Тут у нас рэчы, з якіх складаецца мой адпачынак: паркі, могілкі, начныя шпацыры і крынжовыя камунікацыі.
Еўропа, яна з большага зялёная.
Калі на мапе Мальмё абвесці тэрыторыю, якая фарміруе Стары горад – а гэта, уласна, невялічкая выспа – то каля трэці будзе складацца з паркаў, альбо чагосьці паркападобнага.













Здароў!

Я люблю паркі, але пра гэты мне няма што распавесці, таму накіну караценькую гісторыю.
Аднойчы я сядзеў у здымнай варшаўскай кватэры, як пачуў званок у дамафон.
Звычайна я ігнарую такія нахабныя спробы звязацца са мной, але тады, здаецца, чакаў кур’ера, таму зняў трубку і пачуў жаночы голас, які булькаў нешта неразборлівае.
Нічога не зразумеў і вырашыў выйсці з пад’езда паглядзець, што робіцца – мо каму дапамога патрэбна.
Перад дзвярыма мяне чакалі дзве сціпла апранутыя жанчыны з Бібліяй у руках. Яны прапанавалі паразмаўляць пра Бога.

Калі вы глядзелі серыял, назву якога я выкарыстаў для гэтай часткі, то я гатовы прэтэндаваць на ролю Рона Суонсана для айчыннага рэмэйку.
Здаецца, я ўжо канчаткова завершыў сваю трансфармацыю ў варчлівага дзеда: гаварыць, а тым больш слухаць кагосьці – усё гэта патрабуе ад мяне пэўных высілкаў і канцэнтрацыі, праз што я хутка стамляюся і стаю яшчэ больш раздражнённым чым звычайна.
Таму цяпер я зрэдку размаўляю – а калі і размаўляю, то пераважна абмяркоўваю штосьці сам з сабой.
Аднак ў той дзень я выспаўся і перабываў у файным настроі – у такія рэдкія моманты я гатовы ўзгадаць слаўнае мінулае і ўступіць у камунікацыю з нічога не падазраючым мясцовым насельніцтвам.
Таму я ветліва кіўнуў і папярэдзіў, што буду паліць, бо што, хіба я дарма выйшаў з дому.

Яны распавялі пра ўратаванне душы і ўсё такое. Добра, кажу, дзякую, гэта ўсё вельмі цікава.
Але цяпер мая чарга.
Зараз, кажу, пагаворым пра ўратаванне Беларусі.
Тым больш, у мяне тут якраз ёсць невялічкая лекцыя па гісторыі Беларусі, якая тлумачыць нашае сённяшнее становішча – літаральна на некалькі гадзін, то зараз я разам з вамі перакладу яе на польскую мову.
Іх вытрымкі хапіла на дзве сыгарэты – з улікам невялічкага перапынку, гэта каля 15 хвілін.
– Ну мы, напэўна, пойдзем, – няўпэўнена працягнула адна з ніх.
– А куды вы ідзеце? – зацікавіўся я. – Хадземце я з вамі прайдуся.
Мы прайшлі разам двор-другі, пасля чаго яны заўважна прыбавілі ходу, і я ўжо вырашыў злітасцівіцца ды адпусціць іх.
Заябаць сведкаў Іеговы – done.

У Еўропе я ўпадабаў хадзіць на могілкі – уласна, цяпер для мяне гэта адно з найбольш прыярытэтных месцаў для наведвання ў новым горадзе.
Прычын гэтаму шмат, падрабязней сфармулюю ў аповедзе пра іншую краіну, але з відавочнага: гэта як мінімум эстэтычна прыгожа, і могілкі паўсюль выглядаюць па-рознаму – як патэрны саміх помнікаў, так і падыход да іх уладкавання.
Агулам, на маю думку, па таму, як выглядаюць могілкі, шмат што можна сказаць пра краіну і яе жыхароў.
Адносіны дзяржавы, грамадства і культуры да мёртвых няблага карэлююць з адносінамі да жывых.
Шмат якія гарады ў 20 ст. сутыкнуліся з пытанням уладкавання могілак падчас урбанізацыі – імклівага росту сваіх насельніцтва і тэрыторыі.
У розных еўрапейскіх краінах заўважыў, што могілкі нярэдка інтэгруюць у паркі альбо, наадварот, пераўтвараюць прасторы з пахаваннямі ў сады.
Уласна, вось гэтыя – Старыя могілкі Мальмё – знаходзяцца ў гістарычным цэнтры горада.












Усё дагледжана, акуратна і засаджана дэкаратыўнымі раслінамі.
Дзіўныя людзі, гэтыя еўрапейцы.
Маглі ж проста ўсё знішчыць, перакапаць і пабудаваць паверх касцей які-небудзь рэстаран, гандлёвы цэнтр альбо стадыён “Дынама”.
Пры царкве святога Паўла напрыканцы 19 ст. заклалі новыя гарадскія могілкі.

На жаль, царква была зачынена, але ж могілкі я наведаў.























Акрамя могілак, музеяў і храмаў, яшчэ адзін варыянт рэкрэацыі для мяне – гарады па начах.


Бяссонне са мной так даўно, што я ўжо забыў, што гэта штосьці незвычайнае.
Спаць па 2-3 гадзіны на дзень – даволі непрыемна. Складана неяк уціснуць у такі рэжым працу, адпачынак, адносіны і чым там яшчэ людзі займаюцца. З іншага боку – цяжка толькі першыя гадоў 7, а потым звыкаеш.
Калісьці ў мяне быў каламбур, што я настолькі ненавіджу рэжым, што пахерыў нават рэжым сну.
Ёсць, аднак, у бяссонні і рэдкія плюсы – так аднойчы ў маім жыцці з’явіліся начныя шпацыры па розных гарадах. Ноччу ўсё становіцца больш шчырым і сапраўдным – і людзі, і гарады.











Аповед пра Мальмё:
1. Інтра
2. Эрэсун
3. Gamla Staden
4. Рэфармацыя
5. Памяць
6. Паркі і рэкрэацыя
7. Бонус







Leave a comment