1. Інтра

1. Інтра

Аповед пра Мальмё пачнем з кароткай гісторыі пра асаблівасці вымаўлення іншаземцамі беларускіх імёнаў і звязаныя з гэтым каламбуры.

У Мальмё я быў некалькі дзён пад Раство, і для мяне гэта быў апошні горад з доўгай вандроўкі. 

– Імя ў Вас такое незвычайнае, – мужчына на рэцэпцыі гатэлю углядзеўся ў Siarhei з майго пашпарту. – А як яно правільна вымаўляецца? 

Шыарэй?

Я вельмі ўзрадваўся, бо выпадкова атрымаўся каламбур, а каламбуры я люблю ўсёй душой.

Шыа – гэта шыіты, адна з дамінуючых галін ісламу разам з суннітамі. 

На конт “рэй”. Я відавочна не ведаю латынь, але аднойчы гугліў гэта, бо наблытаў падобныя словы: “кароль” – гэта rex, а я думаў, што reus. 

Reus жа, альбо rei – гэта “вінаваты” альбо нейкі адпаведны юрыдычны тэрмін.

Шыітаў мусіць быць шмат у Швецыі, бо найбольш мігрантаў тут прыпадае на Ірак ды Іран, дзе шыіты якраз складаюць аснову насельніцтва.

Я ўжо набраў у грудзі паветра, каб падзяліцца сваёй знаходкай пра ва ўсім вінаватых мігрантаў, як у тое ж імгненне ўзгадаў адну гісторыю з дома.

У Менску з пэўнага моманту стала з’яўляцца шмат арабскіх кафэ, бараў, кальянак, вось гэтага ўсяго (цікава, дарэчы, ці працуюць яны дагэтуль).

Аднойчы ў адну з такіх рыгалавак мы заваліліся з сябрамі: грошай у нас амаль не было, таму мы ўзялі некалькі бутэлек водкі і адзін лімон на траіх – мы ўсё ж такі не быдла якое, каб без закускі хлястаць.

Я нешта моцна тады набраўся і, як звычайна, пайшоў з усімі знаёміцца, бо я даследчык і ўвогуле навукоўца, мне трэба ведаць адказы на ўсе пытанні. 

Акрамя нас, былі занятыя яшчэ 5-6 столікаў, за якімі сядзелі, уласна, арабы.

Ужо не ўзгадаю дакладна, з чаго ўсё пачалося: ці то я выпадкова кагосьці абразіў сваімі каламбурамі, ці то штурхнуў каго, ці нешта разбіў – верагодна, усё гэта разам.

Не ўсё памятаю з той ночы, але ў маёй галаве ёсць яскравы ўспамін, як мы ўсе стаім на вуліцы: з аднаго боку – я ў баксёрскай стойцы, а з іншага – дзесятка два раз’юшаных арабаў, якія тычуць у мяне пальцамі і нешта крычаць на сваёй мове.

На шчасце, я быў з сябрамі: адзін вёў перамовы з арабамі і спрабаваў ўрэгуляваць канфлікт з уладальнікам рыгалаўкі, другі моцна трымаў мяне за плечы і спрабаваў урэгуляваць канфлікт са мной.

– Пусці мяне, – вымавіў я заплятаючымся языком, – зараз я гэтым сарацынам накідаю.

– Ты вунь на нагах ледзьве стаіш, – спакойна заўважыў ён.

– Гэта ў мяне тэхніка такая, – не пагадзіўся я.

Ён спрабаваў мне патлумачыць, што адзін на дваццаць – гэта не найлепшы расклад. Ды фігня гэта ўсё, не верыў я, дастаткова адному прабіць у лыч, рэшта разбяжыцца. 

І гэта не я прыдумаў, гэта яшчэ Рычард Ільвінае Сэрца казаў. А можа і не ён, але дакладна хтосьці з вялікіх: альбо Балдуін Іерусалімскі, альбо Ота фон Бісмарк, альбо Джэйсан Стэтхэм.

Тым больш, кажу, я ж не адзін – са мной яшчэ тузін маіх унутраных дэманаў.

Хаця яны не факт, што за мяне.

– А на хера ты на ніх палез? – спытаў мой сябар. Я задумаўся.

– Ну а чё яны? – урэшце знайшоў я адказ.

Ты, кажу, лепей не нудзі, а пагуглі як па-арабску будзе “давай раз-на-раз”.

Я яшчэ спрабаваў яго пераканаць, што ў нас ёсць шанец увайсці ў гісторыю, што разам з такімі падзеямі як аблога Тобрука, бітва пры Эль-Аламэйне і дэсант у Галіпалі нашыя нашчадкі абавязкова ўзгадаюць і рашучы бой пры “Банана-кафэ”.

Але гэта ўсё выглядала пераконліва выключна ў маёй галаве, бо язык прайграў генеральную бітву алкаголю, і наружу вырываліся толькі малазразумелыя ваяўнічыя гукі.

На шчасце для мяне, сябры не сталі прыслухоўвацца да маіх хворых ідэй, а неяк пакрысе з усімі дамовіліся, і не далі арабам закатаць мяне ў асфальт.

Спадзяюся, што з узростам я хоць трошкі паразумнеў – прынамсі, нарэшце ўцяміў, што не ўсім заходзяць мае жарты і розныя элементы даверлівай камунікацыі, асабліва калі гаворка аб людзях з іншай культурай і менталітэтам.

Таму я затаўкаў свае каламбуры абратна ў глыбіню падсвядомага і ўпэўнена кіўнуў.

Так, кажу, Шыарэй. Усё правільна.

Але, па меншасці, не адзін я ў Мальмё натхняюся каламбурамі.

Аповед пра Мальмё:
1. Інтра
2. Эрэсун
3. Gamla Staden
4. Рэфармацыя
5. Памяць
6. Паркі і рэкрэацыя
7. Бонус

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).