4. Нурагійцы

Кароткая гісторыя Сардыніі – пра людзей, што жылі і жывуць на востраве пасярод Міжземнамор’я.

У гэтай частцы – розныя артэфакты з музея археалогіі Кальяры.

Быў, значыць, такі народ – нурагійцы. Найдаўнейшыя сведчанні іх дзейнасці датуюцца 18 ст. да н.э. – то бок, амаль чатыры тысячы гадоў таму яны ўжо засялялі Сардынію.

Звесткі пра гэты народ у буквальным сэнсе адкапалі – мяркуецца, што ў ніх не было пісьменнасці, таму адзінай крыніцай ведаў тут з’яўляюцца археолагі.

Адпаведна, як яны самі сябе называлі, якой мовай карысталіся, ну і ў прынцыпе што думалі ды чаго хацелі, дакладна невядома. Шмат тэорый, кожную з якіх бадай што немагчыма неяк верыфікаваць.

Што вядома? Назва паходзіць ад канструкцыі нурага – гэта вежа з буйных камянёў, мясцовыя ў ніх жылі і вялі свой няхітры быт перыяду Бронзавай эры. На жаль, я на Сардыніі не быў нідзе, акрамя Кальяры, таму дзёрнуў вось некалькі здымкаў з розных сайтаў.

Па ўсёй Сардыніі такіх вось нурагаў – больш за 5 тысяч. Захаваліся і рэшткі паселішчаў – выглядае так, што вакол галоўнай вежы будаваліся вежы паменш, шчыльна і ў тым жа стылі. Выключна сардынская архітэктурная спецыфіка.

Этымалогія самога слова “нурага” таксама дакладна невядомая. Акрамя вежаў усё, што засталося ад нурагійцаў – фігуркі з бронзы і вапняка, якія (па ідэе) прысвечаны мясцовым ваярам ды багам.

Найбольш вядомымі з’яўляюцца гіганты Монтэ Прама – некалькі дзесяткаў каменных фігур вышынёй у 2-2.5 метры.

Фігуры знайшлі ў 50 гадоў таму разбітымі на мноства кавалкаў, доўга збіралі, рэстаўравалі і, нарэшце, у 2011 перадалі ў музейныя экспазіцыі. Археолагі прыйшлі да высновы, што стварылі іх недзе за 1000 гадоў да н.э.

Даволі рэдкая знаходка! Калі маленькія антропаморфныя фігуркі (людзей альбо чагосьці падобнага на людзей) выраблялі яшчэ 30-40 тысяч гадоў таму, то вось так каб у поўны рост – нурагійцы былі аднымі з першых. Больш старыя работы ў гэтым рэгіёне знаходзілі толькі ў Старажытным Егіпце.

Што ж, ані практыкаванні ў скульптуры, ані укрэпленыя нурагі ўрэшце не дапамаглі нурагійцам выжыць.

Заняпад і паступовае знікненне нугарыйцаў пачалося з прыбыцця на Сардынію фінікійцаў недзе ў 8 ст. да н.э. Фінікія – сетка гарадоў-дзяржаў на тэрыторыі сучаснага Лівану – тады актыўна каланізавала захад Міжземнамор’я. У прыватнасці, на Сардыніі яны заснавалі горад Каларыс – на сёння вядомы як Кальяры.

Адна з калоній фінікійцаў, заснаваная на тэрыторыі сённяшняга Туніса, паспяхова здабыла незалежнасць, пачала весці сваю каланіяльную палітыку і пазней захапіла Сардынію.

Называлася гэтая калонія Карфаген, і яе ўзмацненне моцна не спадабалася рымлянам. Рым зрэштаю падпарадкаваў сабе і фінікійскія гарады, і Сардынію, ну і Карфаген, як вядома, разбурыў.

Нурагійцы перажылі амаль паўтысячагоддзя суіснавання з фінікійцамі і іх нашчадкамі, затым семьсот гадоў раманізацыі унутры Рымскай імперыі, а пасля падзення Рыма знайшлі сябе ў складзе Візантыі.

Пасля падзення Візантыі востраў пазбавіўся знешняга кіравання, таму за дамінаванне мясцовыя пачалі ваяваць паміж сабой. Так узніклі г.з. юдыкаты – мясцовыя феадальныя утварэнні. Чатыры юдыкаты падзялілі паміж сабой уладу на Сардыніі, разам адбіваючыся ад арабаў, якія з часам амаль цалкам захапілі суседні Іберыйскі паўвостраў.

Калі ў 1324 г. на Сардынію завіталі іспанцы (арагонцы), то ніхто ўжо не памятаў ані пры Рымскую імперыю, ані пра Карфаген – што ж тут казаць пра нейкіх там нурагійцаў.

Што ж, па ўсяму свету ў розны час зніклі сотні, калі не тысячы, розных этнасаў ды цывілізацый – праз асіміліцаю альбо знішчэнне больш рашучымі-развітымі-агрэсіўнымі-удачлівымі-усёгэтаразам суседзямі.

Уласна, як пасля тысячагоддзяў панавання розных народаў Сардынія патрапіла ў склад Італіі?

У 1700 г. іспанскі кароль Карл II Габсбург двінуў коні, не пакінуўшы нашчадкаў, і палова Еўропы сыйшлася ў вайне за тое каб высвятліць, чыя Іспанія.

Сардынія па выніку адышла пад уладу Савойскага герцагства – была такая французска-італьянская дзяржава з цэнтрам у Турыне. Праз дзе-якія фармальнасці герцагства правяло так бы мовіць рэбрэндынг і назвалося Каралеўства Сардынія.

То бок востраў стаў цэлым каралеўствам, хоць усе палітычныя інстытуты і, уласна, сам кароль знаходзіліся на матэрыке.

У 19 ст. праз пашырэнне канцэпцыі нацыяналізма ў Еўропе сталі ўтварацца сучасныя, вядомыя нам сёння дзяржавы – еўрапейцы пачалі аб’ядноўвацца ў палітычныя канструкты паводле культурнай, моўнай і этнічнай блізасці, а не паводле радзінных сувязей манархаў.

У Італіі працэсс аб’яднання дзесяткаў княстваў ды каралеўстваў ва, уласна, адзіную Італію (Рысарджымента) доўжыўся каля 50 гадоў і ўключаў у сябе тры вайны за незалежнасць супраць Аўстра-Вугорскай імперыі, два пахода Джузепэ Гарыбальдзі на Рым і, урэшце, адну адзную італьянскую дзяржаву – абвяшчэнне каралеўства Італія адбылося ў 1861 г.

Цікава тут вось што – фармальна розныя дзяржавы на Апенінах праз галасаванне ўваходзілі ў склад менавіта Сардынскага каралеўства, якоя потым і было перайменавана на Каралеўства Італія, а сардынскі кароль Віктар Імануіл II стаў першым каралём аб’яднанай дзяржавы.

Ці маглі б падумаць аб такім нурагійцы?

Па суседству з археалагічным музеем знаходзіцца музей традыцыйнага сардынскага мастацтва – але ж там усё было на італьянскай (а мо нават і на сардынскай).

Зразумеў толькі, што дываны на сценах віселі не толькі ў нас, ды і паясы бываюць не толькі слуцкія.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).