У першай частцы ўзгадваем стэрэатыпы пра Лодзь, а таксама разглядаем польскія злотыя.
Мінулы горад, пра які я распавядаў – Закапанэ – мае статус зімовай сталіцы Польшчы. На чарзе горад, які мог бы стаць сталіцай гэтай краіны пасля Другой сусветнай, паколькі Варшава была практычна цалкам знішчана. Сталіца, так бы мовіць, пралетарская – некалі галоўны горад польскай прамысловасці.
За Лодзю ў польскай культуры замацавалася слава, мякка кажучы, не самага лепшага горада, асабліва для турыстаў. Гэта прыкладна як Завадскі район Менску са сваімі Шабанамі, Чыжоўкай і іншымі ветлівымі мясцінамі – але ж цэлы горад.
Вось гэты ўрывак з польскага фільму Ajlawju (калі-небудзь падзялюся сваімі любімымі прыкладамі паланізацыі запазычаных з ангельскай словаў), напэўна, найлепш за ўсё характэрызуе стэрэатыпнае стаўленне да Лодзі ў Польшчы.
Мушу адзначыць, што маё першае ўражанне было прыблізна такім жа. Мо яшчэ праз тое, што маё падарожжа пачалося з чыгуначнай станцыі Лодзь Хойны, і жыў я там дзесьці побач, то бок, на паўднёвым ускрайку горада.



Калі вы наведывалі ў будзь якім горадзе былога СССР районы, у назве якіх ёсць “Пром”, “Авто”, “Маш” ці “Завод”, то вам падобныя краявіды мусяць быць знаёмы.
На шчасце, не ўвесь горад выглядае так – у наступных частках распавяду, як так увогуле атрымалася, і як Лодзь адраджаюць цяпер.
Але рэшту гэтай частцы хачу прысвяціць не самой Лодзі, а агулам Польшчы. У розных краінах я звычайна аглядаю нацыянальную валюту – заўсёды цікава, хто і што знаходзіцца на банкнотах, бо гэта хуткі спосаб паглыбіцца ў мясцовую гісторыю і культуру.
Так, напрыклад, я даведаўся, што на шведскіх кронах – акторы тэатру і кіно, на албанскіх леках – паўкаводцы і літаратары, а вось на польскіх кронах – каралі. Таксама амаль на кожнай банкноце – выява белага арла, які знаходзіцца на гербе гэтай краіны.
Польская валюта – злотыя, адзін злоты складаецца са ста грошаў. 1 USD – прыкладна 3.5 злотых.

На аверсе банкноты ў 10 злотых – князь Мешка I (960-992, тут і далей – гады кіравання), на рэверсе – срэбная манета таго часу.


Мешка – першы дакладна вядомы кіраўнік заходніх палян, менавіта ён лічыцца заснавальнікам польскай дзяржаўнасці. На той момант гэта было Польскае княства, якое па тэрыторыі больш-менш адпавядае сённяшняму Вялікапольскаму ваяводству з цэнтрам у Познані. У 966 г. Мешка хрысціў Польскае княства па каталіцкаму абраду.
Таксама Мешка – першы прадстаўнік дынастыі Пястаў, якая кіравала Польшчай да 1370 г. Крамя таго, нашчадкі гэтай дынастыі ажно да 17 ст. правілі ў Мазавецкім і ў розных Сілезскіх княствах, якія сёння ўваходзяць у склад Польшчы.
Вось, напрыклад, Балеслаў I Храбры (992-1025) на 20 злотых – сын Мешкі, і пры яго кіраванні Польшча ўпершыню стала каралеўствам.


На рэверсе таксама размешчана срэбная манета ужо часу яго кіравання і ратонда, збудаваная недзе ў 10 ст. недалёка ад мяжы з Чэхіяй, у горадзе Цешын.
50 злотых пераносяць нас да апошняга караля дынастыі Пястаў Казімера III Вялікага (1333-1370). На рэверсе – панарама Кракава і асобна выява габрэйскага району Казімеж (разумееце, на гонар каго названы).


