4. Рэфармацыя

У гэтай частцы запрашаю паразглядаць найстарэйшы будынак горада – царкву Святога Пятра, якую тут у 14 ст. збудавалі датчане.

Цагляная царква ў гатычным стылі – даволі характэрная з’ява для Паўночнай Еўропы, прынамсі, для Балтыйскага яе ўзбярэжжа. Вы маглі пабачыць падобныя, напрыклад, у Гданьску альбо Рызе.

Я, дарэчы, абсалютна нічога не разумею ў фатаздымках (вы мо ўжо заўважылі), але вось гэты мне вельмі падабаецца.

Тэма рэлігіі ніколі мяне асабліва не цікавіла, але ж цяпер я разумею, што дарма – зрэшты, і мастацтва, і адукацыя, і шмат якія сацыяльныя інстытуты зарадзіліся і развіваліся менавіта праз рэлігію.

У 15-16 ст. у Цэнтральнай Еўропе, пераважна, у нямецкіх княствах, паглыблялася думка, што Каталіцкая царква зашмат на сябе бярэ – і агулам, гэта ўсё ўжо не столькі пра Бога, колькі пра бізнэс.

Так пачалася Рэфармацыя – каталіцкія святары ў розных кутках Еўропы ўсё часцей выступалі з крытыкай Папскага прэстолу за продаж індульгенцый, карупцыю агулам, палітычныя махінацыі і г.д. 

Рэфарматары прапанавалі шэраг зменаў, якія тычыліся пасярэднікаў у камунікацыі паміж людзьмі і Богам, і з часам гэтыя ідэі прывялі розныя грамадствы да цікавых наступстваў. 

Напрыклад, калі ў каталіцкай традыцыі месы вяліся на латыні і ўсе свяшчэнныя тэксты таксама існавалі выключна на гэтай мове, то рэфарматары сталі перакладаць Біблію на мясцовую мову, а прыхажане заахвочваліся чытаць кнігу самастойна, а не толькі слухаць святароў.

Праз гэта на момант 18-19 ст. у краінах, дзе перамагла Рэфармацыя (у асноўным, паўночныя: Скандынавія, Нідэрланды, Англія-Шатландыя), пераважная частка насельніцтва была пісьменнай, у той момант як у краінах каталіцкіх чытаць умела істотна менш за 50% жыхароў.

На конт друкавання свяшчэнных тэкстаў на іншых мовах – чамусьці я ніколі не чуў, што, напрыклад, Францыск Скарына з пункту гледжання тагачаснай каталіцкай царквы з’яўляецца гусіцкім еретыком.

Таго ж Яна Гуса, напрыклад, спалілі на кастры, Уільям Тындэйл, які пераклаў Біблію на ангельскую мову, таксама быў спалены – у 1536, праз амаль дваццаць гадоў пасля таго як аналагічнае дзеянне зладзіў Скарына.

Здаецца, няма прыкладаў таго, каб Скарына неяк адкрыта выказваўся за рэфарматарскія ідэі, але ж я кінуў вокам на ягоную біяграфію і зразумеў, што пасля 1517 г. ён ніколі не ездзіў у каталіцкія краіны – не ўлічваючы Польшчу, якая на той момант была вельмі талерантнай дзяржавай.

Што сказаць, разумны быў мужык.

Дарэчы, сёння вы ведаеце Польшчу як краіну глыбока каталіцкую, што таксама прыводзіць да шэрагу розных сацыяльных асаблівасцей – у прыватнасці, пазіцыя палякаў на конт абортаў, верагодна, абумоўлена менавіта гэтым.

Так, канешне, было не заўсёды. Польшча, як пазней і Рэч Паспалітая, працяглы час была краінай, дзе вы маглі вызнаваць любую рэлігію, якую толькі пажадаеце. У 1573 г. у РП нават увялі адпаведны закон, што ніхто не мусіць зазнаць пераслед праз рэлігію.

16 стагоддзе – такі сабе росквіт свабоды.

Зрэшты, прычыны ўкаранення каталіцкай веры ў Польшчы і далейшага ціску на іншыя канфессіі, як мне здаецца, варта шукаць не столькі ў паспяховай Контррэфармацыі, якую зладзіла Каталіцкая царква, колькі ў знешняй палітыцы.

Найбольш крывавыя і разбуральныя войны гэта краіна вяла альбо з пратэстантамі (у першую чаргу са Швецыяй), альбо з праваслаўнымі: рэгулярныя паўстанні украінскіх казакаў, ну і, канешне, маскавіты.

Даволі лагічным чынам у пэўны момант запрацавала формула быць каталіком = быць патрыётам.

Мне падабаецца, што ў царквах часта можна сустрэць pastor loci – не ведаю, як гэта карэктна назваць, але хіба настаяцель? Галоўны святар, карацей. Тут спіс вядзецца, уласна, ад 1274 г.

Тут у нас вітражы.

Уласна, Святы Пётр, на гонар якога названа царква.

