Польшча ў складзе расейскай імперыі часоў 1815-1830 гг: русіфікацыя, падаўленне паўстання, пакаранне дзяцей.
Тут у нас спасылка на Караткевіча, па-першае, праз назву горада: дакладна невядома, чаму Лодзь называецца менавіта так, але паводле адной з тэорый – праз ладдзі, на якіх плавалі (ці хадзілі) мясцовыя жыхары ў Сярэднявеччы.
Па-другое, праз змест арыгінальнага твора: хоць “Ладдзя Роспачы” напісана, відавочна, пра Беларусь, Польшчы таксама давялося прайсці праз шмат пытанняў да ўласнай ідэнтычнасці, смерць і перараджанне сваёй дзяржавы.
Свой асабісты шлях прайшла і Лодзь – бліжэйшыя часткі прысвечаны таму, як у гэтым прамысловым гіганце адбыліся індустрыалізацыя, заняпад і рэвіталізацыя (адраджэнне).
А ў гэтай частцы, так бы мовіць, прыквел – разглядаю перыяд 1815-1830 гг., бо Лодзь адышла да рускіх менавіта тады. Па выніках трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. горад апынуўся ў Прусіі.
Лодзь упершыню ўзгадваецца ў летапісах яшчэ ў 1332 г., але ж доўгі час гэтае месца было нічым не адметным, і да 19 стагоддзя тут жыло некалькі соцен чалавек.
У 1815 г. шырокая кааліцыя з Аўстрыі, Прусіі, Расеі, Швецыі, Англіі, Іспаніі, Партугаліі і шэрагу іншых краін перамагла Напалеона.
Саюзнікаў у Напалеона на той момант было няшмат, адным з ніх з’яўлялася Варшаўскае герцагства, створанае ў 1807 г. пад французскім жа пратэктаратам. Палякі, відавочна, падтрымлівалі Напалеона праз надзею на аднаўленне канчаткова страчанай у 1795 г. незалежнасці.
Але тым разам не атрымалася – Напалеон зазнаў паразку, а дзяржавы-пераможцы зацвердзілі новыя мяжы Еўропы. Так герцагства (у тым ліку і Лодзь) адышло расейскай імперыі як аўтаномнае Каралеўства Польскае.
То бок, расейскія імператары дадавалі да сваіх тытулаў “…і Кароль Польскі”, а Польшча з’яўлялася малодшым партнёрам у уніі – але ж фармальна аўтаномным, з уласным сеймам і арміяй.
Больш за тое, Польшча адышла пад патранаж Расеі з уласнай канстытуцыяй узору 1815 г. і абавязкам рускіх яе прытрымлівацца – канстытуцыю падмахнуў і расейскі імператар Аляксандр I.
Ну, вы ведаеце, як рускія агулам трымаюцца дамоўленнасцей, і як паважаюць правы народаў на самавызначэнне і самакіраванне. А уж гэтая іх знакамітая павага да іншых моваў і культур…
Так, у перыяд 1815-1830 гг. рускія скасавалі ў Польшчы свабоду друку і грамадскіх сходаў, увялі цэнзуру і пачалі пераслед польскіх грамадскіх актывістаў і культурных дзеячаў.
Палякі ўсім гэтым былі не надта задаволены – сітуацыя накалялася, а выбуху паспрыяла чарговая рэвалюцыя ў Францыі ў 1830 г. і аддзяленне паўднёвых правінцый Нідэрландаў у асобную дзяржаву – Бельгійскае Каралеўства.
Справа ў тым, што на той момант Прусія (на базе якой пазней сфарміравалася Нямецкая імперыя), Аўстрыя і Расея былі на чале сусветнага кансерватызму – у 1815 г. нават заключылі так званы “Свяшчэнны саюз”, сэнс якога быў у падаўленні еўрапейскіх рэвалюцыйных настрояў, дзе б тыя не з’яўляліся.
У прыватнасці, гэтыя краіны дапамагалі войскам іншым манархіям, хістаўшымся пад напорам багамерзкіх лібералізму і нацыяналізму.
Расейскай армія тады (як і сёння) складалася пераважна з рэкрутаваных прадстаўнікоў заваяваных народаў – адпаведна, як толькі ў Францыі выбухнула рэвалюцыя, рускія пачалі праводзіць у Польшчы мабілізацыю.
Прага да незалежнасці і незадаволеннасць рускімі парадкамі выйшла сярод палякаў на пік, калі стала зразумела, што за інтарэсы рускай кароны палякі мусяць яшчэ і паміраць недзе пасярод Францыі.
