5. Польскі Дэтройт

Гэтая частка прысвечана непрывабнаму боку горада – сумнай спадчыне, якую пакінуў сваім нашчадкам некалі прамысловы цэнтр Польшчы.

Да Першай сусветнай вайны Лодзь называлі польскім Манчэсцерам – праз хуткі тэмп росту горада дзякуючы прамысловым прадпрыемствам. Цяпер жа часцей можна сустрэць параўнанні з Дэтройтам – некалі найбагацейшым горадам ЗША, які згубіў усё праз крызіс аўтамабільнай індустрыі.

Мо так толькі ў краінах Саўка і соц табару, а мо і ва ўсім свеце – прамысловыя гарады і районы, дзе людзі займаюцца цяжкай працай на заводах і шахтах, маюць агульныя рысы: занядбалыя будынкі, кепская інфраструктура, ніжэйшы за сярэдні ўзровень адукацыі, вышэйшы узровень п’янства і бытавога гвалту.

Ёсць фаза, ёсць супрацьфаза, а ёсць штосьці нашмат важнейшае.

Лодзь – горад, які практычна на кожнай сваёй вуліцы мае адмеціны бязлітасных пралетарыскіх будняў.

Як так атрымалася? 20 стагоддзе выйшла для Лодзі (як і для усяго рэгіёну) не надта паспяховым. Дзве сусветныя вайны і несусветнае багацце прынесенага рускімі камунізму адкінулі развіццё пацярпелых гарадоў і краін на шмат дзесяцігоддзяў назад.

Праз Першую сусветную насельніцтва горада скарацілася з 600 тыс. да 350 тыс. чалавек. Праз Другую сусветную – з 670 тыс. да 500 тыс. Відавочна, што ў горадзе больш не жылі ані немцы, ані габрэі, і мульцікультурны дух горада застаўся хіба што ў пакінутых дамах.

Не самы прэзентабельны від гораду, па-першае, складаецца з жытловых будынкаў – Лодзь не так істотна пацярпела падчас Другой сусветная ад бамбардзіровак, як іншыя польскія гарады, таму тут захавалася шмат дамоў, пабудаваных на мяжы 19 і 20 стагоддзяў. Жытло будавалася для рабочых і адразу было не самай высокай якасці, а праз занядбаласць гэтая якасць штогод зніжалася.

Пасля Другой сусветнай вайны краіны Усходняй Еўропы патрапілі з акупацыі нямецкай у акупацыю расейскую. Польшча мусіла ўсе свае выдаткі ўзгаджаць з Масквой – там выдатна разумелі, навошта патрэбна ўкладаць грошы ў фабрыкі, але, відавочна, маглі хіба пасмяяцца з жадання палякаў палепшыць уласныя бытавыя ўмовы. Таму хоць якія работы па рэстаўрацыі Лодзі былі дазволены толькі ў 70-ыя.

Другая кампанента заняпаду – фабрычныя будынкі, якіх у Лодзі было, што грыбоў у лесе. Калі Савок усё ж такі канчаткова навярнуўся, то раптам высвятлілася, што ягоная прадукцыя на сусветным рынку абсалютна не канкурэнтназдольна.

За часы Саўка і соцтабару заводы і фабрыкі працавалі альбо на склад у межах планавай эканомікі, альбо рэалізовывалі сваю прадукцую ў дабраахвотна-прымусовым рэжыме. Дзе-нідзе прадукцыя ішла на зарплаты – замкнутае кола спажывання.

У Польшчы добра памятаюць часы Саўка, тут ёсць шмат музеяў і экспазіцый, прысвечаных тагачаснаму побыту, пратэстам і руху “Салідарнасць”.

У Гарадскім музее Лодзі ўзгадваецца праца на фабрыках: “Мы ўвогуле не разумелі, які ў гэтым сэнс – нормы выпрацоўкі штогод раслі, але і кошты на ўсе прадукты раслі. Часта мы працавалі не за зарплату, а за нейкія віртуальныя ачкі ў спаборніцтве з іншымі заводамі”.

Рэальнага кошту ўсе гэтыя прадпрыемствы амаль не складалі, таму пасля 91-га па ўсяму соцблоку яны спыняліся, прадаваліся з аўкцыонаў ці раскрадаліся. Відавочна, што для такіх месцаў, як Лодзь, гэта стала сапраўднай катастрофай. Адначасна заўважная колькасць насельніцтва засталася без працы і сродкаў да існавання – за 30 гадоў з развалу Саўка насельніцтве горада скарацілася з 850 тыс. да 650 тыс.

Ніжэй некалькі фатаздымкаў Лодзі 80-ых з Гарадскога музея.

Агулам, у мяне ёсць моцная прага да адведвання такіх мясцінаў, бо розныя прамзоны і падбуханыя мужычкі ў спартыўках абуджаюць ва мне настальгію па падлеткавым часам і не надта доўгай, але ж яскравай стрытфайт кар’еры. Заняпад і запусценне таксама маюць сваеасаблівую эстэтыку. Канкрэтна Лодзьская мне хутчэй спадабалася.

Вось тут, дарэчы, паеў найсмачнейшых у жыцці варэнікаў (у Польшчы яны называюцца pierogi).

Трохі падсапсаваў ўражанне той факт, што ў Лодзі я атрымаў свой першы ў жыцці штраф за безквітковы праезд у грамадскім транспарце.

Крыўдна, канешне, бо квіток у мяне быў. Проста, напрыклад, у Варшаве вы можаце набыць квіток у трамваі, і тады яго не трэба прабіваць (“касаваць”), бо ён ужо дзейны на час вашай паездкі. Адпаведна, прабіваць трэба толькі набытыя на прыпынку квіткі.

Я неяк не падумаў, што ў розных гарадах Польшчы могуць быць розныя правілы. Прыехаў у Лодзь, скінуў заплечнік у хаце, скокнуў у трамвай да цэнтру, набыў там квіток, ну і сіжу сабе.

А трэба было не сядзець, а прабіць квіток – пані кантралёрку мае тлумачанні не ўразілі, бо пан карыстаецца трамваем? Карыстаецца. У пана дзейны квіток? Не дзейны. Пан зараз можа заплаціць ці квітанцыю для аплату ў банку выпісваць?

250, курва, злотых! 60 еўра!

З іншага боку, калі я быў студэнтам, то грошай каб заплаціць за праезд не было, і я набегаўся ад гэтых кантралёраў на жыццё наперад – таму ўспрымаю гэта як карму.

Ну і ў любым выпадку сам дурак, што уж тут.

Аповед пра Лодзь:
1. Інтра
2. Ладдзя Роспачы
3. Лодзь Фабрычная
4. Ізраэль Познаньскі
5. Польскі Дэтройт
6. Рэвіталізацыя Лодзі
7. Станіслаў Костка
8. Святы Дух
9. Святы Крыж
10. Сталіца Стрытарту

Усе аповеды: змест.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).