3. Падгале


Тут пройдземся па гісторыі рэгіёна і яго жыхароў, а дапамогуць мне ў гэтым артэфакты з Татраўскага музею.

Як і шмат якія іншыя краіны, у культурна-гістарычным сэнсе Польшча не з’яўляецца маналітнай – напрыклад, Падляшша з цэнтрам у Беластоку і Вялікапольшча з цэнтрам у Познані досыць істотна адрозніваюцца.

Адметным для Польшчы рэгіёнам з’яўляецца Падгале, што ляжыць на паўночным схіле Татраў – горнага масіву на захадзе Карпатаў, які размяжоўвае Польшчу і Славакію.

Падгале з’яўляецца самым паўднёвым рэгіёнам краіны, цэнтр якога знаходзіцца якраз у Закапанэ.

Назва Podhale пайшла ад “pod halami” – то бок, пад горнымі пашамі (выпасам), месцам, дзе пасвіліся авечкі. Людзі, якія там жывуць – гуралі, то бок, горцы.

Гуралі маюць сваю гаворку і жывуць ня толькі ў Польшчы, але і агулам ўздоўж Татраў – то бок, яшчэ ў суседніх Славакіі і Чэхіі.

Я не настойваю, але мне падалося натуральным параўнанне з Палессем: і праз прывязку людзей да геаграфічнага рэгіёну, які знаходзіцца ў некалькіх краінах, і праз моўныя асаблівасці, і праз культуру – Падгале вядома ў Польшчы праз гуральскія танцы, музыку і архітэктуру.

На здымках ніжэй:
– Адпачынак у гарах (1889 г.)
– Гуралі ў палі (1895 г.)
– Гуральская сям’я (1895 г.)
– Гуральскія танцы (пачатах 1900-ых)
– Дарога ў Закапанэ (пачатах 1900-ых)
– Жанчыны ў гуральскім строі (пачатах 1900-ых)

Ёсць яшчэ адметная гістарычная цікавостка, звязаная з гэтым рэгіонам.

Польшча прайшла свой няпросты шлях да аднаўлення незалежнасці пасля Першай сусветнай – станаўленне Другой Рэчы Паспалітай (цяпер існуе, адпаведна, Трэцяя).

Палякі, што былі падзелены паміж немцамі і аўстрыйцамі з аднаго боку і рускімі з другога, падчас WWI амаль не мабілізаваліся ў арміі гэтых краін, а чакалі свой шанец, спадзяючыся на паслабленне ўсіх бакоў канфлікту.

Так урэшце і адбылося – 11 лістапада 1918 г. у дзень падпісання Кампьенскага міру, які завяршыў вайну, палякі на чале з Юзэфам Пілсудскім узялі пад кантроль Варшаву і неўзабаве абвясцілі Польскую рэспубліку.

Далей, напрыканцы 1918 г. адбылося Вялікапольскае паўстанне – рэгіён з цэнтрам у Познані цягам месяца раззбройваў дэмаралізаваных немцаў і далучыўся да складу Польшчы, у 1919-1921 гг. адбывыліся тры Сілезскія паўстанні – не настолькі паспяховыя, але ж частка Сілезіі таксама ўвайшла ў склад Польшчы.

Паралельна Польшча вяла вайну з Заходнеукраінскай Народнай рэспублікай і ў выніку падзяліла яе разам з Румыніяй і Чэхаславакіяй, ну і таксама два гады вяла вайну з савецкай расеяй – па выніку чаго ў склад РП патрапіла у тым ліку і заходняя частка Беларусі.

Да чаго ў гэтай гісторыі Закапанэ? А вось што – менавіта Закапанэ стаў першым польскім горадам, які выйшаў з пад іншаземнай улады.

Падгале разам з Малапольшчай (рэгіён з цэнтрам у Кракаве) уваходзіў у склад Аўстра-Вугорскай імперыі. 13 кастрычніка 1918 г. закапанская грамада сабралася на гэтым месцы, каля помніку Грунвальдскай бітве – абралі Часовы Урад, абвясцілі Закапанскую рэспубліку і пайшлі раззбройваць аўстрыйскі гарнізон. А ўжо праз месяц, адпаведна, далучыліся да Польскай рэспублікі.

На сёння Закапанэ – сусветна вядомы гарналыжны курорт, і ў такім статусе ён пачаў зацверджвацца яшчэ сто гадоў таму. Вось плакат 20-ых гадоў мінулага стагоддзя да лыжнага чэмпіянату Закапанэ і выява 1935 г. – называецца “Зіма ў Польшчы”.

Напрыканцы яшчэ трохі мастацтва на шкле ад мясцовых творцаў 70-80 гг., а таксама здымкі Закапанэ і яго жыхароў у першай палове 20-га ст.

Аповед пра Закапанэ:
1. 15 еўра
2. Краявіды
3. Падгале
4. Працэсія

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).