2. Эрэсун

2. Эрэсун

Пачынаючы з 2000-га года дабрацца са Швецыі ў Данію (і наадварот) можна наземным транспартам, бо праз Эрэсунскі праліў пабудавалі мост – узбярэжжу Мальмё і прысвечана другая частка.

Эрэсунскі праліў – месца, дзе сутыкаюцца Балтыйскае і Паўночнае мора – аддзяляе Мальмё ад Капенгагена і, уласна, Швецыю ад Даніі.

Звязвае ж дзве скандынаўскія краіны пабудаваны ў 2000 г. мост (відавочна, таксама Эрэсунскі) – можна адсюль ганяць у Капенгаген на цягніку альбо на машыне.

Мальмё ўвогуле шмат што яднае з Даніяй – уласна, гэты горад, як і ўвесь рэгіён навокал (Сканія альбо Сканэ) зыходна і быў часткай Даніі, пакуль у сярэдзіне 17 ст. шведы не навалялі датчанам ды нарвежцам і не захапілі ўсе тэрыторыі па гэты бок праліва.

Неўзабаве пасля гэтага Мальмё прыйшоў у заняпад: тут табе і бубонная чума, і захопніцкія войны, якія інтэнсіўна вёў шведскі кароль Карл XII – так, на сярэдзіну 18 ст. у горадзе засталося ўсяго некалькі соцен чалавек.

На сёння ўсё выглядае нашмат лепш: Мальмё – трэці па колькасці насельніцтва горад краіны (350k, з якіх амаль палова мае іншаземнае паходжанне), прамысловы цэнтр і буйны лагістычны хаб.

Старыя непаразуменні паміж суседзямі таксама засталіся ў мінулым, і цяпер Капенгаген і Мальмё разам з агламерацыямі фарміруюць гэтак званы Эрэсунскі рэгіён – з адкрыццём маста жыхарам па абодва бакі праліва стала зручна ганяць адзін да аднога на працу, таму шведскія і дацкія ўлады вырашылі будаваць тут нешта кшталту агульнай эканамічнай прасторы.

Свой сярод чужых.

Непадалёк ад берага узвышаецца “Турнінг Торса” – некалі ён быў найвышэйшым хмарачосам у Скандынавіі, але нядаўна ў Гётыборгу з’явіўся яшчэ большы будынак.

Я зайшоў унутр, разлічваючы забрацца наверх на якую-небудзь аглядную пляцоўку, але высвятлілася, што гэта проста жытловы дом, у якім няма нічога, акрамя апартаментаў.

“Турнінг Торса” – уласна, закручаны торс. Што для мяне мае шмат сэнсу: хочаш жыць у такім месцы – умей круціцца.

Аповед пра Мальмё:
1. Інтра
2. Эрэсун
3. Gamla Staden
4. Рэфармацыя
5. Памяць
6. Паркі і рэкрэацыя
7. Бонус

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).