Цэнтральны – і з геаграфічнай, і з гістарычнай перспектывы – район Кальяры знаходзіцца на ўзвышшы, дзе 800 гадоў таму збудавалі палац, арсенал, кафедральную царкву, ну і абнеслі ўсё гэта мурамі.
Асноўная турыстычная цікавостка Кальяры – Бастыён Сэн Рэмі, які быў збудаваны на сутыччы 19-га і 20-га стагоддзя ўжо пры незалежнай Італіі паверх тых фартыфікацый, што засталіся ад іспанцаў.




Уласна, від на горад з бастыёну.






Ад Бастыёна разгаліноўвеюцца некалькі паралельных вулачак, з якіх пачынаецца Quartiere Castello – уласна, тое, што можна назваць Старым горадам.
У 13 ст. на Сардынію высадзіліся госці з матэрыковай Італіі, якая тады складалася з безлічы розных феадальных утварэнняў – госці паходзілі з Пізанскай рэспублікі.
Так, пізанцы збудавалі ня толькі вядомую вежу на сваёй Радзіме, але і ў Кальяры пакінулі пасля сябе царкву, арсенал, казармы, палац, ну і абнеслі ўсе гэта мурамі.
Па вулачках можна дабрацца да кафедральнай царквы Cattedrale di Santa Maria e Santa Cecilia.







Cattedrale di Santa Maria e Santa Cecilia у 14 ст. збудавалі пізанцы, а далей дабудоўвалі госці з Арагону (пазней Іспаніі).
Унутры можна знайсці шмат цікавага, але ў мяне ёсць талент трапляць у такія ўстановы падчас імшы – не хацелася перашкаджаць людзям маліцца, таму так, зазірнуў адным вокам.









Паколькі ўжо зайшла гаворка пра царквы, распавяду адну легенду пра Кальяры.
Значыць, легенда такая – у 1370 г. уздоўж сардынскага ўзбярэжжа праплываў іспанскі карабель. Узняўся шторм, і капітан карабля даў наказ павыкідаць за борт груз.
Апошняй у бушуючую ваду паляцяла вялізная скрыня – і як толькі гэта здарылася, мора адразу супакоілася.
Скрыню прыбіла да берагу Кальяры – акурат да ўзвышша Банарыя, дзе яе ўжо чакаў натоўп мясцовых жыхароў, якія пазней і засведчылі гэты неверагодны цуд прыроды.
Мясцовыя з энтузіазмам луталі ўсё што вынесла на зямлю – аднак, адкрыць таямнічую скрыню ніхто не здолеў. Больш за тое, не атрымалася нават яе падняць.
Тады яны паклікалі манахаў з каталіцкага ордэна Мерцэдарыяў, якія без труда ўзнялі скрыню і аднеслі яе да царквы (што, на маю думку, мае шмат сэнсу – у тыя часы аніводная каштоўная рэч не магла абмінуць царкву).
Там яны адкрылі скрыню і паказалі узрушаным людзям неўшкоджаную статую Божай Маці: у правай руцэ яна трымала запаленую свечку, у левай – дзіцё (то бок, Іісуса).
Так пантэон каталіцкіх святых папоўніла Маці Божая Банарыйская – неўзабаве яна стала лічыцца заступніцай маракоў. Па-першае, праз гісторыю са штормам, па-другое – назва ўзвашша Bonaria (на сардынскай мове) пайшла ад Bon Ayre (ці то на іспанскай, ці то на каталонскай).
Перакладаецца гэта прыкладна як “добрае паветра” – каталонцы далі такую назву, бо на ўзвышшы, уласна, было добрае паветра, у той час як у самім Кальяры нармальна так смярдзела праз наяўнасць побач балотаў.
Якраз у той час партугальцы ды іспанцы актыўна рушылі ў марскія экспедыцыі: у 1492 г. Хрыстафор Калумб даплыў да Багамскіх выспаў, у 1498 г. Васка дэ Гама дабраўся да Індыі праз Афрыку, у 1520-ых Фернан Магелан здзейсніў першае падарожжа вакол света.
Не тое каб шмат маракоў дажывала да канца сваіх экспедыцый – безліч караблей гублялася і танула пасярод акіянаў, на тых што вярталіся, таксама смертнасць была высокай. Лагічна, што людзі спадзяваліся на Божую дапамогу ў гэтай нялёгкай справе – іспанскія маракі маліліся сваёй заступніцы, размяшчалі на караблях яе выявы, называлі на яе гонар і самі караблі.
Адзін з ніх, Педро дэ Мендоза, назваў на яе гонар цэлы горад, заснаваны ў 1536 г. іспанскай экспедыцыяй у Паўднёвую Амерыку. Назва была такая: Ciudad de Nuestra Señora Santa María del Buen Ayre. То бок, горад Святой Божай Маці Банарыйскай.
Мясцовыя паўднёваамерыканскія плямёны тады яшчэ не былі знаёмы з хрысціянствам і не надта ўразіліся ідэяй, што іхнія новыя суседзі маюць нейкіх там заступнікаў. Таму яны трохі паназіралі за еўрапейцамі, якія актыўна разбудоўвалі фарпосты, сабраліся з думкамі, ну і выразалі на хер усіх, хто прыплыў. Паселішчы таксама знішчылі.
Іспанцы, аднак, вярнуліся праз сорак гадоў. У 1580 г. ужо іншая экспедыцыя пад кіраўніцтвам Хуана дэ Гарая прыплыла на тое ж месца і, у сваю чаргу, выразала ўсіх мясцовых.
Назву горада таксама трохі падрэзалі – бо пакуль вымавіш Ciudad de Nuestra Señora Santa María del Buen Ayre, можна і якую стралу ў горла спаймаць.
Так на мапах з’явіўся Буэнас-Айрэс, які шмат пазней стаў сталіцай Аргентыны.