Так у 1830 г. выбухнула Лістападаўскае паўстанне – польскі сейм аб’явіў аб дэтранізацыі расейскага імператара Мікалая I з польскага прэстолу.
Цягам года паўстанне было падаўлена праз прычыны, якія былі характэрнымі і для наступных паўстанняў: адсутнасць патрымкі ад іншых дзяржаваў, варожыя стасункі з суседзямі (пераважна з Прусіяй), адсутнасць падтрымкі з боку сялянаў.
У верасні 1831 руская армія штурмам узяла Варшаву, і на гэтым усё было скончана – рэшта польскіх войскаў перайшла мяжу з Прусіяй, але ж неўзабаве была інтэрнавана немцамі на расею.
Вынікі паўстаня сумныя: каля 50 тысяч польскіх ваяроў былі забіты, дзесяткі тысяч палякаў апынуліся ў эміграцыі, яшчэ дзесяткі тысяч – у Сібіры.
Асобны від пакарання быў прыгатаваны для дзяцей паўстанцаў і розных актывістаў: іх дэпартавалі ў розныя расейскія гарады для навучання ў кантаністскіх школах – гэта штосьці кшталту будучых Сувароўскіх вучылішч.
Пасля сканчэння такой “школы” юнакі мусілі служыць у расейскай арміі наступныя 20-25 гадоў. Думаю, відавочна, што пераважную большасць кантаністаў складалі дзеці далёка не рускай нацыянальнасці.
Па выніках паўстання рускія скасавалі польскую канстытуцыю, раззброілі рэшткі польскай арміі, распусцілі сейм і усе мясцовыя ўстановы самакіравання, забаранілі адукацыю на польскай мове, і ўжо ў 1832 г. канчаткова знішчылі Каралеўства Польскае як дзяржаву, цалкам інтэграваўшы яе ў сваю імперыю.
Тут нічога дзіўнага – рускія так рабілі паўсюль, абсалютна на ўсіх заваяваных тэрыторыях, ад Еўропы да Цэнтральнай Азіі.
Крамя таго, паўсюль яны прыдумлялі новыя назвы, у асноўным геаграфічнага характару – і дзеля прыніжэння, і каб сцерці памяць аб тым, што тут калісьці была нейкая дзяржава.
Нам яны далі назву Паўночна-Заходні край, а для Польшчы прыдумалі Прывіслінскі край, ад ракі Вісла.
Расейскі імператар Мікалай I падаўленне паўстання пракаментаваў так: “Не знаю, будет ли когда-нибудь Польша, но в чем я уверен, так это в том, что поляков не будет”.
Вось вы кажаце, пуцін – але падзелы Рэчы Паспалітай адбыліся пры Кацярыне II, падаўленне паўстання ў 1863 г. – пры Аляксандры II, уторгненне ў 1919 г. – пры Леніне, уторгненне ў 1939 г. і Катынь – пры Сталіне, пагроза ўвесці войскі ў 1981 г. – пры Брэжневе.
Не застаўся ў баку і солнцелікое зеркало русской поэзіі, які на гонар падзення Варшавы разразіўся вершам “Клеветнікам Россіі”.
З архіва пісем Аляксандра Пушкіна падчас паўстання 1830 г: “Их надобно задушить… Для нас мятеж Польши есть дело семейственное, старинная, наследственная распря”.
Адтуль жа: “Известие о польском восстании меня совершенно потрясло. Итак, наши исконные враги будут окончательно истреблены… Начинающаяся война будет войной до истребления – или по крайней мере должна быть таковой”.
Што тут скажаш – велікій поэт велікого народа. Каб жыў сёння, стварыў бы нармальную канкурэнцыю z-паэтам.
Падсумуем:
– Расейцы заўжды вядуць свае войны на поўнае знішчэнне іншых народаў.
– Ёсць толькі адзін нармальны Пушкін – Алесь.
– Польшча ў выніку здолела вырвацца з рускай пятлі – мо і ў нас аднойчы атрымаецца.
Аповед пра Лодзь:
1. Інтра
2. Ладдзя Роспачы
3. Лодзь Фабрычная
4. Ізраэль Познаньскі
5. Польскі Дэтройт
6. Рэвіталізацыя Лодзі
7. Станіслаў Костка
8. Святы Дух
9. Святы Крыж
10. Сталіца Стрытарту
Усе аповеды: змест.








Leave a comment