7. Смерць з паветра

Працяг мінулай часткі аб Другой сусветнай з рэтраспектывы Мальты – агляд бомбасховішча ў г. Біргу і кароткая гісторыя развіцця бамбардзіровак.

Сёння расейскія акупанты бамбяць украінскія гарады з дапамогай балістыкі, дронаў і авіацыі.

Я перакананы, што фашысты мінулай ітэрацыі ганарацца сваімі паслядоўнікамі:

  • Той жа дзяржаўны лад.
  • Новы фюрэр паўтарае слова ў слова за старым.
  • Вечная барацьба з брытана-амерыканскім імперыялізмам.
  • “Велікій народ” адмаўляе ў праве на існаванне “малым” нацыям са сваімі “смешнымі” мовамі.
  • Перманентны расізм у бок усіх “унтэрменшей”, якія не падобныя візуальна да прадстаўнікоў вышэйшай расы.
  • Ваенныя злачынства і генацыд.

На жаль, як і ў 30-ыя гады 20 ст. сусвет пакуль не хоча разумець, з кім мае справу. Але чаму расея – класічная нацысцкая краіна, яшчэ пагаворым пазней, а тут засяроджуся на тэме бамбардзіровак.

Агулам, гісторыя скідання выбуховых сродкаў на гарады мае большую гісторыю, чым можа здавацца на першы погляд.

На здымках наступствы авіаналётаў у Мальце, а першы горад у свеце, які бамбардыравалі – Венецыя.

У 1849 г. Венецыя паўстала супраць імперскай улады Аўстра-Вугоршчыны, а аўстрыйцы падчас яе штурму паспрабавалі дастасаваць выбухоўку да паветраных шароў.

На шчасце абаронцаў гораду, шары знесла ветрам кудысьці далёка – праўда, неўзабаве Венецыя ўсё роўна пала.

А вось першую бамбардзіроўку менавіта з самалёта ўпершыню ажыццявілі якраз італьянцы – у 1911 г. падчас вайны з туркамі.

Італьянцы высадзіліся з мора на тэрыторыі сённяшняй Лівіі, а бамбардзіроўка горада Трыпалі дазволіла хутка яго заняць – карціна прысвечана менавіта гэтай падзее.

Неўзабаве распачалася Першая сусветная, і там ужо кожны з бакоў шпарка развіваў накірунак бамбардзіровак.

Асобна тут варта адзначыць Антвэрпэн – гэта першы зафіксаваны выпадак, калі бамбардзіроўка была накіравана не на войска альбо фартыфікацыі – немцы з дапамогай дырыжаблю Zeppelin LZ 25 мэтанакірована разнеслі гістарычны цэнтр гораду.

Гэта карціна прысвечана збіццю іншага нямецкага дырыжаблю брытанскім пілотам Рэджынальдам Уорнефордам у 1915 г. На жаль, 23-гадовы лейтэнант Каралеўскіх ВВС загінуў ужо праз 10 дзён пасля паспяховай атакі праз звычайную авіакатастрофу.

Відавочна, што ідэя бамбіць гарады шмат каму прыйшлася да спадобы – гэта і ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, і панічныя хвалі эміграцыі, і магчымасць дацягнуцца да ваенных і прамысловых аб’ектаў, што недасяжныя для артылерыі, ды і проста знішчэнне тых, хто на думку агрэсара не мусіць існаваць.

За развіццём накірунку бамбардзіровак гарадоў лагічным чынам разівалася і канцэпцыя іх абароны – калі раней фартыфікацыі ўзвышаліся над зямлёй у выглядзе крэпастных сценаў, то з распаўсюджваннем выбохоўкі людзі пачалі закапвацца ў зямлю.

Відавочна, што ад шэлтэраў не варта чакаць камфорту, іх складана капаць (асабліва рукамі) і галоўнае тут – бяспека.

Пераходы паміж рознымі секцыямі вузкія і нізкія, але цяпер тут хаця б ёсць электрычнасць і вентыляцыя.

А падчас вайны для асвятлення выкарыстоўвалі масляныя лампады – у гэтых мэтах у сцяне выбівалася вось такое маленькае вакенца.

Сістэма разгалінаваных пераходаў выводзіла да памяшканняў рознага тыпу – сховішча пабудавана па прынцыпу падземнага горада, які можа аўтаномна функцыянаваць працяглы час.

На здымках: праца мальтыйскага шахцёра па выкопванню бамбасховішча, памяшканне першай дапамогі для параненых, хірургічнае памяшканне, заклік бамбіць Рым у адным з памяшканняў для адпачынку.

Сховішчы будавалі па прынцыпу падземнага горада, дзе ёсць усё неабходнае.

Мальта была адным з самых забомбленых месцаў падчас вайны – дзякуючы таму, што гэткіх сховішчаў пабудавалі пад тысячу, брытанцы і мальтыйцы збераглі процьму жыццяў.

Прыкладна 1,5 тыс. чалавек былі забіты і 3,5 тыс. паранены – але ж гэта на 3 тыс. авіаналётаў, па 30-100 бамбардзіроўшчыкаў у кожным.

Смертнасць ад бамбардзіровак яшчэ меншая, калі ёсць сістэма СПА і магчымасць збіваць беспілотнікі, якія займаюцца карэгаваннем.

Падтрымлівайце ЗСУ, у прыватнасці – адмысловы збор фонду “Павярнісь жывым” на “Дронапад“.

Аповед пра Мальту:
1. Інтра
2. Сэнглея
3. Гаспітальеры
4. Мальтыйскі ордэн
5. Валета
6. Другая сусветная
7. Смерць з паветра
8. Біргу
9. Рэшта

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).