5. Чыкага

5. Чыкага

Апошняя частка, у якой я разглядаю галоўны пляж Кальяры і камунікую з мясцовымі.

У галоўнага пляжа Кальяры паэтычная назва – Poetto. Праўда, этымалогія гэтага слова мае даволі празаічныя карані – паходзіць ад нейкага іспанскага слова (няма стоадсоткава дакладнай версіі), звязанага ці то з фартыфікацыямі, ці то з партовай інфраструктурай.

Тут у нас восемь кіламетраў пясчанага ўзбярэжжа, шчыльна застаўленага шэзлонгамі, парасонамі, кавярнямі, пляцоўкамі пад валейбол, вось гэтым усім.

Мне падалося, што абсалютная большасць людзей пад парасонамі была італьянцамі, бо бадзяючыся паміж шэзлонгамі, я даволі рэдка чуў іншыя мовы.

Пазней паглядзеў статыстыку па турыстах, ну і так – напрыклад, за 2023 г. Сардынію наведалі 14 млн турыстаў, з ніх большая палова прыходзіцца якраз на італьянацаў. Топ іншаземцаў – Нямеччына, Францыя, Швейцарыя.

Што цікава, у топе наведавальнікаў Сардыніі сярод усіх італьянцаў – менавіта самі сардынцы, якія актыўна ездзяць па розных лакацыях вострава. Цалкам іх разумею.

Агулам, я не люблю ўсё што звязана з пляжным адпачынкам, але тут мне нават спадабалася – еўрапейчыкі грэліся на сонцы, навокал было ціха, спакойна, чыста і цывілізавана. Ніхто не бухаў, не лаяўся, не выясняў адносіны.

Толькі адзін раз пабачыў, як нейкія жанчыны палілі наўпрост седзячы на шэзлонгу і потым спрытна схавалі бычкі ў пясок.

Стоадсоткава якія-небудзь русскоязычные, падумаў я і прыслухаўся, што яны казалі. Праз вецер, мора і перыядычны звон шкляных бутэлек чуваць было не ўсё, але некалькі разоў данеслася выразнае “сукабля” – пазыўны сігнал велікой культуры.

На тэрасе прыбрэжнай кавярні еўрапейчыкі пацягвалі каву і піва, угрызаліся ў паніні і фокачча, гучна смяяліся і агулам атрымоўвалі асалоду ад жыцця. Сярод ніх няспешна разносілі стравы афіцыянты, завісаючы каля кожнага століка на жвавы італьянскі small talk.

Я хацеў проста ўзяць кавы на вынас, таму не стаў займаць сабе месца і адшукаў барную стойку – за ёй нейкі мужык, стоячы да мяне спіной, мыў стаканы (то бок, гэта была напалову барка, напалову кухня з ракавінай). Ён азірнуўся на мяне і нешта сказаў на італьянскай. Я адпавёў на ангельскай, што хацеў бы замовіць кавы.

– No English! – жыццярадасна адгукнуўся ён і працягнуў штосьці казаць мне па-італьянску. Я, бы дурань, проста моўчкі стаяў, спадзяючыся, што неўзабаве прыйдзе хтосьці з яго калегаў, хто валодае ангельскай.

Урэшце ён разабраўся з посудам, павярнуўся да мяне і раптам усклікнуў: Chickago! Chickago Bulls!

– Э? – не зразумеў я.

– You Chickago, si? – ён эмацыянальна тыкаў у мяне пальцам.

Пабойся Бога, мужык, падумаў я. Дзе я, дзе Чыкага.

– Not Chickago, – я вырашыў на ўсялякі выпадак выправіць яго. – Chizhovka.

Ён разразіўся доўгай тырадай па італьянску, з якой я здолеў разабраць толькі штосьці накшталт “амерыкан”, наставіў палец угару, важна сказаў “one minute” і некуды пайшоў.

Як гэта часта бывае з еўрапейцамі, заяўленая хвіліна расцягнулася на дзесяць. Чым далей на Захад, тым даўжэй цягнецца one minute – я да гэтага ўжо звык, таму сціпла разглядаў набор марозіва ў лядоўні і батарэю алкаголю для кактэйляў.

Мужык прывёў з сабой англамоўную калежанку – яна паведаміла, што малюнак на маёй бандане падобны на эмблему Чыкага Буллз, а мужык даўні фанат НБА, таму ён так узбудзіўся. Калі яна са смехам пераклала, што на маёй бандане лобстэры, а баскетбол у апошні раз я бачыў на школьнай фізкультуры, мужык расчаравана цокнуў языком і, згубіўшы да мяне ўсялякі інтарэс, вярнуўся да сваіх стаканаў.

– So, you’re from America, right? – напаўсцвярджальна спытала яна.

– Huh, I wish, – хмыкнуў я. – I’m Belarusian.

Мне падалося, што яна трошкі змяшалася, таму я дадаў загадкавае для еўрапейскага вуха “from Belarus”.

– Where is it? – заканамерна спытала яна.

Я паперабіраў у галаве розныя варыянты, як ёй патлумачыць, дзе мой край.

Where Belawiezha sings its endless song?
Where Nioman remembers the enemies blood?

Я патлумачыў, малюючы ў паветры ўяўную мапу Еўропы. Яна пацокала языком.

– So, nothing common with the US, – заключыў я.

– Yeah, seems so, – пагадзілася яна. – Well, what you would like to order?

Я папрасіў амерыкана, і яна хіхікнула ў адказ.

– You sound pretty American though, – заўважыла яна, падаючы мне маленькі стаканчык эспрэса. Італьянцам агулам па барабану, што ты там замаўляеш, яны самі абяруць, што табе больш пасуе.

