У сёмай частцы паказваю звонку і знутры Архікафедральную базыліку імя святога Станіслава Косткі. Адна з найпрыгажэйшых цэркваў сярод усіх, што я паспеў наведаць.
Мяне перыядычна засмучваюць падобныя назвы, таму вось для спраўкі: базыліка таксама з’яўляецца царквой, але ж з асобным статусам ад Папы Рымскага. Калі штосьці кафедральнае – значыць, тут знаходзіцца епіскап, і менавіта гэтая царква, так бы мовіць, галоўная ў горадзе альбо адпаведнай парафіі.





Я досыць далёкі ад рэлігіі чалавек, але ж дзякуючы падарожжам па Еўропе вельмі ўпадабаў царквы. Такую шчыльнасць мастацтва знойдзеш далёка не ў кожным музеі.
Калі казаць канкрэтна пра Польшчу, то касцёл тут выконвае функцыю яшчэ і адукацыйна-выхаваўчую: амаль у кожным ёсць памятныя знакі на гонар польскіх герояў – рэлігійных, культурных і вайсковых.
Напрыклад, тут узгаданыя Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Генрык Сянкевіч, Тадэуш Касцюшка, Леапольд Акуліцкі – апошні кіраўнік Арміі Крайовай, герой польскага падполля і, у прыватнасці, Варшаўскага паўстання.


Акуліцкі быў закатаваны расейцамі з НКУС у 1946 г. – пасля сканчэння Другой сусветнай і, адпаведна, змены акупацыі нямецкай на акупацыю расейскую.
Тут узгадваюцца ахвяры нацыстскага тэрору – 17.01.1945 немцы, адступаючы з Лодзі, забілі паўтары тысячы бяззбройных цывільных; жаўнеры Арміі Крайовай, палеглыя ў 1939-1945; ахвяры сталінскага тэрору 1939-1953; зверху – таблічка на гонар прыняцця канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791.

І што, пэўна, найбольш галоўнае для мяне – мемарыяльныя помнікі часта складаюцца з імёнаў дзеяткаў і соцен людзей.
Напрыклад, як тут – імёны 180 ксёндзаў, увязнённых у Дахаў і іншых канцтабарах. 128 з іх загінулі.

Мармуровая табліца на гонар ладзянаў, загінулых у войнах 1914-1920 гг. Не проста “палеглым салдатам” альбо “жыхарам гораду”, а імя, прозвішча, вайсковае званне.
Тое, як палякі шануюць сваіх людзей, мне вельмі пасуе. Шчыра кажучы, я адчуваю моцную зайздрасць – мне б хацелася пабачыць штосьці падобнае і ў Беларусі.

Мемарыял загінулым у 2010 г. пад Смаленскам прэзідэнту Леху Качыньскаму, экіпажу і пасажырам самалёта.

У Польшчы існуе тэорыя, што да авіакатастрофы прыклалі руку расейцы – раней я адносіў гэта да канспіралогіі, але цяпер ужо не здзіўлюся, калі гэта сапраўды так.
На ўваходзе вы пабачыце вось такі помнік – на гонар ксёндза Ігнація Скарупкі. На помніку ён нясе крыж, што звязана з легендай аб яго загібелі.




Ігнацій нарадзіўся ў Варшаве (дарэчы, Ciepła 3 – каля метро Rondo ONZ) у 1893 г. Пасля сканчэння Варшаўскай духоўнай семінарыі быў размеркаваны пад Пецярбург (так, прымусовае размеркаванне, прынамсі, на акупаваных тэрыторыях, расейцы прыдумалі да саўка). Пасля распаду імперыі вярнуўся дамой, служыў ксёндзам у Варшаве і Лодзі.
А пасля ўторгнення расейцаў у 1919 г. пайшоў дабраахвотнікам на фронт – там, у статусе вайсковага капелана Ігнацій Скарупка спаткаў сваю смерць ад расейскай кулі. Паводле легенды, гэта адбылося, калі ён вёў жаўнераў у атаку з крыжом у руках.
Імаверна, гэта ўсё ж не так, бо ягоныя пабрацімы ўзгадвалі, што ў той момант ён адпускаў грахі цяжка параненаму пабраціму, але ж у любым выпадку Скарупка заняў сваё месца ў пантэоне герояў Цуда на Вісле.


Дадам яшчэ, што касцёл пабудаваны ў 1912 г., гэта найвышэйшы будынак у Лодзі (105 м) і адзін з самых высокіх у Польшчы.
Так, тут засталося толькі сказаць некалькі словаў пра Станіслава Костку – гэта манах са шляхецкага мазавецкага роду, які далучыўся да Ордэну езуітаў насуперак волі сваёй сям’і. Памёр у падлеткавым узросце, кананізаваны каталіцкай царквой у 1726 г.
Далей толькі здымкі. Унутры касцёла вось так.

























Аповед пра Лодзь:
1. Інтра
2. Ладдзя Роспачы
3. Лодзь Фабрычная
4. Ізраэль Познаньскі
5. Польскі Дэтройт
6. Рэвіталізацыя Лодзі
7. Станіслаў Костка
8. Святы Дух
9. Святы Крыж
10. Сталіца Стрытарту
Усе аповеды: змест.







Leave a comment