1. 15 еўра

Першая частка аповеда пра Закапанэ прысвечана таннаму, але каштоўнаму ўроку.

Аповед пра Польшчу цалкам лагічна пачынаць са сталіцы. Але тэкст пра Варшаву я яшчэ не скончыў (дакладней, не пачаў), таму сканцэнтруемся на сталіцы зімней – горадзе Закапанэ.

З кожнай наведанай краіны дасылаю лісты палітвязням і вяду разлік індэкса паштовай маркі ў Беларусь, то бок, колькі каштуе адна міжнародная адпраўка.

Кошты ў USD на момант адпраўкі, актуальны курс і кошт можа адрознівацца:

  • Данія: $7.04 (50 крон)
  • Швецыя: $3.42 (36 крон)
  • Ізраіль: $2.70 (10 шэкелей)
  • Польшча: $2.47 (10 злотых)
  • Чэхія: $2.21 (48 крон)
  • Сакартвэла: $2.10 (4.7 лары)
  • Літва: $2.05 (1.75 еўра)
  • Мальта: $1.61 (1.5 еўра)
  • Турэччына: $1.50 (30 лір)
  • Казахстан: $1.34 (700 тэнге)
  • Аўстрыя: $1.33 (1.2 еўра)
  • Нямеччына: $1.11 (0.95 еўра)
  • Чарнагорыя: $1.02 (0.95 еўра)
  • Албанія: $0.93 (90 лек)

Паляцелі паштоўкі ў Шклоў, Воршу, Пашковічы, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Берасце.

*Дзмітрый Бондараў
Уладзімір Журомскі
*Вольга Залатар
*Руслан Захарчанка
Арцём Латышаў
Сцяпан Латыпаў
Любоў Рэзановіч
*Яніна Сяргейчык
*Сяргей Чыжэўскі
*Вадзім Шылько

У гэтай частцы гаворка нават не пра сам Закапанэ, а пра вёску непадалеч, бо спачатку я прыехаў менавіта туды.

Дык вось, людзі, якія працяглы час жыцця знаходзіліся не ў найлепшым фінансавым становішчы, часта дэманструюць не зусім здаровыя рэакцыі на выдаткі.

Напрыклад, набываеш сабе штосьці прыемнае, але не неабходнае – адчуваеш пэўны сорам.

Іншая характэрная з’ява – кепскае доўгатэрміновае планаванне. Умоўна, дарагі абутак можна насіць гадоў пяць, але ты абіраеш танны, які распаўзецца праз паўгады.

У перспектыве пяці гадоў выгадней патраціць адзін раз грошы на якасную і дарагую рэч, бо ў выпадку танных рэчаў прыйдзецца траціць менш, але часцей, так што ў выніку выдаткаў будзе больш – але ж ў момант пакупкі звычайна душыць рапуха.

Я доўга працаваў над сваім стаўленнем да гэтага і агулам, здаецца, перамог.

Але, напрыклад, той факт, што я у студэнцтве краў ежу, каб пракарміцца, пальцам не заткнеш – і вось я праглядаю жытло на Букінге, разумею, што можна заехаць у цэнтр Закапанэ, а можна і кудысьці у задуп’е (вакол горада некалькі вёсак), і за пару дзён розніца складзе каля 15 еўра.

Выбар відачвочны! Бліжэй да 23:00 я першым вылятаю са спазніўшагася цягніка, бягу з валізкай у руцэ да аўтобуснага прыпынку, бо апошні аўтобус у бок маёй вёсцы мусіць выехаць цягам некалькіх хвілін (якая яшчэ курва таксоўка).

Еду паўгадзіны на аўтобусе, выходжу некуды ў цемру, бо ліхтары не гараць – хто ў вёсцы будзе шастаць пасярод ночы? Ды і агулам ва ўсіх мясцовых машыны.

Я яшчэ і свой прыпынак выпадкова праехаў – у выніку, іду нейкі час уздоўж дарогі, потым сыходжу ў лясок, за нім поле, за полем рака, за ракой яшчэ поле і потым ужо мой пасёлачак.

Пэўны час шукаў мост цераз раку, перайшоў, поле прайшоў, ну і папердаляў угару – у адной руцэ валізка, у другой ліхтарык, бо ні халеры не бачна. Думаю, толькі б не спаткаць па дарозе якога-небудзь курвадзіка.

Дзесьці ўдалечыні гучна брахнула сабака і я ледзьве не абасраўся.

Гэта я ўжо той маршрут паздымаў днём, ноччу ён, канешне, выглядае трохі пагрозлівей.

І вось я ішоў угару і думаў, што можна ж было альбо па-чалавечы засяліцца куды-небудзь не вельмі далёка ад вакзалу, альбо таксоўку ўзяць, альбо хоць цягнік абраць не найтаннейшы, а такі, што не пад ноч прыязжджае.

Што тут скажаш, я ўсё яшчэ памятаю тэхніку наразання сасіскі тонкімі палоскамі, каб здавалася, што яе больш, чым ёсць – дзякуй Богу, даўно не практыкую, але ж са старымі звычкамі нічога не зробіш.

Часам яны перамагаюць і рацыяналізм, і тэхніку бяспекі.

Карацей, бадзяцца ноччу па незнаёмых месцах, асабліва недзе на прыродзе – шчыры дэбілізм, лепей так не рабіць, бо можна назбіраць неабавязковых праблем.

Але я ўсё роўна рады, бо бонусам да Закапанэ паглядзеў яшчэ і вёску – вёска прыгожая.

Аповед пра Закапанэ:
1. 15 еўра
2. Краявіды
3. Падгале
4. Працэсія

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).