Практычна ўсутыч з кафедрай знаходзіцца старая гарадская ратуша.

Вось кавалак былога каралеўскага палаца.

Уласна, і ў районе Castello, і шмат у якіх гарадах Еўропы я перыядычна сутыкаўся з такой праблемай, што вулачкі вузкія, будынкі доўгія, адпаведна, у аб’ектыў камеры фіг што ўлазіць.

Яшчэ побач з кафедральным саборам знаходзіцца праваслаўная царква Chiesa della Speranza. Зыходна планаваў зайсці, але ўпёрся на ўваходзе ў групу жанчын сталога ўзросту, якія няістава хрысціліся.
Там таксама ішла служба, я прыслухаўся і ўцяміў, што па-расейску.
Ці аж так мне сюды патрэбна, задумаўся я. Пагугліў – сапраўды, царква належыць маскоўскаму патрыярхату рпц.
Зрэшты, што я там не бачыў? Праваслаўныя царквы ў Еўропе лагічна збіраюць прадстаўнікоў адной там велікой культуры, таму калі зайдзеце ўнутр, патрапіце на максімальную па гораду канцэнтрацыю людзей з нямытымі галавамі.



Жанчыны, праз якіх я спыніўся каля ўвахода, громка спрачаліся на конт нейкіх ікон, раптам адна з ніх ткнула ў мой бок пальцам.
– Вы православный? А? Православный?
Я на секунду задумаўся, з чым канкрэтна ўступіць у камунікацыю, абіраючы паміж niestety nie kumam o co chodzi ды me rusulad ar vlaparakob.
Жанчына заўважыла, што я цягну з адказам, і нецярпліва спытала тое ж самае, толькі грамчэй. – Православный?!
– I’ve no idea what you’re talking about, – урэшце буркнуў я.
– Какой-то італьянец, – заключыла яна, паворачваючыся да сябровак.
Выпадкова ўзгадаўся кавалак вядомага фільму, дзе група амерыканскіх жаўнераў прыкідалася італьянцамі перад нацыстамі. Я не “какой-то” італьянец, падумаў я, а канкрэтны – Antonio Margereettiii.
Нягледзячы на жахлівую, невыносную русафобію ў Еўропе, колькасць турыстычных віз расейцам, выданых у 2024 г. большая, чым, напрыклад, у 2021 г. (607k супраць 536k) – і гэта толькі ў консультвах на тэрыторыі расеі, без уліку тых, хто падаваўся ў Казахстане, Сакартвэла, Турэччыне і г.д.
Русафобія існуе выключна ў расейскай дзяржаўнай прапагандзе ды ютубах розных там хорошіх рускіх (два бакі аднаго медалю), а Італія – лідар па колькасці выданых візаў, амаль чвэрць прыходзіцца на гэтую краіну.
Магчыма, Сардынія не выглядае прывабна для велікого народа – за чатыры дні ў Кальяры я ўсяго два разы пачуў недзе на вуліцы расейскую мову.
Цудоўны горад!






Так, ну і апошняе пра Castello.
Гэтую частку я пачаў з таго, што район старога горада пачынаецца з Бастыёна Сэн Рэмі, па сумяшчальнасці – асноўнай турыстычнай цікавосткі.
Калі ж заходзіць у Castello з адваротнага боку, то там будзе мо і не так прыгожа, але ж істотна менш турыстаў.
Патрэбна доўга карабкацца ўгару, пакуль не ўпрэцеся вось у такую арку.


Адсюль, да рэчы, больш адчуваецца масштаб пабудаваных фартыфікацый.



Калі зайсці ўнутр аркі, то па левую руку будзе праход да ўсіх будынкаў, пра якія ўжо распавядаў раней.
Па правую – археалагічны музей Кальяры і некалькі маленькіх музейчыкаў.


А вось калі трошкі яшчэ прайсці прама, будзе пляцоўка, з якой адкрываюцца не абы якія краявіды.
















Leave a comment