міжземнамор’і.

У гэтай частцы – фотаздымкі з Музею Вайны ў горадзе Біргу, а таксама некалькі помнікаў з Валеты на гонар палеглых у вайне мальтыйцаў.

У дзяцінстве я захапляўся перадачамі па Дыскаверы аб Другой сусветнай, дзе распавядалася пра ход вайны ў Міжземнамор’і: так у памяці засталіся чорна-белыя кадры хронікі, Эрвін Ромель aka Пустынны ліс, Эль-Аламэйн, сцяжкі краін, якімі на мапах пазначалі войскі, а таксама паляванне на канвоі саюзнікаў у Міжземным моры.

Калі вам здаецца, што навокал гамон – то вось, напрыклад, Мальта станам на 1942 г. Чырвоным тут пазначаны краіны фашысцкай Асі і акупаваныя імі тэрыторыі, блакітным – саюзнікі (уласна, Мальта).

Таму не варта перабываць у адчаі – заўжды можа быць горш (і будзе).

У 1930-ыя Мальта няблага сябе пачувала: адкрыццё Суэцкага каналу ў 1869 г. зрабіла востраў важным гандлёвым цэнтрам, а прысутнасць Брытанскага Каралеўскага флоту забяспечвала бяспеку.

Інвестыцыі цяклі ракой, будаваліся порты і верфі, адпаведна, расла колькасць насельніцтва.

Праўда, сярод саміх мальтыйцаў бенефіцыараў эканамічнага ўздыму было няшмат, у асноўным яны зараблялі альбо цяжкай працай у моры, альбо жывёлагадоўляй у глыбіні востраву.

Грамадства было звышрэлігійным і патрыярхальным, пераважная частка насельніцтва не мела нават пачатковай школьнай адукацыі.

Да вайны Мальта падыйшла палітычна расколатай па лініі Брытанія-Італія.

Прабрытанскія палітычныя сілы стаялі на дабрабыце, бяспецы і надзеях аднойчы атрымаць незалежнасць – брытанцы дазволілі Мальце прыняць ў 1849 г. канстытуцыю і спрыялі паступоваму павялічэнню яе аўтаноміі.

Дарэчы, у 1964 г. гэта здейснілася, і Мальта стала незалежнай дзяржавай.

Праітальянскія сілы напіралі на нацыянальны прызнак – маўляў, мы і ёсць італьянцы, а Італія – сапраўдны дом для мальтыйцаў. Ну, ведаеце, “наше обшчэе ацечэства, адін народ” – мо аналогія не стоадсоткавая, але ж як тут утрымацца.

Яшчэ, канешне ж, моўнае пытанне. У 1870 г. брытанцы выкрыслілі італьянскую мову з усіх публічных грамадскіх і юрыдычных сфераў, дазволіўшы ўжываць толькі дзве – англійскую і мальтыйскую.

Італія не пакідала спробаў нарасціць свой уплыў, які асабліва пашырыўся з прыходам там да ўлады фашыстаў.

Агулам, канфрантацыя трывала больш за стагоддзе. Брытанцы доўгі час скрозь пальцы глядзелі на растучыя бы грыбы Дамы італьянскай культуры, газеты, часопісы і г.д., а ў 1940 – адразу па ўступленні Італіі ў вайну – затрымалі ўсіх вядомых праітальянскіх актывістаў.

Выйшла недзе пад сотню чалавек – частка прасядзела ўсю вайну за кратамі, частку дэпартавалі ва Уганду.

Хуткі захоп немцамі Грэцыі і падзенне вострава Крыт у траўні 1941 г. стаў для брытанцаў сапраўдным шокам. Да гэтага там неяк лічылі, што аднаго флоту хопіць для абароны Міжземнамор’я.

Пэўна, заходнім дэмакратыям уласціва недаацэньваць пагрозу і замест падрыхтоўкі да вайны займацца жаваннем сопляў і іншымі дээскалацыямі (заўсёды безпаспяхова).

Пасля Крыту стала відавочным, што Мальта стане наступнай – і тады Міжземнамор’е і Афрыка цалкам апынуцца пад кантролем Італіі і Нямеччыны. Так востраў ужо не ў першы раз у яго гісторыі пачалі спешна пераўтвараць у крэпасць.

У червені 1940 г. Італія абвясціла вайну Брытаніі. Наступныя два гады італьянская і нямецкая авіацыя з суседняй Сіцыліі бамбілі Мальту: толькі ў район Grand Harbour, які я ўзгадваў у мінулых частках, скінулі прыкладна шесць тысяч тон бомб (на ўвесь востраў – у некалькі разоў больш), забілі і паранілі каля пяці тысяч чалавек і знішчылі каля дзесяці тысяч будынкаў.

На гэтым здымку нямецкія пілоты святкуюць юбілейны соты налёт на Мальту.

Ну, вы ведаеце як гэта было – “наші мальчікі, у которых просто не было выбора”, “война одного Гітлера” і г.д.

Мальце, аднак, пашансіла, што фашысты вырашылі ваяваць на ўсіх накірунках адразу, а італьянцы не асабліва прытрымліваліся дамоваў з немцамі – прынамсі, дзякуючы гэтаму так і не адбылося наземнае ўторгненне на востраў (аперацыя “Геркулес”).

Пашансіла не толькі Мальце, бо паспяховая абарона вострава стала грунтам для цэлага ланцуга адментых падзей для саюзнікаў (і, адпаведна, агулам чалавецтва).

Флот і авіацыя Брытаніі, выкарыстоўваючы востраў як асноўную базу, тапілі фашысцкія канвоі ў Паўночную Афрыку.

Праз гэта нямецкія і італьянскія войскі, якія два гады паспяхова вялі там наступ (яшчэ і з дапамогай французаў-калабарантаў з Вішысцкай Францыі) сутыкнуўся з істотнымі праблемамі ў забяспячэнні.

Восенню 1942 у Алжыры ўвогуле высадзіліся амерыканцы – адначасова з Егіпта перайшлі ў контрнаступ брытанцы.

За паўгады Афрыка была цалкам зачышчана – саюзнікі ўзялі палоннымі калі 500 тысяч немцаў і італьянцаў.

Гэта, у сваю чаргу, дазволіла распачаць уторгненне на тэрыторыю Італіі – ужо ў ліпені 1943 г. саюзнікі зладзілі высадку на Сіцыліі, з якой некалькі гадоў да гэтага бамбілі Мальту.

Неўзабаве, у верасні 1943 г. Італія капітулявала, а там ужо і Нямеччыне няшмат заставалася.

Я не памятаю, каб у нашай гісторыкаграфіі шмат пра гэта распавядалі (хаця мо і памыляюся), але ж па выніках Мальта стала адным з ключавых месцаў вядзення баявых дзеянняў.

Калі б Мальта не вытрывала, у італьянцаў і немцаў была б магчымасць перакінуць па-над мільён жаўнераў, флот і авіацыю на ўзмацненне Усходняга і Заходняга фронтаў – і магчыма, вынікі вайны былі б зусім іншымі.

Аповед пра Мальту:
1. Інтра
2. Сэнглея
3. Гаспітальеры
4. Мальтыйскі ордэн
5. Валета
6. Другая сусветная
7. Смерць з паветра
8. Біргу
9. Рэшта

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).