Апошняе пра Мальту – тут, як зразумела з назвы, усё што не патрапіла ў мінулыя часткі.
Я тут у асноўным распавядаў пра гісторыю, але ёсць у Мальты і свой, так бы мовіць, тусовачны бок: усялякія клубы, гандлёвыя цэнтры, казіно і ўсё такое іншае, з большага лакалізаваны яны ў горадзе Saint Julian.




Глыбока каталіцкая Мальта, дарэчы, з’яўляецца адным з сусветных лідараў індустрыі анлайн-казіно (гэмблінг) – гэта звязана з асаблівасцямі легалізацыі і падаткавымі рэйтамі.

Я два разы ў жыцці быў у казіно: у першы раз троіх пабіўся з нейкімі небаракамі, у другі – вяртаўся дамой на электрасамакаце, не заўважыў дрэва і трохі палятаў.
На шчасце, у абодвух выпадках абыйшлося без траўмаў, але нешта мяне ў такія месцы больш не цягне.
Не пабачыў аніводнага БЧБ – што не дзіўна, наўрад ці тут шмат нашых жыве. Але некалькі разоў позірка натыкаўся на жоўта-блакітныя сцягі, што таксама было прыемна.


Напрыканцы распавяду, што ў мяне атрымалася паляцець з Мальты толькі з другой спробы.
Першапачаткова быў план наведаць Рым – паводле майго прынцыпу падарожнічаць у тых накірунках, куды найбольш танныя квіткі.
Дзень вылету я правёў у аэрапорце, даследваў яго цалкам, бо шукаў адносна ціхае месца – наколькі гэта магчыма ў паўднёвых краінах – каб пасядзець на сваіх бесталковых працоўных сазвонах.
Так, усе падарожжы я сумяшчаю з працай. Альбо, хутчэй, наадварот, намагаюся ўпіхнуць працу ў расклад вандровак.











Карацей, пад вечар, калі сазвоны нарэшце скончыліся, і да вылету заставалася каля гадзіны, уцяміў адну непрыемную рэч.
Справа ў тым, што ў маім чэрапе трохі больш дзірак, чым было ад нараджэння – мне гэта аніяк не замінае, ды і не бачна, калі адмыслова не ўглядацца. Але калі рэзка змяняецца надвор’е, то тады гамон.
Некалькі тыдняў, што я быў на Мальце, надвор’е было як на гэтых здымках – 20-25 градусаў, такі сабе міжземнаморны люты.










А за некалькі гадзін да вылету стала вось так.
Ну мяне і яяяяк раз’ябала, так што я ўпершыню ў жыцці здаў квіток наўпрост падчас рэгістрацыі і паехаў пакутаваць у бліжэйшы гатэль. У выніку правёў на востраве некалькі дадатковых дзён і паляцеў у іншую краіну.
Відавочна, ні аб чым не шкадую – хай бы усе мае праблемы былі такімі.
Аповед пра Мальту:
1. Інтра
2. Сэнглея
3. Гаспітальеры
4. Мальтыйскі ордэн
5. Валета
6. Другая сусветная
7. Смерць з паветра
8. Біргу
9. Рэшта
Усе аповеды: змест.








Leave a comment