І ў Даніі, і ў Швецыі, якім у розны час належыў Мальмё, перамагла Рэфармацыя – цягам 16 ст. гэтыя краіны змянілі дзяржаўную рэлігію з каталіцызма на пратэстанцтва.

Як гэта паўплывала на пісьменнасць насельніцтва, я ужо ўзгадваў, а яшчэ адно наступства звязана са зруйнаваннямі.

Калі вы цяпер паходзіце па каталіцкіх царквах у Еўропе, то знойдзеце ў ніх нашмат больш ікон, алтароў і розных мастацкіх цікавостак, якія захаваліся яшчэ з часоў Сярэднявечча.

Царквы ж розных рэфарматарскіх плыняў нярэдка ўвогуле пустыя знутры: сярод ніх была пашырана ідэя, што чалавек мусіць канцэнтравацца на свяшчэнным пісанні, а не на элементах ідалапаклонніцтва. 

Праз гэта падчас канвертацыі царквы з каталіцкай у пратэстанцкую, кальвінісцкую і будзь якую іншую адбываўся гэтак званы іканаклазм – знішчаліся іконы, алтары, разьба і г.д. 

Сцены адбеліваліся, зноў-такі. 

Не абмінуў гэты працэс і муралы / фрэскі – калі ў Нямеччыне-Нідэрландах іх часта знішчалі цалкам, то ў скандынаўскіх краінах звычайна проста зафарбоўвалі. 

Уласна, нашмат пазней, у 19-20 ст., гэта дазволіла правесці рэстаўрацыю.

Царква святога Пятра – лютэранская, і яна прайшла гэты самы працэс. Муралы, як вы бачыце, даволі няблага захаваліся. 

Гэта капліца гандляроў – часта такія капліцы будаваліся рознымі гільдыямі і каб падкрэсліць свой статус і для адмысловай малітвы.

У Мальмё я быў перад Раством, таму часта каля алтароў бачыў ялінкі.

Яшчэ ў розных гарадах і краінах натрапляў во на такую традыцыю – людзі пішуць просьбы-пажаданні і крэпяць іх на адмысловае дрэўца. 

З шэрагу розных моваў пакуль аніразу не сустракаў беларускую.

Але, ну, пакідаў яе за сабой.

Вы сабе як хочаце, а я вырашыў, што Бог мусіць размаўляць па-беларуску, бо гэта мова пакут.

Зрэшты, што б яшчэ прывяло Хрыста менавіта ў Гародню?

Ці разумее Бог расейскую?

Руская культура, якую я пакрыху з сябе выкарчоўваю (не толькі мастацтва, але культура сацыяльнага ўзаемадзеяння), нясе ў сябе асягальныя для кожнага ідэі: абыякавасць, адсутнасць эмпатыі, маргіналізацыя супраціва несправядлівасці.

Какая разніца, а че такова, а че это я должен, фу опять эта політіка, не все так однозначно, будь умнее – промолчі, меньше знаешь – крепче спішь, не высовывайся, не лезь в эту політіку, а ты че – актівіст / мораліст / самый умный?

Выглядае так, што гэта наўпрост супярэчыць ідэям, сфармуляваным у хрысціянстве.

Таму, думаю, не разумее.

А вось Д’ябал стоадстоткава русскоязычный.

Апошняя цікавостка гэтай (не толькі, канешне, гэтай) царквы знаходзіцца на падлозе. Дакладней, не “на”, а “у” / “пад”.

Адна з каталіцкіх традыцый, якую прынамсі не адразу закранула Рэфармацыя – гэта пахаванні наўпрост у царкве.

Магіла вырывалася наўпрост у падлозе, і закрывалася паверх плітой.

Калі пахаванне было сямейным, то пазней новага чалавека хавалі там жа.

Відавочна, толькі прыхажане з найвышэйшым сацыяльным статусам маглі разлічваць на такое. 

Найбольш крутыя месцы былі каля алтара – лічылася, што чым бліжэй да алтара, тым вышэй шанец на ўратаванне душы. Адпаведна, па размяшчэнню пліт можна аднавіць сацыяльную іерархію на момант пахавання.

У розны час у розных краінах гэтая практыка пачала забараняцца – па-першая, відавочна, чалавечае цела пасля смерці разлагаецца і не вельмі прыемна пахне.

Хоць унутры цагляных і асабліва каменных храмаў тэмпература была невысокай, а дзе-нідзе пад будынкам былі падвальныя крыпты, дзе захоўваць нябожчыкаў было прасцей, але ж чым больш народу так хавалі, тым мацней быў смурод.

Па-другое, ну, відавочна, хваробы. Не самая гігіенічная тэма, канешне.

З часам рэшткі людзей пачалі даставаць і пераносіць для пахавання альбо на цвінтары, альбо, што больш натуральна, на тэрыторыю каля царквы.

Пліты ж у любым выпадку захоўваліся і з часам таксама рэстаўраваліся.

Аповед пра Мальмё:
1. Інтра
2. Эрэсун
3. Gamla Staden
4. Рэфармацыя
5. Памяць
6. Паркі і рэкрэацыя
7. Бонус

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).