Калі што, “ты размаўляеш бы амерыканец” – не камплімент. У перакладзе з ветлівага гэта значыць “ты размаўляеш занадта хутка, я не разумею”.

Я хацеў пажартаваць, што яна проста ніколі ў жыцці не размаўляла з амерыканцамі, бо яны тут былі ў апошні раз яшчэ ў 43-м, але ж неяк утрымаўся.

Акрамя непасрэдна адпачываючых, на пляжы можна было назіраць яшчэ дзве групы людзей. Першая – рабяты, якія ўласна кіравалі распадзелам шэзлонгаў і парасаноў, збіралі за ніх аплату і паказвалі турыстам, дзе туалеты.

Я не прыдумаў, як іх назваць адным словам. Супрацоўнікі пляжу? Працэс маёй уласнай дэрусіфікацыі трывае, але ж складана вось так за адзін раз пазбавіцца адбіткаў велікой культуры велікого народа – таму ў галаве ўвесь час круцілася штосьці накшталт “смотряшіе за пляжем”.

Другая група – мігранты, якія хадзілі ад шэзлонгу да шэзлонгу каб прадаваць усялякія дробязі. Hello mister, гучала нада мной, і стомлены мужык пачынаў трасці перад маім тварам браслетамі, рушнікамі, сукенкамі, усім запар, што можна ўцюхаць даверлівым еўрапеоідам за дзесяць еўра.

Я лівануў з Беларусі даўно, і за гэты час якой толькі фігнёй не займаўся, каб пракарміцца – і лядоўні перапрадаваў, і вяселлі вёў, і ежу краў, і па школах буклеты разносіў.

Абсалютна не мае значэння, чым там у будучыні я буду займацца, колькі буду зарабляць і дзе буду жыць – ментальна я назаўсёды застануся бліжэй да гэтых хлопцаў, чым да кайфуючых пад сонцам еўрапейчыкаў.

Застаў сітуацыю, калі адзін з гандляроў падышоў павітацца да супрацоўнікаў пляжу.

– Алі-Баба, Алі-Баба! – радасна закрычалі яны.

Ідэю даваць людзям мянушкі горача падтрымліваю. Я напрыдумляў можа з сотню розных, з якіх дзе-якія прыжыліся і зажылі сваім самастойным жыццём, незалежна ад гісторыі, якая прывяла да іх з’яўлення.

Так, сярод людзей, што вучыліся, працавалі альбо сябравалі са мной, былі Мопс, Тапок, Жёлтый, Дерзкій, Іісус, Бегемотік, Б’ёрндален, Кронос, Козырь, Распіздопола, Мякіш, Шлепок, Геббельс і дзесяткі іншых, якіх я ўжо не ўзгадаю.

Жёлтый – гэта мой аднакласнік, які быў знешне вельмі падобны на цукерку M&M’s з рэкламы (там былі жоўтая і чырвоная), Б’ёрндален неяк напіўся у студэнцкім інтэрнаце і ў агульнай умывалцы забляваў пяць ракавін з шасці, Геббельс выкладаў у мяне філасофію ва ўніверы, ну і г.д.

Зрэшты, Алі-Баба – не такі ўжо і кепскі варыянт.

Дадам да гэтай часткі яшчэ і трохі начнога (хаця хутчэй вечаровага) Кальяры.

Маё асноўнае хоббі – бадзяцца па незнаёмых гарадах навобмацак у цемры.

У мяне ёсць цэлая серыя такіх здымкаў з розных гарадоў – мне падабаецца праз шкло разглядаць манекены.

Спадзяюся, гэта ўзаемна.

POV: ты ў Беларусі абіраеш куды паехаць на мора.

Тут я ўзгадаў, як мільён гадоў таму мы з сябрамі напіліся, я знайшоў на сметніку нейкую канапу, лёг на яе і дэкламаваў мінакам вершы.

Потым мы гэтую канапу забралі з сабой, неяк запіхалі яе ў багажнік таксоўкі і павязлі дамой да іншага сябра, які тады не піў з намі – але ён чамусьці адмовіўся прымаць такі падарунак.

Дарма.

Напрыканцы распавяду яшчэ караценькую гісторыю.

Калі вылятаў у Польшчу, то спыніўся каля вось гэтай каровы.

Побач ішла маладая сям’я з маленькім дзіцёнкам, мне падалося, што ён нядаўна навучыўся хадзіць і размаўляць.

Хлопчык захоплена паглядзеў на яе, замахаў ручкамі прыцягваючы ўвагу бацькоў, ткнуў у бок каровы пальчыкам і па слогах громка вымавіў: мук-ка!

Бацькі паўсміхаліся, паківалі, маўляў, так-так, вядома, mucca (то бок, карова па-італьянку), але нам на самалёт ужо трэба.

Яны пайшлі наперад, але хлопчык усё аглядаўся і громка казаў мук-ка!

Мне так гэта спадабалася, і сама сцэнка, і нават больш тое, наколькі гэта проста і лагічна – даваць жывёлам назву паводле гукаў, якія яны выдаюць.

Я падумаў, што з задавальненнем паглядзеў бы мульцік пра кароўку, свінку і коціка, герояў якога звалі бы, адпаведна, Мукка, Хрюкка і Мяукка.

Чамусьці гэты каламбур неверагодна мяне развесяліў, так што Італію я пакідаў у добрым настроі.

Leave a comment

Здароў!

Гэта падарожны дзённік, у якім я распавядаю пра гісторыю і культуру наведаных краін, шукаю падабенствы з Беларуссю, рэфлексую рэчаіснасць і патроху дэрусіфікуюся (чаго і вам зычу).