У гэтай частцы разглядаю мясцовыя могілкі і распавядаю, як з’явілася сучасная традыцыя пахаванняў.
Тут у нас Cimitero monumentale di Bonaria – то бок, не проста нейкія там могілкі, а Манументальныя могілкі Банарыі. Ні больш, ні менш.
Варта, аднак, пазначыць, што ў дадзеным выпадку манументальнасць – гэта не пра вымярэнне велічнасці, а пра кампазіцыю аб’екта: кожнае пахаванне мусіў ўпрыгожваць адмысловы помнік (то бок, манумент).
Скульптараў для вырабніцтва збіралі па ўсім Апенінам – так адкрыты на пачатку 19-га стагоддзя некропаль з часам стаў чымсьці кшталту музея сучаснага (на той момант) мастацтва.

















Уласна, Банарыя – гэта геаграфічная назва ўзвышша, на якім месціцца некропаль. Хоць першыя пахаванні з’явіліся тут яшчэ падчас Рымскай імперыі, адмысловае пераўтварэнне ў арганізаваныя могілкі пачалося толькі ў 1829 г.
Сардэчна запрашаем!

Спачатку спужаўся, што Ленін.

Як з’явілася сучасная традыцыя пахаванняў?
Бадзяючыся туды-сюды па еўрапейскіх гарадах, я заўважыў, што могілкі паўсюль адкрывалі плюс-мінус у адзін і той жа перыяд часу – недзе на сутыччы 18 і 19 стагоддзя. Чаму так, часткова ўжо распавядаў ў аповедзе пра Мальмё, але ж дэталізую тут.
Цяпер, калі памірае чалавек, то незалежна ад пытанняў рэлігійных альбо прыкладных (то бок, тыпу пахавання), за нім закрэплена нейкае канкрэтнае, адмыслова абсталяванае месца: магіла, ніша ў калумбарыі і г.д. Што важна, яно індывідуальнае – агулам, у гісторыі чалавецтва гэта даволі новая з’ява.
Раней сялян ды бедных жыхароў гарадоў – то бок, 95-99% насельніцтва Еўропы – хавалі альбо пры царквах, альбо ўздоўж дарог, альбо дзе прыйдзецца. У любым выпадку, усё гэта стагоддзямі перакопвалася і змешвалася, памерлых часта хавалі разам (асабліва падчас войнаў ды эпідэмій), то бок, разлічваць на штосьці кшталту крыжа / камяня / шыльды з імёнамі не прыходзілася.
Калі ж вам пашансіла нарадзіцца ў багатай ды ўплывовай сям’і, альбо пры жыцці вы штосьці неверагодна карыснае зрабілі, то можна было прэтэндаваць на пахаванне наўпрост у царкве і, адпаведна, на адмысловую пліту на ваш гонар.
Доўгі час так было ўладкавана, пакуль у 18 стагоддзі ў Еўропе не распачаўся экспаненцыяльны рост колькасці насельніцтва. Напрыклад, на пачатку другога тысячагоддзя на кантыненце (тут гаворка пра ўмоўна Заходнюю Еўропу) жыло недзе 50-60 млн чалавек. На 1700 год – каля 120 млн. То бок, цягам сямісот гадоў колькасць жыхароў вырасла прыкладна ў 2 разы.
А вось наступныя х2 да насельніцтва еўрапейцы зрабілі ўсяго за сто гадоў. На 1800 г. у Еўропе жыло ўжо па-над 200 млн чалавек. Выбухнула нараджальнасць, шалёна вырасла сярэдняя працягласць жыцця – з ~25 да ~35 гадоў, да таго ж людзі яшчэ і пачалі масава пераязжджаць у гарады.
Далей адбыўся шэраг адкрыццяў, якія яшчэ больш паскорылі гэтыя працэсы: гігіена, вакцыны, антыбіётыкі, вадаправоды і г.д., але ж самыя першыя тэктанічныя зрухі у структуры і памерах грамадства пачалі адбывацца ў Еўропе каля 1750 г.
Ну і тут, як бы, такая сітуацыя: чым больш народу ў вас нараджаецца, тым больш потым памрэ, адпаведна, тым больш трэба будзе пахаваць.
Першымі наступствы дэмаграфічнага выбуху адчулі на сабе царквы, бо там і так месцаў для пахавання заставалася няшмат – нябожчыкаў пад царкоўныя пліты было напіхана бы тых шпротаў.
А тут чым больш свежых пахаванняў унутры слаба праветрываемых памяшканняў, тым мацней гэта ўсё пахне і тым вышэй верагоднасць розных эпідэмій – адпаведна, праз гэта яшчэ больш народу памрэ, і іх таксама трэба некуды падзець. Не надта зручна, канешне.
Таму багатых ды паспяховых людзей пачалі хаваць на царкоўнай зямлі – побач з будынкамі з’яўляліся адмысловыя участкі пад гэтую справу. Ранейшыя пахаванні пачалі выносіць з-пад царкоўных пліт, а новых нябожчыкаў адразу там і закопвалі.
















Ну, гэта ўсё для багацеяў і іншых буржуазных элементаў, але ж і нашаму бязроднаму брату-пралетарыю ў выніку таксама перапала.
Мая любімая гісторыя пра заняпад старой сістэмы пахаванняў звязана з Парыжам – там у цэнтры горада былі вялізныя пахаванні, дзе некалькі стагоддзяў у агульных магілах закопвалі усіх запар паверх адно аднога.
Падчас мадэрнізацыі вакол такіх пахаванняў узводзілі сцены-галерыі – потым перакопвалі старыя пахаванні і свальвалі ўсё накопанае ў гэтыя самыя галерыі.
Так яно было шмат у якіх еўрапейскіх гарадах, ну а паколькі гэта цэнтр, то звычайна ўсутыч з могілкамі былі прадуктовыя рынкі, жытловыя дамы ды ўсё такое іншае.
У Парыжы ў 1780 г. пасля працяглага дажджу сцены адной з галерэй размыла і людзям у суседнія дамы панасыпала зямлі з косткамі. Прыбіралі ўсё гэта некалькі гадоў, ну і ўрэшце дэмантавалі ўсё цалкам.
Так, напрыканцы 18 – пачатку 19 ст. сталі з’яўляцца могілкі па-за межамі горада. Напалеон у 1804 г. увогуле на гэтую тэму выдаў цэлы эдыкт, маўляў, ад цяпер усе пахаванні – за гарадскімі сценамі.
Ну і на фоне развіцця філасофскай думкі ў накірунку гуманізму-лібералізму з’явілася ідэя, што нават калі чалавек нічым асаблівым пры жыцці не адзначыўся, то ўсё роўна можна яму выдаць якое індывідуальнае месца – тым больш, што за межамі гарадоў месца мусіла хапіць для ўсіх.
Сардынцы, пэўна, таксама чыталі пра Парыж і вырашылі не рызыкаваць – так, у 1968 г. Cimitero monumentale di Bonaria закрылі для новых пахаванняў, бо скончыліся месцы. Цяпер гэта ўжо больш музей, чым могілкі.









































Leave a comment