У шостай частцы распавядаю, як горад вяртаецца да жыцця – арт-прасторы на месцы фабрык, рэстаўрацыя будынкаў, Пётркоўская вуліца і, канешне, касцёлы.
Магчыма, канешне, гэта агульнасусветны трэнд – рабіць з фабрычных комплексаў арт-прасторы, музеі і г.д. Прынамсі, я бачыў такое ў розных краінах, некалі нават сярод комплексу фабрычных будынкаў быў мой офіс.
У рамках вяртання гораду да жыцця, Лодзь шмат што робіць у гэтым накірунку. Дзесьці гэты працэс толькі трывае – кавярні ўжо ёсць, але ж суцэльная прастора на этапе рэмонту.




Дзесьці ўжо ўсё файна. Напрыклад, вось комплекс ЕС1 – тут была першая ў Лодзі цеплавая электрастанцыя, пабудаваная немцамі з Siemens & Halske у 1907 г.
У 2000 г. яе канчаткова вывялі са строю, а з 2015 г. на яе тэрыторыі знаходзіцца вялізны культурна-мастацкі комплекс: тут месціцца і планетарый, і цэнтр навукі і тэхнікі, і цэнтр фільмаграфіі, і шмат яшчэ чаго.
І знешне файна ж выглядае.




Вось гэтага монстра я спачатку прыняў за рэферэнс на “Зорныя войны”, але ж гэта машына для транспарту і загрузкі вугля на ТЭЦ (“цепла”, то бок, ЦЭЦ).


На месцы вялічэзнага фабрычнага комплексу Ізраэля Познаньскага, якому я тут прысвяціў асобную частку, цяпер гандлёвы цэнтр, кавярні і музеі. Агулам, уся прастора мае назву “Мануфактура”.










Як вы, напэўна, здагадаліся, мне вельмі імпануюць будынкі з чырвонай цэглы.
Не ведаю, наколькі вы знаёмы з серыяй мемаў “хлопок”-“бавоўна”, і магчыма гэта зноў мем на паўтары падабайкі. Але накіну, што доўгі час галоўным пастачальнікам бавоўны на Расею была Лодзь, а цяпер, атрымоўваецца, ЗСУ.

Не аднымі фабрыкамі, канешне. У Лодзі шмат прыгожых касцёлаў – я не ведаю дакладна, але мне здаецца, што ў Польшчы рэстаўрацыя любога гораду пачынаецца менавіта з рэстаўрацыі касцёлаў.





Агулам па гораду адрэстаўравана шмат будынкаў. Выглядае, на маю думку, файна, але я не зразумеў, па якому прынцыпу яны адбіраюцца на рэстаўрацыю.
Калі вы прыехалі ў Лодзь, у вас няшмат часу і яшчэ менш жадання даследваць дагэтуль разбураныя ваколіцы, то вельмі раю Пётркоўскую – гэта цэнтральная вуліца, дзе ўсё прыгожа, так бы мовіць, вітрына гораду.



















Аповед пра Лодзь:
1. Інтра
2. Ладдзя Роспачы
3. Лодзь Фабрычная
4. Ізраэль Познаньскі
5. Польскі Дэтройт
6. Рэвіталізацыя Лодзі
7. Станіслаў Костка
8. Святы Дух
9. Святы Крыж
10. Сталіца Стрытарту
Усе аповеды: змест.







Leave a comment