Дакладней, гэта зараз Казімеж – габрэйскі район, а спачатку ён будаваўся проста як асобны горад у мэтах абароны Кракава з паўднёвага накірунку. У 1495 г. Польшча прыняла закон, які забараняў габрэям знаходзіцца ў шэрагу гарадоў – так габрэі Кракава перабраліся жыць у суседні Казімеж.
На 50 злотых мы заканчваем пра дынастыю Пястаў, таму распавяду пра яе адзін важны момант – у еўрапейскай традыцыі нярэдка бывае, што герб кіруючага роду пераходзіць у нашчадства створанай затым дзяржаве.
Беламу арлу на чырвоным фоне Польшча забавязана менавіта Пястам, гэта іх радавы герб.
Калі вы, як і я, не з’яўляецеся экспертамі ў гістарычных навуках, то некаторыя рэчы падаюцца дзіўнымі наўпрост на фанетычным узроўне.
Калі я даведаўся, што на банкноце ў 100 злотых размешчаны польскі кароль Владыслаў II Ягеллон (1386-1434), то я проста паціснуў плячыма і ніяк не звязаў гэта са знаёмымі мне са школы героямі.


Ну, памятаеце, пачатак 15 стагоддзя, слаўны перыяд росквіту ВКЛ? Там усю дарогу бадаліся за ўладу стрыечныя браты Вітаўт і Ягайла (хоць і разам разбілі крыжакоў у 1410 г. пры Грунвальдзе), Вітаўт яшчэ далучыў да ВКЛ Смаленск і зусім трошкі не паспеў утварыць з Вялікага княства Вялікае каралеўства Літоўскае.
Ягайла – нарадзіўшыся ў Вільні сын Вялікага князя Альгерда – у той час прыняў каталіцтва, ажаніўся на польскай каралеве Ядвізе, і 50 гадоў быў польскім каралём. У прыватнасці, ініцыяваў і падпісаў Крэўскую унію паміж Польшчай і ВКЛ, што стварыла падмурак для ўтварэння ў будучыні Рэчы Паспалітай.
Дык вось, для Польшчы Ягайла – Уладыслаў II, бо менавіта гэтае імя ён прыняў пры пераходзе ў каталіцтва. Ну і, відавочна, ён і з’яўляецца заснавальнікам роду Ягелонаў, прадстаўнікі якога кіравалі Польшчай да 1572 г.
Белы арол на рэверсе банкноты – з ягонай надмагільнай пліты, таксама там выява тэўтонскага замку Мальбарк.
Такім чынам, дынастыя Ягелонаў кіравала Польскім каралеўствам з 1386 па 1572 гг.
Падчас кіравання ўнука Ягайлы Жыгімонта I Старога (1506-1548) у склад Польшчы ўвайшла сённяшняя сталіца – разам з усім Мазавецкім княствам. Верагодна, праз гэта вы можаце пабачыць яго на банкноце ў 200 злотых.

Дадам яшчэ, што далей карона перайшла да ягонага сына Жыгімонта II, пры якім у 1569 г. была заключана Люблінская унія і ўтворана Рэч Паспалітая.
На рэверсе банкноты на фоне двара Вавельскага замку ў Кракаве – выява арла з капліцы, адпаведна, Вавельскага сабору.
Жыгімонт II нашчадкаў не пакінуў, таму з 1572 г. у гэтай федэратыўнай манархіі кароль абіраўся сеймам – таму далей краінай кіравалі прадстаўнікі розных дынастый. На банкноты з іх усіх патрапіў толькі Ян III Сабесскі (1674-1696).


Відавочна, ён найбольш вядомы праз выратаванне Вены падчас яе аблогі туркамі – што, дарэчы, стала апошняй спробай Турцыі наладзіць дамінаванне ў Еўропе. Ну, яшчэ Ян быў сябрам Сапегаў і Радзівілаў, якія паспрыялі яго перамозе на выбарах караля.
Фонам для арла на рэверсе служыць каралеўскі палац у Варшаве (не блытаць з каралеўскім замкам у цэнтры горада – гэты знаходзіцца ў Wilanów).
Тадэвушу Касцюшка, напрыклад, на банкнотах месца не знайшлося, але ж знайшлося ў цэнтры Лодзі і, вядома, у нашых сардэчках.




Аповед пра Лодзь:
1. Інтра
2. Ладдзя Роспачы
3. Лодзь Фабрычная
4. Ізраэль Познаньскі
5. Польскі Дэтройт
6. Рэвіталізацыя Лодзі
7. Станіслаў Костка
8. Святы Дух
9. Святы Крыж
10. Сталіца Стрытарту
Усе аповеды: змест.








Leave a comment